Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Саюз палякаў просіць Лукашэнку абвясьціць жалобу


Склад афіцыйнай дэлегацыі Беларусі, якая возьме ўдзел у пахаваньні прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, пакуль ня вызначаны. Афіцыйны Саюз палякаў Беларусі зьвярнуўся да ўладаў з заклікам абвясьціць у нядзелю дзень жалобы.


Паводле прэсавага сакратара Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэя Савіных, склад афіцыйнай дэлегацыі, якая паедзе на пахаваньне прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, пакуль удакладняецца.

«Абавязкова дэлегацыя высокага ўзроўню возьме ўдзел у гэтых мерапрыемствах. Склад дэлегацыі ў дадзены момант узгадняецца.

Афіцыйнага запрашэньня на ўдзел у пахаваньні не патрабуецца. Пра гэта сказаў прэсавы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук.

«Гэта, так бы мовіць, паведамляецца. На пахаваньне не запрашаюць. Гэта ўзгадняецца ў двухбаковых кансультацыях, і ўсё. То бок афіцыйна не патрэбнае запрашэньне. Як на пахаваньне, карацей кажучы».

Старшыня праўладнага Саюзу палякаў Беларусі Станіслаў Сямашка паведаміў, што ён разам з дэлегацыяй сваёй арганізацыі накіруецца на пахаваньне прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага і цяпер займаецца адкрыцьцём візаў. Ён кажа, што візавыя абмежаваньні для сяброў СПБ зьнятыя, і, магчыма, на ўвесь час.

«Падчас бяды зьмякчыць боль людзям, усяму народу — самая галоўная пакуль стаіць задача. Наша задача, Саюзу палякаў — зьмякчыць боль. Па ўсіх саюзах палякаў прыспушчаныя сьцягі. Смуткуем. Гэта бяда страшнага маштабу».

Афіцыйнага пацьверджаньня словам Сямашкі пра зьняцьцё візавых абмежаваньняў няма.

Як ставіцца спадар Сямашка да таго, што беларускі ўрад пакуль не абвясьціў дня жалобы ў краіне?

«Мы выступілі з прапановай да кіраўніцтва краіны ад Саюзу палякаў, каб аб’явілі жалобу ў дзень пахаваньня, у нядзелю, у нас у Беларусі. Папрасілі наша кіраўніцтва краіны, каб таксама зрабілі днём жалобы. Адказу пакуль няма».

Як паведаміў кіраўнік прэс-службы дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка, беларускія памежнікі прапускалі родных загіблых у авіякатастрофе пад Смаленскам, хаця большая частка іх едзе наўпрост у Маскву, дзе ідзе апазнаньне целаў. Празь Беларусь патокі невялікія, хаця сваякі маюць магчымасьць праехаць празь беларускую тэрыторыю бязь візаў.

«Паводле апошніх дадзеных, з 10-га па 13-га красавіка 22 грамадзян былі прапушчаныя бязь візаў у Віцебскім аэрапорце, трое чалавек — праз пункт пропуску „Варшаўскі мост“, адзін чалавек — праз пункт пропуску „Брузгі“ і адзін чалавек — праз пункт пропуску „Пясчатка“. Гэта тыя, у каго не было візаў. Усяго 27 чалавек, у каго не было візаў, былі прапушчаныя ў бязьвізавым парадку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG