Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі бяссоньніца можа быць лекам


Ці можа бяссоньніца мець нейкую карысьць? Што добрага можа прынесьці доўгая пакутлівая ноч бяз сну? Прафэсар Тэры Сяйноўскі , сябра Інстытуту мэдыцыны Нацыянальнай акадэміі навук ЗША і дасьледчык шэрагу амэрыканскіх унівэрсытэтаў, піша пра нечаканую карысьць бяссоньніцы на сайце New York Times.


Прафэсар Сяйноўскі лічыць, што ў некаторых выпадках бяссоньніца можа быць лекам. У прыватнасьці, такі мэтад ён прапануе выкарыстоўваць для лячэньня пасьляродавай дэпрэсіі. Як вядома, ад 5 да 25 працэнтаў парадзіх цягам першых месяцаў пасьля нараджэньня дзіцяці зьведваюць сум, стомленасьць, бываюць плаксівымі і раздражнёнымі. Існуе просты спосаб вылечыць пасьляродавую дэпрэсію на працягу некалькіх гадзін: пазбавіць маці сну.

Гэты спосаб выглядае даволі нечаканым і малавядомым па-за вузкім колам дасьледчыкаў. Тым ня менш, паводле прафэсара Сяйноўскага, яго выснову пацьвердзілі назіраньні больш як 1700 пацыентаў на працягу 40 гадоў. Пазбаўленьне сну, паводле яго цьверджаньня, даволі эфэктыўна і надзейна памагае супраць дэпрэсіі і у некаторых выпадках бяссоньніца можа нават выклікаць эўфарыю.

Чаму ж тады гэты сродак, так бы мовіць, не прапісваюць дактары? Па-першае, сапраўды таму, што выпісаць або прыняць таблеткі прасьцей за ўсё. Па-другое, доўгае пазбаўленьне сну можа прывесьці да іншых непажаданых чыньнікаў – такіх як зьніжэньне памяці, уплыў на працоўныя функцыі і эфэктыўнасьць прыняцьця рашэньняў. І ўрэшце, кажуць, што дэпрэсія вяртаецца да маладых маці, калі яны троху высьпяцца...

Лекары –нэўролягі спрабуюць вырашыць гэтую галаваломку. Яны імкнуцца больш дэталёва прыгледзецца, што ж адбываецца ў кары галаўнога мозгу падчас сну. Некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што пазбаўленьне чалавека сну, або падаўжэньне пэрыяду так бы мовіць раньняга , неглыбокага сну дзейнічае гэтаксама, як і некаторыя лекі-антыдэпрэсанты. Гэта захапляльная навіна як для дасьледчыкаў, так і для мільёнаў людзей, якія падвержаныя дэпрэсіям і дрэннаму настрою. Але для тых, хто пакутуе ад бяссоньніцы, наўрад ці здасца добрай парада папакутаваць бяз сну яшчэ адну ноч: ім можа быць яшчэ горш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG