Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцыя "топіць" Эўра


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings канстатавала паглыбленьне бюджэтнага крызісу ў Грэцыі і спрагназавала далейшае пагаршэньне сытуацыі.

Сувэрэнны рэйтынг краіны, які вымярае яе здольнасьць вяртаць пазыкі, панізіўся з "трайнога B" на "трайное B зь мінусам" пры нэгатыўным прагнозе на будучыню. Афінам зараз будзе яшчэ складаней пазычаць грошы на міжнародных фінансавых рынках і прыйдзецца плаціць вышэйшыя працэнты.

Грэцыя ўжо мае надзвычай высокі ўзровень запазычанасьці, які пагражае краіне банкруцтвам. Звароты Афінаў па фінансавую падтрымку да астатніх краінаў Эўразьвязу пакуль не прынесьлі вынікаў.

Грэцкі крызіс аказвае моцны ціск на эўра. Чакаецца, што прагноз Fitch можа прывесьці да далейшага падзеньня агульнаэўрапейскай валюты.

Неадкладнай рэакцыяй на публікацыю рэйтынгу стаў, аднак, спэкулятыўны скачок эўрапейскай валюты ў адносінах да даляра. Біржавыя маклеры паставілі на тое, што кепскія навіны падштурхнуць краіны Эўразьвязу да выдзяленьня Афінам фінансавай дапамогі.
XS
SM
MD
LG