Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для консульстваў 100-гадовыя беларускія пашпарты — па-за законам


Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі наладзіла тэхнічны брыфінг з нагоды ўступленьня ў сілу з 5 красавіка 2010 году новага Візавага кодэксу.

У адпаведнасьці з задумай, дакумэнт павінен падвысіць узровень празрыстасьці, умацаваць прававую бясьпеку і гарантаваць умовы роўнага стаўленьня да ўсіх грамадзянаў, якія падаюць заяўкі на атрыманьне Шэнгенскай візы.

Кіраўнік аддзелу праектаў Прадстаўніцтва Эўразьвязу ва Ўкраіне і Беларусі Міхаэль Фогеле падкрэсьліў: цяпер важна як мага шырэй праінфармаваць людзей пра некаторыя нюансы новага Візавага кодэксу:

«Той дакумэнт, пра які мы будзем сёньня гаварыць, — Візавы кодэкс Эўразьвязу, — сам па сабе ня вельмі новы. Ён быў прыняты ў чэрвені 2009 году. Але зараз, калі кодэкс уступае ў сілу, зьяўляецца шмат пытаньняў, якія тычацца гэтага дакумэнту. Таму мэта сёньняшняга тэхнічнага брыфінгу — перадусім інфармаваньне грамадзкасьці».

Найперш трэба ведаць, што агульная візавая палітыка «Шэнгенскае супрацоўніцтва» тычыцца 22 краінаў Эўразьвязу, трох асацыяваных дзяржаў (Нарвэгія, Ісьляндыя і Швайцарыя), а таксама Баўгарыі, Кіпру і Румыніі, якія выконваюць адпаведнае заканадаўства часткова. Злучанае Каралеўства і Ірляндыя не бяруць удзелу ў «Шэнгенскім супрацоўніцтве» і ўжываюць нацыянальныя правілы. Візавы кодэкс прадпісвае, што Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў той ці іншай краіне выконвае ролю каардынатара, які забясьпечвае Шэнгенскае супрацоўніцтва на месцах.

Адна з галоўных задачаў кодэксу — гарманізацыя працэдураў афармленьня візаў усімі зацікаўленымі дзяржавамі. Гэта тычыцца перадусім агульнага пераліку дакумэнтаў, неабходных для паходу ў консульскія ўстановы, і аднолькавых патрабаваньняў да анкеты. Апошняя, дарэчы, стане карацейшая і больш зразумелая для запаўненьня. Дагэтуль дыппрадстаўніцтвы кіраваліся «сумесьсю» прававых правілаў і самастойна напрацаванай практыкі.

Дэкляруецца агульны для ўсіх тэрмін разгляду дакумэнтаў на атрыманьне візы — два тыдні.

Аднак пры гэтым удакладняецца: асабліва «цяжкія» выпадкі, якія патрабуюць збору дадатковай інфармацыі пра заяўніка, могуць расьцягнуць чаканьне да 30 і нават да 60 дзён.

Асаблівае патрабаваньне да пашпарту: ягоны максымальны 10-гадовы ўзрост не аспрэчваецца.

Грамадзянаў Беларусі гэта тычыцца ў першую чаргу. У Беларусі нацыянальныя пашпарты выдаюцца практычна пажыцьцёва: ад зьмены пашпарта ў 45 гадоў — да 100-гадовага ўзросту ад дня нараджэньня.

Ня варта чакаць у агляднай пэрспэктыве і паўсюднага збору біямэтрычных зьвестак. У Прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі лічаць, што прынамсі сёлета ніводная консульская ўстанова ў краіне не плянуе пераходу да масавага архіваваньня адбіткаў пальцаў. Абавязковай працэдура збору біямэтрычных дадзеных стане толькі пасьля таго, як завершыцца ўкараненьне так званай Інфармацыйнай візавай сыстэмы ва ўсіх частках сьвету. Сёлета такая сыстэма пачне працаваць толькі ў Паўночнай Афрыцы.

Безумоўным дасягненьнем распрацоўнікі Візавага кодэксу лічаць абавязковае для ўсіх консульскіх службаў тлумачэньне прычынаў у адмове візы. Раней гэта заставалася ўнутранай справай той ці іншай амбасады, а заяўнік часта губляўся ў здагадках: што зь яго боку зроблена неадпаведным чынам? З красавіка 2011 году любы чалавек, незадаволены вынікам супрацоўніцтва з консульскім падразьдзяленьнем, атрымае права на апэляцыю і абскарджаньне.

Бязь зьменаў застаецца правіла прэрагатыўнага ўезду ў краіну, амбасада якой выдала заяўніку візу. Калі чалавек зьбіраецца з аднолькавым імпэтам наведваць некалькі дзяржаваў (прыкладам, Літву і Польшчу), то зыходзіць усё роўна трэба з прыярытэту паездак. І па візу ісьці ў адпаведныя консульствы.

Нарэшце, адно з самых надзённых для беларусаў пытаньняў — кошт візы. Тут зьменаў у агляднай будучыні чакаць цяжка. Шэнгенская віза для грамадзянаў Беларусі застаецца адной з самых дарагіх у Эўропе — 60 эўра (для расейцаў ды ўкраінцаў тарыфная стаўка амаль удвая меншая — 35 эўра). Далейшыя пэрспэктывы залежаць найперш ад палітычнай волі кіраўніцтва Беларусі, якое не дае шмат падставаў для візавай «адлігі».

У лістападзе заплянаваны новы раўнд перамоваў з эўрапейскімі інстытуцыямі наконт магчымасьці падпісаньня дамовы аб паслабленьні ў візавых коштах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG