Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве няма кансэнсусу наконт прадстаўніцтва Беларусі ў “Эўранэсьце”


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Старшыня камітэту па справах эўраінтэграцыі Вярхоўнай Рады Ўкраіны Барыс Тарасюк заявіў 8 красавіка, што прадстаўляць Беларусь у «Эўранэсьце» (Парлямэнцкай асамблеі праграмы «Ўсходняе партнэрства»), на погляд камітэту, павінны 20 чалавек: па 10 — ад Нацыянальнага сходу і апазыцыі.

Гэтую пазыцыю, як старшыня профільнага камітэту ўкраінскага парлямэнту, ён будзе адстойваць і перад сьпікерам Вярхоўнай Рады Ўладзімерам Літвіным, і перад кіраўніцтвам Эўрапарлямэнту.

Сёньня сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Анатоль Лябедзька, які знаходзіцца ў Кіеве, атрымаў адказы на пытаньні АДС, што тычацца пазыцыі Ўкраіны на прадстаўніцтва Беларусі ў «Эўранесьце» — Парлямэнцкай асамблеі праграмы «Усходняе партнэрства». Старшыня камітэту па справах эўраінтэграцыі Барыс Тарасюк пацьвердзіў: сьпікер Рады Ўладзімер Літвін сапраўды падпісаў супольны ліст шасьці сьпікераў зь краінаў-удзельніцаў «Усходняга партнэрства». Яны лічаць мэтазгодным супольна працаваць толькі на роўні парлямэнтароў, без уключэньня ў Парлямэнцкую асамблею прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Спадар Літвін прызнаў: ні на сэсіі, ні ў калегіяльных парлямэнцкіх структурах, ні ў профільным парлямэнцкім камітэце тэкст ліста ён не абмяркоўваў. Сьпікер лічыць — паколькі ён мае права прадстаўляць нацыянальны парлямэнт на міжнароднай арэне, то мае права і на такі ліст.

Барыс Тарасюк назваў гэту пазыцыю сьпікера хісткай. Ён згадаў, як былы сьпікер Вярхоўнай рады Арсэні Яцэнюк у падобнай сытуацыі падпісаў зварот да НАТО. І гэта скончылася вялікім скандалам.

Пазыцыю камітэту наконт удзелу Беларусі ў «Эўранэсьце» спадар Тарасюк выклаў Анатолю Лябедзьку:

«Бальшыня выказалася за формулу «10+10»: 10 — ад улады і 10 — ад апазыцыі. Але з розным статусам. І Тарасюк адзначыў: калі іх прапанова ня будзе мець падтрымкі ў Эўрапарлямэнце, то ён гарантуе як мінімум 5 галасоў зь 10 украінскай дэлегацыі, якія будуць падтрымліваць формулу «5+5». Калі спатрэбіцца такое галасаваньне.
У адных (дэпутатаў) статус паўнавартасны, а ў другіх (апазыцыі) — назіральнікаў, бяз права галасаваньня.


Карэспандэнт: «А што азначае „з розным статусам“?»

«Гэта азначае, што ў адных (дэпутатаў) статус паўнавартасны, а ў другіх (апазыцыі) — назіральнікаў, бяз права галасаваньня».

Палітоляг Алесь Лагвінец добра ведае сытуацыю з «Эўранэстам». Перамовы ў Кіеве ён камэнтуе так:

«Сытуацыя застаецца застылай. Калі нават украінскі парлямэнт зьменіць сваё меркаваньне, то гэта будзе толькі адзін зь пяці парлямэнтаў, не лічачы беларускага. Абставіны падпісаньня ліста паказваюць, што гэта было аднаасобнае рашэньне сьпікераў.

Мне падаецца, што нягледзячы на пазытыўны момант з парлямэнтам Украіны, у дачыненьнях з парлямэнтамі Азэрбайджану, Армэніі і, магчыма, нават Грузіі цяжка будзе разьлічваць на такія зрухі».

Палітоляг тлумачыць: Грузія надзвычай зацікаўленая ў тым, каб Беларусь не прызнала сувэрэнітэт і незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Дзеля гэтага яна вымушана падтрымліваць афіцыйны Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG