Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіеў не складае паўнамоцтвы, часовы ўрад утаймоўвае рабаўнікоў


Прэзыдэнт К. Бакіеў заявіў, што не складае зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка Кіргізстану. Яго зварот да грамадзянаў краіны зьмяшчае кіргіскае агенцтва "24.kg". Бакіеў адзначае, што гатовы несьці адказнасьць за падзеі ў краіне, калі яго віна будзе даказаная справядлівым нестароньнім расьледаваньнем. Бакіеў таксама паведаміў, што ён знаходзіцца на поўдні Кіргізстану і не зьбіраецца пакідаць краіну.

Тым часам выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Кіргізстану Балот Шэрніязаў аддаў загад сілам бясьпекі прымяняць агнястрэльную зброю супраць рабаўнікоў. У заяве па нацыянальным тэлебачаньні Шэрніязаў сказаў: “Сёньня я распарадзіўся выкарыстоўваць зброю супраць марадэраў”.

Гэты зварот прагучаў на фоне хвалі рабаваньняў , якія пракаціліся ў Бішкеку і іншых гарадах краіны. Раней паведамлялася, што міністр унутраных спраў ураду Бакіева - Кангаціеў знаходзіцца ў цяжкім стане пасьля таго, як у горадзе Талас яго зьбілі мітынгуючыя.
XS
SM
MD
LG