Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталінскія рэпрэсіі і Галакост у гісторыі магілёўскага габрэйства


Сёньня ў Палацы культуры Магілёўшчыны адбудзецца прэзэнтацыя кнігі “Гісторыя магілёўскага габрэйства. Дакумэнты й людзі”. У ёй сабраныя зьвесткі пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, Галакосту і ўдзеле габрэяў у вайсковых злучэньнях супраціву фашыстам.

“Гісторыю магілёўскага габрэйства” пісалі на матэрыяле з архіваў Нямеччыны, Ізраілю ды Беларусі. У ёй шмат успамінаў непасрэдных удзельнікаў тых трагічных часоў, а таксама сваякоў тых, хто не дажыў да сёньняшніх дзён.

Кніжка, якую прадставяць магілёўскай публіцы яе аўтары Іда Шандаровіч і Аляксандар Ліцін, трэцяя ў сэрыі “Гісторыя магілёўскага габрэйства. Дакумэнты й людзі”. У папярэдніх дзьвюх аўтары апавядалі пра габрэйская жыцьцё ад канца XVIII стагодзьдзя да канца 30 гадоў XX стагодзьдзя. Матэрыялы для прэзэнтаванай кнігі аўтары зьбіралі больш за дзесяць гадоў:

Аляксандар Ліцін
“Аснова кнігі гэта матэрыялы знойдзеныя ў архівах Магілёву і Менску, а таксама архіве Яд Вашэм з Ізраілю. Дужа шмат унікальных фотаздымкаў з прыватных калекцыяў, а таксама з фэдэральнага архіву Нямеччыны, якія раней практычна не былі вядомыя. Наклад 500 асобнікаў. Дастаткова невялікі, але пакуль яго хапае”, – зазначае магілёўскі фатограф Аляксандар Ліцін.

Акрамя беларускіх і нямецкіх архіваў зьвесткі пра лёсы габрэяў Магілёўшчыны аўтары шукалі ў Швэйцарыі і праваабарончай расейскай арганізацыі “Мэмарыял". У кнізе зьмешчаны сьпіс 633 рэпрэсаваных габрэяў рэгіёну. Аўтары прызнаюць, што ён далёка ня поўны. Колькі загінула габрэяў ад фашыстаў на Магілёўшчыне дакладных зьвестак няма. Толькі ў адным Магілёве загінулі больш за дзесяць тысяч чалавек у мясцовага гета.

Іда Шандаровіч
“Гэтая кніжка не аналізуе падзеі. Гэта наратыўная гісторыя. Вялікая гісторыя расказаная маленькімі людзьмі з абсалютна рознымі лёсамі. Недзе лёсы тыповыя для таго часу, а недзе ўнікальныя. Напрыклад тых хто выжыў у гета, у партызанскім атрадзе, падпольшчыках”, – адзначае ўнікальнасьць кнігі Іда Шандаровіч.

Аўтары здолелі дасьледаваць лёсы больш за дзьвесьце чалавек, якія прайшлі пекла сталінскіх рэпрэсіяў, Галакосту ды франтоў Другой Сусьветнай вайны. Кніжка не прэтэндуе на вычарпальнасьць зьвестак, кажуць яе ўкладальнікі, яна першы крок у дасьледаваньні трагічных часоў габрэйскай гісторыі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Палацы культуры Магілёўшчыны, у Белай залі а 18-й гадзіне.

“Гісторыя магілёўскага габрэйства”, другая частка другой кнігі, прэзэнтацыя якой адбудзецца сёньня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG