Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пракаціў Пуцін нашага прэзыдэнта”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 5 красавіка.


2 красавіка прэм’ер-міністар Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімер Пуцін наведаў Вэнэсуэлу. Вынікам сустрэчы стаў крэдыт у памеры больш за 2 мільярды даляраў, які Расея зьбіраецца выдзеліць гэтай краіне, а таксама значнае пашырэньне супрацоўніцтва Расеі і Вэнэсуэлы ў нафтагазавай сфэры. Слухачы “Свабоды” камэнтуюць сустрэчу прэзыдэнтаў Пуціна і Чавэса. Кароткі водгук нашага слухача:

Спадар: "Пракаціў Пуцін нашага прэзыдэнта. Зараз і ў Вэнэсуэле будзем купляць расейскую нафту".

Слухачы працягваюць выказвацца пра выбары. І ня толькі пра выбары ў мясцовыя Саветы, дата якіх прызначаная на 25 красавіка, але і пра прэзыдэнцкія, якія павінны адбыцца ў наступным годзе.

Спадар: "У мяне ёсьць пытаньне да юрыстаў. Я ня ведаю, вось і сумняюся. Ужо Лукашэнка на пасадзе прэзыдэнта знаходзіцца 16 гадоў. За гэты пэрыяд ужо вырасла новае пакаленьне. І дакуль будзе дзейнічаць гэты скасаваны рэфэрэндум? Я ня ведаю, гэтыя людзі ня ўдзельнічалі ў рэфэрэндуме, яны будуць ужо галасаваць. Чаму яны павінны галасаваць паводле гэтага рэфэрэндуму?"

На пытаньне слухача адказвае старшыня праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Алег Гулак:

Алег Гулак: “У існуючай Канстытуцыі рэфэрэндумам зьнята палажэньне, якое абмяжоўвала магчымасьць прэзыдэнта балятавацца на новы тэрмін толькі двума разамі. І зараз прэзыдэнт, любы прэзыдэнт, дарэчы, можа балятавацца на гэты пост неабмежаваную колькасьць разоў. З пункту гледжаньня закону гэта менавіта так. Канечне, з пункту гледжаньня і традыцыі, і паліталёгіі, і здаровага сэнсу, на маю думку, усе ж такія абмежаваньні карысна ўводзіць, таму што які б разумны, харошы і талковы прэзыдэнт ні быў, тым ня менш трэба даваць магчымасьць прыходзіць новым людзям, новым ідэям, каб краіна магла разьвівацца, а ня толькі стабільна існаваць. Але зараз паводле заканадаўства маем тое, што маем. Для таго, каб гэта зьмяняць, па-першае, грамадзяне могуць аддаваць свой голас падчас выбараў, а таксама адстойваць сваё права на зроблены выбар. Ну, а таксама можна дабівацца зьменаў у канстытуцыі. Але гэта, ізноў жа, можна зрабіць толькі шляхам рэфэрэндуму".

У Вярхоўным судзе працягваецца разгляд справы супраць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі. Слухачы “Свабоды” рэагуюць на гэтую падзею:

Спадар, Барысаў: "Адгукнуцца абавязкова. Судовая справа супраць Аўтуховіча Мікалая — нейкае глупства. Бо былы старшыня аблвыканкаму Саўчанка супраць Мікалая прэтэнзій ня мае. Суд гаворыць пра тэракт, а сьведкі кажуць: гэта ня так. Калі пракуратуры і суду няма чаго рабіць, няхай едуць у калгас буракі і бульбу садзіць. Можа, на калгасным полі іх мазгоў стане болей".

Віктар Буто, Менск: "Судовыя працэсы ці звычайныя расправы над Тацянай Шапуцькай, Аўтуховічам і многімі іншымі іншадумцамі-апазыцыянэрамі паказваюць, што абарона яшчэ не гатовая нават часткова выконваць свае абавязкі перад невінаватымі, якімі яна апякуецца. Выкарыстоўваюць толькі тое, што падкідаюць несумленныя вэртыкальшчыкі і іх падначаленыя: то бок ілжывае, непраўдзівае, што ажыцьцяўляецца праз так званых ліпавых сьведкаў".

Аўтары тэлефанаваньняў адгукаюцца на працу Радыё Свабода:

Спадар: "Часам вы даяце выказацца пісьменьнікам, паэтам. Гэта цудоўна. Але, калі ласка, не цягніце вы халтурную літаратуру да сябе. Людзям трэба даваць узоры добрага, каб гэта натхняла, каб гэта прыгожа было, а не пахабныя нейкія вершы, каб не набор нейкіх словаў. Там нічога, аніякай паэзіі няма. Ня будзьце падобнымі да расейскіх каналаў".

Адказвае намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, аўтар праграмаў "Вольная студыя" і "Дом літаратара" Міхась Скобла:

Спадар Скобла: “Калі шаноўны слухач мае на ўвазе перадачу “Дом літаратара”, то мы акурат і стараемся даваць у эфір творы знаных майстроў слова, для якіх шлях да чытача ў сёньняшняй Беларусі абмежаваны. Паўтаруся, крытэрый нумар адзін тут — якасьць. Што да ненарматыўнай лексыкі, якая сапраўды мела месца ў адным з апошніх выпускаў перадачы, а менавіта ў паэме аднаго нашага сталага аўтара, то падобная лексыка — неад’емны атрыбут ягонай творчасьці, і празаічнай, і паэтычнай. Дзеля справядлівасьці скажу, што ў “Доме літаратара” ненарматыўная лексыка гучыць надзвычай рэдка, калі гэтага вымагае стыль і экспрэсія твору. І ўсё ж, спадарства, давайце будзем больш цярплівымі. Падобныя словы сустракаліся і ў Якуба Коласа, і ў Аляксандра Пушкіна. І ад гэтага яны для нас не становяцца меншымі клясыкамі".

Шаноўныя слухачы!

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG