Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамнёва зноў затрымалі, але «Витебский курьер» не знайшлі


Заснавальніка газэты Віктара Рамнёва затрымалі недалёка ад Віцебску. Машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ і патлумачылі, што затрымліваюць кіроўцу за перавозку газэты.

Тут жа, за некалькі кілямэтраў ад Віцебску, быў складзены пратакол затрыманьня, але спадар Рамнёў адмовіўся паказваць супрацоўнікам міліцыі, што знаходзіцца ўнутры машыны. Супрацоўнікі РАУС Віцебскага раёну загадалі Віктару Рамнёву ехаць зь імі ў пастарунак.

У райаддзел міліцыі прыехаў і праваабаронца Павал Левінаў. Спадары Левінаў і Рамнёў настаялі, каб міліцыянты ня проста агледзелі машыну, але й складалі пратакол дагляду. Але газэт у машыне не было, і супрацоўнікам міліцыі давялося прызнаць, што затрыманьне было дарэмным. Затое Віктар Рамнёў даведаўся, што на аўтамабіль ёсьць міліцэйская «арыенціроўка» — яго загадана спыняць і абшукваць, бо ўжо некалькі разоў у ім сапраўды перавозілі са смаленскай друкарні газэту «Витебский курьер» .

Выданьне друкуецца ў Смаленску, яно зарэгістравана ў Расеі, але беларускія міліцыянты пачалі пэрыядычна затрымліваць Віктара Рамнёва «за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных».

Толькі ўчора ў яго сканфіскавалі 53 асобнікі выданьня ў Першамайскім РАУС Віцебску. 8 красавіка мае адбыцца судовы разгляд складзенага на спадара Рамнёва міліцэйскага пратаколу.

25 сакавіка міліцыянты Лёзьненскага РАУС затрымалі машыну спадара Рамнёва недалёка ад расейска-беларускай мяжы і сканфіскавалі ўвесь наклад газэты — 10 тысяч асобнікаў. А ўвечары таго самага дня заснавальніка газэты пакаралі штрафам: 1,2 мільёна рублёў ён мусіць заплаціць за тое, што вёз газэту ў Віцебск, бо перавозка выданьня таксама лічыцца распаўсюдам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG