Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны могуць забраць пашпарт, але ня могуць забраць радзіму”


Госьць “Начной Свабоды” – былы палітвязень, адзін з арганізатараў сайту «Беларускі партызан”, журналіст Павал Шарамет.









СЛУХАЦЬ:


Соўсь
: Павал, толькі пазаўчора ў эфіры Начной Свабоды мы гутарылі пра зварот прадстаўнікоў вэтэранскіх арганізацый з пратэстам супраць назвы сайту “Беларускі партызан”. І вось ужо сёньня такі працяг атрымаўся – беларуская амбасада ў Маскве паінфармавала вас аб тым, што вас пазбавілі беларускага грамадзянства з той прычыны, што вы маеце ўжо расейскае грамадзянства. Скажыце, калі ласка, вам шкада беларускага грамадзянства? Што вы губляеце разам зь ім?

Шарамет: Нечаканае для мяне пытаньне. Гэта цэлы дзень сьвярбіць у душы. З аднаго боку я ўгаворваю сябе ў тым, што пашпарт – толькі паперка, якая нічога ня вартая, ёсьць дзяржава, а ёсьць радзіма... Сапраўды гэта ўдар... Яны могуць забраць пашпарт, але ня могуць забраць радзіму.

Соўсь: Вы апублікавалі шэраг вельмі вострых артыкулаў пра беларускіх “маладых ваўкоў” на чале з Віктарам Лукашэнкам і пра канфлікт паміж КДБ і МУС ў расейскіх выданьнях, у "Аганьку", на сайце "Беларускі партызан". Як вам падаецца, ці ня тут прычына рашэньня пазбавіць вас грамадзянства? Ці можна гаварыць пра асабістую помсту вам?

Шарамет: Ідзе спэцапэрацыя, ідзе маштабная спэцапэрацыя супраць беларускіх журналістаў, супраць тых, хто яшчэ знаходзіць у сабе сілы крытыкаваць уладу, гаварыць праўду людзям. І тое, што адбылося – адзін з элемэнтаў гэтай спэцапэрацыі. Ідзе татальная вайна, і тыя “маладыя ваўкі”, людзі без асаблівых ведаў, без асаблівага вопыту, яны як сланы ў пасуднай лаўцы наламаюць яшчэ шмат дроваў. І так як яны дзейнічаюць, не вытрымлівае ніякай крытыкі. На жаль, ахвярамі іх ідыёцкіх спэцапэрацыяў і схемаў робяцца ні ў чым невінаватыя людзі ў Беларусі. Ім там у шмат разоў складаней і небясьпечней чым мне. Але калі гэтых маладых людзей, што дарваліся да ўлады ў КДБ, у Савеце бясьпекі, у пагранічнай службе, у Апэратыўна-аналітычным цэнтры, не адзёрнуць, сытуацыя можа зайсьці вельмі далёка.

Соўсь: Сёньня мы зьвярнуліся да вашай калегі, суаўтара кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” Сьвятланы Калінкінай.

Калінкіна: На мой погляд, відавочным наступствам можа быць забарона Паўлу на ўезд у Беларусь. І, як мне здаецца, рашэньне аб пазбаўленьні яго грамадзянства – гэта такое папярэджаньне, маўляў, паводзь сябе цішэй, інакш ня ўбачыш ні бацькоў, ні сваякоў, якія жывуць у Беларусі. Гэта ў духу таго, што робяць беларускія ўлады з непадкантрольнымі журналістамі і, на мой погляд, пацьверджаньне таго, што нягледзячы на тое, што Павел ужо 10 гадоў жыве ў Расеі, ён па-ранейшаму застаецца, магчыма, адной з самых уплывовых фігур у беларускай журналістыцы. Я лічу, што на самой справе мае сэнс падаваць у суд і падымаць скандал, таму што ўсе брыдкія справы робяцца ціха. І хаця б для таго, каб яны сталі галоснымі, на мой погляд, гэта трэба рабіць.

Соўсь: Пра аспрэчваньне рашэньне аб пазбаўленьні грамадзянства гаворыць і старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Гулак: Зразумела, што гэтае рашэньне палітычнае, але трэба гаварыць пра юрыдычны аспэкт. Наш закон аб грамадзянстве дапускае двайное грамадзянства, але пры гэтым дзяржава проста ня бачыць за гэтым грамадзянінам правоў і абавязкаў, якія на яго ўскладае іншае грамадзянства. Але падстава для пазбаўленьня ёсьць толькі тады, калі чалавек, што мае беларускае грамадзянства пайшоў на службу ў паліцыю альбо ва ўзброеныя сілы іншай краіны. Гэта ў 2002 годзе ўведзена, пра што я кажу. Яны прымянілі да яго зваротную сілу. Я думаю, што ў гэтай сытуацыі ёсьць сэнс аспрэчваць, таму што новы закон паставіў чалавека ў лепшае становішча, чым гэта было дагэтуль. І ў дадзеным выпадку прымяняецца новы закон, а не стары. Каб яны тады пасьпелі адмяніць, то тады – калі ласка, але таго закону ўжо няма. Яго прымяняць зараз ніяк нельга.

Соўсь: Павал, што вы будзеце рабіць? Ці будзеце аспрэчваць рашэньне аб пазбаўленьні грамадзянства, як гэта раяць Сьвятлана Калінкіна і Алег Гулак?

Шарамет: Я зараз праводжу актыўныя кансультацыі зь юрыстамі, спрабую зразумець, як дзейнічаць у гэтай сытуацыі. Праблема ў тым, што ў лісьце, які я атрымаў зь беларускай амбасады, нічога толкам не напісана, увогуле незразумела, да каго мне зьвяртацца, на каго падаваць у суд: на прэзыдэнта, на МУС ці на МЗС? Там наогул не напісана ў гэным лісьце, хто прыняў рашэньне пра пазбаўленьне мяне грамадзянства, па якіх законах. Напісаная агульна фармулёўка: "пазбаўлены ў сувязі з наяўнасьцю расейскага грамадзянства". Зыходзячы з асабістага вопыту і з таго, што адбывалася гэтыя гады ў Беларусі, я абсалютна ня веру ў пэрспэктывы гэтай справы, таму што беларускі суд абсалютна несправядлівы, абсалютна падкантрольны ўладам і рэпрэсіўны палітычна. Але ёсьць і такі пункт гледжаньня, што неабходна некія дзеяньні прадпрыняць, нейкія паперы накіраваць, каб для наступных уладаў зафіксаваць, што калісьці ў 2010 годзе я быў супраць таго, што мяне пазбавілі беларускага грамадзянства. Цалкам магчыма, што я так і зраблю, проста гэта ўсё так накаціла хваляй, што трэба ўсё асэнсаваць.



Павал Шарамет -- журналіст, адзін з арганізатараў сайту «Беларускі партызан», аўтар (сумесна са Сьвятланай Калінкінай) кнігі «Случайный президент». Аўтар дакумэнтальных фільмаў «Чачэнскі дзёньнік», «Дзікае паляваньне», «1991 — апошні год імпэрыі», «Апошняя вышыня генэрала Лебедзя» ды іншыя. Нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску. Быў аўтарам і вядоўцам штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспэкт» на Беларускім тэлебачаньні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлежурналіст Беларусі. З 1995 па 1996 — галоўны рэдактар «Белорусской деловой газеты». Кіраўнік аддзелу спэцыяльных праектаўрасейскага Першага каналу. Ляўрэат прэміі Міжнароднага камітэту абароны журналістаў за ўнёсак у разьвіцьцё свабоды слова, прэміі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ «За журналістыку і дэмакратыю». Фіналіст прэміі ТЭФІ Акадэміі расейскага тэлебачаньня у намінацыі «Журналісцкае расьсьледаваньне» за фільм «Дзікае паляваньне».
У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на два гады ўмоўна за рэпартаж зь беларуска-літоўскай мяжы. Правёў за кратамі два з паловай месяцы. Яшчэ двойчы трапляў за краты ў Беларусі, апошні раз пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG