Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бастунец: “Мы будзем аказваць тую самую дапамогу сябрам БАЖ”


Госьць “Начной Свабоды” – намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, кіраўнік ліквідаванага Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец.


Беларуская асацыяцыя журналістаў спыняе дзейнасьць Цэнтру прававой абароны СМІ. Гэтае рашэньне было прынятае на паседжаньні рады БАЖ у сувязі з папярэджаньнем Міністэрства юстыцыі, вынесеным арганізацыі 13 студзеня. Мін’юст палічыў, што дзейнасьць Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў не прадугледжаная статутам грамадзкага аб'яднаньня.


Соўсь: Як вынікае з названага рашэньня, Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла цалкам выканаць патрабаваньні Міністэрства юстыцыі. Якім чынам, у якім фармаце цяпер БАЖ будзе аказваць юрыдычную дапамогу журналістам?

Бастунец: Вядома ж, дапамога будзе. Гэта зьяўляецца адной з асноўных задачаў Беларускай асацыяцыі журналістаў. І, дарэчы, я лічу, што наагул папярэджаньне Мін'юсту хутчэй з галіны адміністратыўнай, бюракратычнай рэальнасьці, чым той рэальнасьці, у якой мы жывем. Не спадабалася Мін'юсту тое, што ўжывалася слова СМІ ў назьве “Цэнтар прававой абароны”, не спадабалася тое, што гэты цэнтар ня быў згаданы ў статуце, хоць я й сёньня ўпэўнены, што ня трэба пра гэта пісаць у статуце – закон гэтага не патрабуе.

Але не бяды. Мы проста адмаўляемся ад шыльды, так скажам. Зараз будзем аказваць тую самую дапамогу сябрам арганізацыі пад агульнай шыльдаю, на якой напісана “Грамадзкае аб'яднаньне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Соўсь: Таксама ў аўторак было прынятае рашэньне лічыць несапраўднымі пасьведчаньні сяброў БАЖ з надпісам “Прэса” на вокладцы. Сябрам арганізацыі прапанавана атрымаць пасьведчаньні новага ўзору ў форме “кніжачкі”. У чым будзе розьніца? І ці будзе гэтае новае пасьведчаньне даваць права працаваць у якасьці журналіста?

Бастунец: І першае, і другое пасьведчаньне – гэта пасьведчаньні сябра журналісцкай арганізацыі. Розьніца ў тым, што на другім пасьведчаньні няма слова “Прэса”. Дарэчы, гэтая новая форма пасьведчаньня была распрацаваная яшчэ ў чэрвені мінулага году, задоўга да таго, як мы атрымалі папярэджаньне Мін'юсту. Ізноў-такі паўтаруся: яно інфармуе аб тым, што ўладальнік гэтага пасьведчаньня зьяўляецца сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

А што да дзейнасьці для распаўсюджваньня інфармацыі, то гэта канстытуцыйнае права кожнага чалавека ў Беларусі, кожнага, незалежна ад таго, ёсьць у яго пасьведчаньне са словам “Прэса”, ёсьць пасьведчаньне бяз гэтага слова ці ўвогуле няма пасьведчаньня. Але зноў-такі нашая пазыцыя з пазыцыяй Міністэрства юстыцыі тут разышлася.

Соўсь: Вы шмат гадоў сябра БАЖ, адзін з кіраўнікоў асацыяцыі, дапамагалі незалежным журналістам і выданьням на шматлікіх працэсах. Калі параўноўваць сытуацыю зь незалежнай прэсаю за апошнія 10-15 гадоў, як вам падаецца, калі яна была найбольш складаная? Калі незалежным журналістам было найцяжэй працаваць?

Бастунец: Мы шмат займаемся маніторынгам сытуацыі са СМІ, і я скажу, што ў розныя гады яна была складаная па-рознаму.

У 1995 –1996 гадох пачаўся актыўны ціск на журналістаў, якія працавалі на вулічных акцыях, у тым ліку на журналістаў дзяржаўных СМІ, потым пачаліся зьмены рэдактараў дзяржаўных СМІ... Пасьля мы бачылі іншыя формы ціску. Для мяне быў такі якасны пераход на ніжэйшую прыступку, калі ў 2005 годзе большасьць незалежных выданьняў была выкінутая з распаўсюду празь “Белсаюздрук” і “Белпошту”. І тут ужо на зьмену брутальным мэтадам пайшлі эканамічныя мэтады ціску.

Я скажу, што, дарэчы, мінулы год быў больш-менш спрыяльны, але спрыяльны, вядома, у двукосьсі, бо ўсё было на вельмі нізкім узроўні, але без заўважных эксцэсаў у разьвіцьці журналістыкі.

Мы добра памятаем у 2008 годзе ператрусы, якія прайшлі па ўсёй краіне. На жаль, сёлетні сакавік ізноў нам пра гэта нагадаў – ізноў ператрусы, ізноў перашкоды працы журналістаў. Дарэчы, яны пачаліся недзе зь верасьня-кастрычніка мінулага году. Таму сказаць, калі было больш цяжка, вельмі складана. Цяжка было ўвесь час, проста былі невялікія прамежкі часу, калі здавалася, што дыхаць стала крыху лягчэй.

СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG