Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыйшлі, калі я спаў. Сказалі: “Апранайся, паедзем у суд”


Андрэй Кузьмінскі
Андрэй Кузьмінскі

Актывіста руху “Маладая Беларусь” Андрэя Кузьмінскага суд Партызанскага раёну Менску пакараў штрафам на 40 базавых велічыняў.


16 сакавіка, у дзень суду над Мікалаем Аўтуховічам, яго затрымалі разам з 12 удзельнікамі пікету падтрымкі каля будынка Вярхоўнага суду. Пасьля складаньня пратаколаў усіх адпусьцілі, але напярэдадні Дня Волі некалькі чалавек спрабавалі затрымаць і адвезьці ў суд.

Суд над актывістам руху “Маладая Беларусь” Андрэем Кузьмінскім цягнуўся некалькі хвілінаў.

У гэты дзень супрацоўнікі міліцыі наведаліся ў кватэру, калі ён яшчэ спаў. Андрэй Кузьмінскі распавёў “Свабодзе”:

“Прыйшлі, калі я спаў. Сказалі: “Апранайся, паедзем у суд”. Мяне прывялі ў кабінэт да судзьдзі, і суду практычна не было. Яна сказала: “Табе 40 базавых”, і пасьля гэтага мяне адразу вывелі ў калідор.

Міліцыянты давезьлі мяне да аддзелу Фрунзэнскай міліцыі на сваёй машыне.

Мінулы раз, калі мне за пікет далі 7 сутак, таксама мяне пакаралі вельмі хутка. На маю думку, судзьдзям ня вельмі прыемна разглядаць такія справы, і таму яны імкнуцца як мага хутчэй вынесьці прысуд.

40 базавых для мяне — вялікія грошы. Я зарабляю 850 тысяч, і як плаціць штраф, я ня ведаю”.

16 сакавіка супрацоўнікі міліцыі затрымалі 13 удзельнікаў пікету ў падтрымку палітвязьняў. Дваіх непаўналетніх забралі бацькі, а на 11 чалавек міліцыянты склалі пратаколы паводле артыкула 23.34 (удзел у несанкцыянаваным вулічным мерапрыемстве). Сярод затрыманых — лідэр кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель, лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч, а таксама лідэр моладзі БНФ Андрусь Крэчка.

Паліна Дзьякава
25 сакавіка прэсавага сакратара кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Паліну Дзьякаву затрымалі, як толькі дзяўчына выйшла з пад’езду дома.

“А палове на пятую мяне каля пад’езду схапілі трое амапаўцаў у цывільным. Зацягнулі ў “козьлік” і павезьлі ў суд. Хутчэй за ўсё, яны разьлічвалі, што я не пасьпею на акцыю. Але суд скончыўся вельмі хутка, і я толькі крыху спазьнілася на акцыю”.

Паліна Дзьякава мусіць заплаціць 700 000 рублёў штрафу.

Артур Фінькевіч
Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч распавёў, што яго спрабавалі затрымаць напярэдадні 25 сакавіка. Маці Артура казалі, што яе сына завочна пакаралі арыштам. Фінькевіч мае такі досьвед. За ўдзел у акцыі 1 траўня ў 2008 годзе яго затрымалі, а праз амаль тры месяцы арыштавалі на 7 сутак.

“Напярэдадні 25 сакавіка цягам двух сутак перад домам стаяў мікрааўтобус. Маёй маці патэлефанавалі і сказалі, што я пакараны адміністрацыйным арыштам. Пасьля гэтага пачалі грукаць у дзьверы. Маці не адчыніла дзьверы і сказала, што я тут не жыву.

Пасьля гэтага яна мне патэлефанавала і папярэдзіла. Натуральна, я выключыў тэлефон і толькі дзякуючы гэтаму здолеў дайсьці да Акадэміі Навук 25 сакавіка. Такім жа чынам спрабавалі затрымаць Андрэя Кузьмінскага”.

Артур Фінькевіч лічыць, што іншых удзельнікаў пікету могуць затрымаць 26 красавіка, у дзень правядзеньня “Чарнобыльскага шляху”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG