Лінкі ўнівэрсальнага доступу

630 подпісаў супраць абавязковага разьмеркаваньня студэнтаў


Подпісы супраць абавязковага разьмеркаваньня.
Подпісы супраць абавязковага разьмеркаваньня.

630 подпісаў за скасаваньне абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў сабралі ў Магілёве актывісты незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці і іншых галін народнай гаспадаркі.

Паводле аднаго з арганізатараў збору подпісаў прафсаюзнага актывіста Андрэя Дзьвігуна, у Магілёве штогод з абавязковым разьмеркаваньнем сутыкаюцца да 1000 студэнтаў выпускнікоў:

«Цягам двух тыдняў мы хадзілі па навучальных установах ды студэнцкіх інтэрнатах і зьбіралі подпісы. Мы іх ужо паслалі дэпутатам палаты прадстаўнікоў ад Магілёва Аляксандру Юшкевічу і Яўгену Мельнікаву. У калектыўным звароце да іх мы зьвяртаем увагу, што прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў не прыносіць відавочнай карысьці. Маладыя спэцыялісты атрымліваюць невялікія грошы за сваю працу і адпаведна так і працуюць. Паводле нашых досьледаў, іх заробкі не дацягваюць да 400 тысяч рублёў. Акрамя таго, абавязковае разьмеркаваньне стварае перадумовы для карупцыі. Маладыя спэцыялісты ў бальшыні выпадкаў абсалютна бяспраўныя й ня ведаюць да каго зьвяртацца, каб абараніць сваё канстытуцыйнае права на годную працу».

Дэпутатаў Юшкевіча й Мельнікава прафсаюзныя актывісты й падпісанты просяць ініцыяваць у Палаце прадстаўнікоў зварот у Канстытуцыйны суд на адпаведнасьць Канстытуцыі Беларусі абавязковага разьмеркаваньня студэнтаў. Акрамя таго, дэпутаты мусяць падумаць аб падрыхтоўцы законапраекту пра гарантыі працоўнага месца для выпускнікоў без абавязковага разьмеркаваньня.

«Мы прапануем, каб у новым законе была прадугледжана магчымасьць разьмеркаваньня студэнтаў у недзяржаўны сэктар эканомікі і вызваленьне ад разьмеркаваньня для тых, хто знайшоў сабе працу», — кажа Андрэй Дзьвігун.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG