Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можа, хопіць гэтай трагікамэдыі? Байкот выбараў і толькі!”


Агляд тэлефанаваньняў за 24 сакавіка, сераду.


У “Званках на Свабоду” слухачы разважаюць пра выбары ў мясцовыя саветы, выказваюць меркаваньні, ці варта іх байкатаваць альбо ёсьць сэнс ісьці да канца; раяць апазыцыі аб’яднацца, адгукаюцца на выкананьне чарговых сьмяротных пакараньняў. Вы таксама пачуеце выказваньні пра сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка.

Неабыякава ставяцца слухачы “Свабоды” да маючых адбыцца ў красавіку выбараў у мясцовыя саветы. Большая частка званкоў — менавіта пра выбары:

Cпадар: “Чуў, што нехта там здымае свае кандыдатуры, не жадае ўдзельнічаць у выбарах. Гэта глупства. Вунь Цімашэнка білася да канца, няважна, які ўзровень. Трэба абавязкова ўдзельнічаць, трэба абавязкова, каб абіралі. Колькі можна, хай столькі і абяруць. А што Эўропа дапаможа, назіральнікі што скажуць — ды чхаць яны хацелі на нас! Ідуць выбары. Пажадалі самі выйсьці — выходзьце, трэба ўдзельнічаць, актыўна прасоўваць сваіх людзей. Гэта вы проста здаяце пазыцыі. Нікога яны не напужаюць, ніхто нічога ня скажа. Гэта ўсё глупства”.

Спадарыня, Менск: “Мы абіраем сваіх дэпутатаў. Нам аднолькава важна, з апазыцыі ён або не. Мы толькі хацелі б, каб дэпутаты трошкі думалі пра пэнсіянэраў і іншыя малазабясьпечаныя катэгорыі грамадзянаў. Парада вам, кандыдаты: заявіце на ўвесь голас, хто вы такія і што прапануеце простаму народу, кідайце свае байкоты, ідзіце далей!”

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Я думаю, шмат хто ў нас ведае, што выбары ў нас адбываюцца па ўказцы зьверху. Абедзьвюма рукамі за ініцыятыву Лябедзькі ня ўдзельнічаць у фарсе. Партыі павінны ў першую чаргу адстойваць свае палітычныя інтарэсы. І заявіць пра гэта трэба ў СМІ зарэгістраваным кандыдатам”.

Спадарыня: “Апазыцыю нашу, як бы яна ні назвалася — фронт, рух, партыя, — лукашэнкаўскі рэжым вельмі баіцца, інакш бы ўся гэтая надслойка над беларускім народам, якая жыве на гранты Лукашэнкі і вельмі добра на іх пачуваецца, інакш ня кідалася б так неверагодна, каб не дапусьціць апазыцыю ў працэс выбараў. Яе пусьцяць роўна настолькі, каб Эўропа і ЗША прызналі выбары дэмакратычнымі. Можа, хопіць гэтай трагікамэдыі? Байкот выбараў і толькі!”

Такія дыямэтральна розныя меркаваньні выказваюць наконт удзелу ў выбарах слухачы Радыё Свабода.

А вось меркаваньне нашай сталай слухачкі наконт кансалідацыі дэмакратычных сілаў:

Спадарыня: “Беларускі незалежніцкі блёк практычна грамадзян Беларусі ўводзіць у аблуду, прапануючы ім рабскую псыхалёгію, якая прыніжае іх годнасьць. У сувязі з гэтым гэтаму ўтварэньню лепш самараспусьціцца і ўвайсьці ў дэмакратычныя сілы. І ня трэба засьціць вочы беларусам нейкімі эўрапейскімі сіламі. Дэмакратыя і эўрапейскасьць — гэтыя два словы дапаўняюць адно адно, і ня трэба іх разрываць”.

Тэлефанаваньне слухачкі камэнтуе палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
“Сапраўды, тыя лёзунгі, пад якімі адбылося падзяленьне апазыцыі на два вялікія блёкі, — яны даволі ўмоўныя. Таму што, здаецца, ніхто ня супраць дэмакратыі, ніхто ня супраць эўрапейскасьці, і тут насамрэч на першым пляне ўся ж такі амбіцыі і пэўныя мэты тых ці іншых палітыкаў. Так што, па вялікім рахунку, тут варта весьці гаворку пра адзінства апазыцыі, асабліва перад прэзыдэнцкай кампаніяй. Іншая рэч, што заклікі гэтыя гучаць ужо шмат гадоў, аднак апазыцыя, наадварот, яшчэ болей расьцярушваецца. І тут, напэўна, пытаньне ў тым, наколькі ёсьць у яе вера ў перамогу і наколькі сасьпелі для гэтага ўнутраныя і зьнешнія чыньнікі”.

Слухачы “Свабоды” абмяркоўваюць і праблему сьмяротнага пакараньня. Уплывовыя міжнародныя структуры, гэтаксама як і грамадзтва, выказваюць заклапочанасьць. А ёсьць і іншыя меркаваньні:

Спадар: “Наконт сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Вось гэтыя людзі, якія лічаць, што ня варта адмяняць, каб яны патрапілі ў такую гісторыю, калі іх бацькоў старых закатавалі, а пасьля забілі, — ці ж гэта людзі? Гэта нелюдзі. Пра людзей можна меркаваць, прымяняць расстрэл або не, а калі гэта нелюдзі? Расстрэльваць вылюдкаў!”

Вы слухаеце “Званкі на Свабоду”. Завершым праграму віншаваньнямі нашых слухачоў:

Спадар: “ 25 сакавіка — Дзень Волі. Беларусы перажылі няволю, краты, ГУЛАГ, Курапаты. Было многа стратаў. Перажывуць і Лукашэнку, які покуль дыктатар”.

Спадарыня: “Грамадзяне Беларусі! Прыміце віншаваньні зь вялікім сьвятам. Хачу вам сказаць, што наша Беларусь трымаецца, і яна будзе заўжды вольнай краінай.

Хай ад блінцоў плыве дымок,
стаіць вякамі ваша хата,
хай ад бяды ратуе Бог,
і кожны дзень вам дорыць сьвята.

Дарагія суродзічы, віншую вас. Дабра вам, здароўя, жывіце доўга, доўга!”


Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода. Тэлефон “Свабоды” 266-39-52, працуе кругласутачна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG