Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкім валянтэркам пагражае дэпартацыя


Сюзана Паўль і Зольвай Шорыес адразу пасьля допыту
Сюзана Паўль і Зольвай Шорыес адразу пасьля допыту

Тры з паловай гадзіны пратрымалі ў Ленінскім аддзеле міліцыі Магілёва дзьвюх нямецкіх валянтэрак. Сюзане Паўль і Зольвай Шорыес пагражае дэпартацыя.


Паводле валянтэрак, іх спачатку вінавацілі ў тым, што яны без дазволу наведвалі навучальныя ўстановы ў Магілёве й гутарылі там з моладзьдзю, а потым абвінавачваньне нечакана зьмянілі на парушэньне правілаў знаходжаньня замежных грамадзян у Беларусі. У валянтэрак забралі пашпарты, на заўтра іх выклікалі на допыт.

Грамадзянкі Нямеччыны пачалі знаёміцца з працай беларускіх сілавых структураў яшчэ ўчора, калі да іх у фонд прыйшлі двое супрацоўнікаў невядомай ім арганізацыі са здымачнай групай:

“Нас віталі адразу зь мікрафонамі і камэрай і казалі, што мы парушаем вашыя законы. Гэта быў першы канал беларускі. Нам пачалі задаваць пытаньні. Мы сказалі, што адказваць на пытаньні ня будзем. Яны нас усё адно здымалі. Хвілін пятнаццаць, напэўна”, — паведаміла “Свабодзе” Зольвай Шорыес.

Дапытвалі валянтэрак у кабінэце № 20 аддзелу грамадзянства й міграцыі. Допыт вяла капітан Ірына Лізгунова
Сёньня амаль дзьве гадзіны супрацоўнікі аддзелу грамадзянства й міграцыі дапытвалі валянтэрак безь перакладчыка:

“Мы ўвесь час патрабавалі перакладчыка, казалі, што безь перакладчыка ня будзем нічога падпісваць. Мы дасканала не валодаем рускай мовай. Не, адваката не было. Яны не прапанавалі яго нам. Яны прымушалі нас падпісаць пратакол, потым высьветлілася, што там напісана зусім ня тое. Ніхто не казаў, такім чынам, як там было напісана. Мы вырашылі адмовіцца яго падпісваць”, — зазначае Сюзана Паўль.

У Магілёў валянтэркі прыехалі 5 месяцаў таму ад няўрадавай нямецкай арганізацыі “Нямецка-рускі абмен” (DRA). Яны працуюць у дабрачынным фондзе “Блакітныя берагі”. Ён апякуецца дзецьмі-інвалідамі. Зь імі й займаюцца маладыя немкі. У вольны час яны насамрэч сустракаюцца са студэнтамі, сваімі магілёўскімі аднагодкамі. Сюзане Паўль 23 гады, Зольвай Шорыес — 20.

У чым жа віна грамадзянак Нямеччыны?

Даведка выпісаная на імя Зольвай Шорыес
“Яны казалі, што мы ходзім ва ўнівэрсытэт і наведвалі адну школу, не запытаўшы ў дырэктара дазволу. Яны сказалі, што мы нібыта аднойчы сказалі ў школе, што моладзь у Беларусі кантралюецца. Яны пагражалі, што будуць высылаць нас з краіны. Дэпартаваць, бо мы парушалі законы”, — кажа Сюзана Паўль.

У пратаколе, які склалі міліцыянты, валянтэркам інкрымінуецца іншае парушэньне:

“У пратаколе было напісана, што мы жылі ня там, дзе зарэгістраваныя. Гэта было зусім не зьвязана са школай ці ўнівэрсытэтам”.

Паводле праваабаронцаў, якія знаходзіліся ў міліцыі, пакуль ішоў допыт валянтэрак, абвінавачваньне зьмянілі, бо яно па сутнасьці абсурднае й пра яго пасьпелі паведаміць незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

Заўтра а 10-й гадзіне раніцы Сюзана Паўль і Зольвай Шорыес павінны прыйсьці ў міліцыю, дзе ім скажуць, ці могуць яны застацца ў Беларусі. Дэпартацыя для іх па-ранейшаму ня выключана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG