Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску чакаюць прадстаўніка Ватыкану


Менскі архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску 16 сакавіка адзначыў 300-годзьдзе кансэкрацыі (асьвячэньня). Гэтая дата прыпала на Вялікі пост, а таму галоўная ўрачыстасьць з нагоды юбілею адбудзецца ў чэрвені.


“На жаль, на сёньняшні дзень я не магу сказаць, калі яна адбудзецца. Магу сказаць толькі, што ў чэрвені. Пад увагу бяруцца тры дні: 5, 12 і 19 чэрвеня. Бо мы спадзяёмся, што на гэтыя набажэнствы прыедзе прадстаўнік Ватыкану. І зараз усё залежыць ад таго, у які дзень ён зможа прыехаць”, паведаміў Тадэвуш Кандрусеіч.

“Гэта будзе прадстаўнік Папы, легат. Спадзяёмся, што так будзе. Але сёньня я не магу яшчэ сказаць, хто”, удакладніў мітрапаліт.

Будынак касьцёлу быў заснаваны 31 лiпеня 1700 году. Яго кансэкраваў Вiленскi бiскуп Канстанты Казiмiр Бжастоўскi 16 сакавiка 1710 году. 28 красавiка 1798 году сьвятыні была нададзена годнасьць Катэдральнага касьцёла.

У пасьляваенны часы будынак касьцёлу быў адабраны ў вернікаў i перададзены пад «Дом фiзкультуры». У 1951 годзе сьвятыня была цалкам спустошаная i перабудаваная. 9 сьнежня 1993 году, паводле пастановы Савету Мiнiстраў ён быў вернуты католiкам. Рэстаўрацыя сьвятыні шмат у чым была магчымай, дзякуючы намаганьням кардынала Казіміра Сьвёнтка.

21 кастрычніка 1997 году адбылася ўрачыстая рэкансэкрацыя святыні (новае асьвячэньне), у якой прынялі ўдзел 4 кардыналы (у тым ліку — Папскі легат кардынал Эдмунд Шока), 7 біскупаў, каля 100 сьвятароў, а таксама шматлікія вернікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG