Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Палеткі зарасьлі быльнягом і кустоўем. А сяляне сьпіліся”


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 24 сакавіка 2010 году


Многія слухачы і наведнікі нашай інтэрнэт-старонкі ў сваіх лістах на “Свабоду” параўноўваюць жыцьцё ў Беларусі і ў іншых постсавецкіх краінах, якія пасьля распаду СССР абралі ўласны шлях разьвіцьця: адмовіліся ад аўтарытарызму і далучыліся (альбо спрабуюць далучыцца) да аб’яднанай дэмакратычнай Эўропы. Звычайна такое параўнаньне не на карысьць беларускай рэчаіснасьці. Але здараюцца і выключэньні. З аднаго такога ліста і пачну сёньняшнюю размову.

Вось што паведамляе нам пра жыцьцё ў цяперашняй Літве Альгіс Юркявічус зь Вільні:

“Са студзеня пачаў слухаць вашу праграму. Часам цікава, як вы ахайваеце Беларусь. Паглядзелі б лепш, як жывем мы ў так званай “свабоднай Эўропе”. Краіны, што сталі свабоднымі — Літва, Латвія, Эстонія, Украіна, Грузія — адначасова апынуліся ў галечы. Мы, Літва, займаем у Эўропе першыя месцы па галечы, беспрацоўі, мізэрных заробках, бяздомных, жабраках, крадзяжах і забойствах... Паглядзіце, якія ў нас на ўсё кошты. Толькі за ацяпленьне кватэры 37—40 квадратных мэтраў аддай 800 літаў (320 даляраў); гарачая вада за куб — 12 даляраў, літар бэнзіну — 2 даляры, праезд у гарадзкім транспарце — даляр. Мэдыцына ўся платная, вучоба — таксама. У вас пэнсіянэрам дабавілі хоць нейкія грошы, а ў нас — адабралі. І ў маці, якія гадуюць малых дзяцей, адабралі амаль усё. У вас засталіся фабрыкі, заводы. Там людзі працуюць, нешта зарабляюць. Нашы людзі езьдзяць да вас на працу, кажуць — няблага. У нас гэтага няма: усё разрабавана, раскрадзена. Нішто не працуе.

У вас хоць сяк-так жывуць калгасы, зямля апрацоўваецца. У нас гэтага няма: усё зарасло быльнягом, кустоўем. Людзі сьпіліся.

Вашы палітыкі — Казулін, Лябедзька — езьдзяць у Брусэль, просяць Эўразьвяз, каб увялі санкцыі супраць Беларусі і беларускага народу. У выніку людзі будуць жыць толькі горш. Лукашэнка пражыве, ліха яго ня возьме — а вось людзям будзе кепска. Хіба хто пойдзе за такіх палітыкаў галасаваць? Толькі здраднікі свайго народу”
.

Літве, як і іншым краінам Балтыі, сапраўды, давялося сутыкнуцца з сур’ёзнымі наступствамі эканамічнага крызісу. І мы гэтую зьяву, спадар Альгіс, зусім не замоўчваем. Праўда, нешта не даводзілася сутыкацца з гастарбайтэрамі, якія б прыяжджалі на заробкі зь Літвы ў Беларусь. Іншая справа, што маладыя энэргічныя людзі з Прыбалтыкі масава зьяжджаюць на працу ў Заходнюю Эўропу — Вялікую Брытанію, Нямеччыну, Галяндыю. Няма сумневу, што ехалі б туды і беларусы — калі б, як літоўцы, мелі такую магчымасьць. А паколькі Беларусь ад Эўразьвязу аддзяляе цяжкапераадольны візавы кардон, дык даводзіцца дзясяткам тысячаў беларускіх грамадзянаў шукаць больш-менш прыстойныя заробкі на падмаскоўных будоўлях ды на цюменскіх нафтавых промыслах.

І з вашым, спадар Альгіс, сьцьвярджэньнем пра падвышэньне пэнсіяў у Беларусі наўрад ці хто зь беларускіх пэнсіянэраў пагодзіцца. Намінальна пэнсіі ўпершыню за апошні год крыху паднялі — гэта так, але інфляцыя, якая ў Беларусі стабільна вымяраецца двухзначнымі лічбамі, даўно гэту прыбаўку “зьела”. Рэальна пэнсіі не падвышаюцца, а зьніжаюцца. Літоўская валюта цьвёрда прывязана да эўрапейскай, і там, відавочна, сытуацыя з інфляцыяй зусім іншая. Іншыя і зьвязаныя з гэтым праблемы.

Празь месяц у Беларусі павінны адбыцца мясцовыя выбары. Назіраючы за тым, як разгортваецца выбарчая кампанія, якія перашкоды чыніць улада незалежным кандыдатам, многія апазыцыйныя актывісты выказваюцца за байкот. А наша слухачка Галіна Александроўская з Магілёва перакананая, што байкатаваць трэба ня толькі гэтыя, але і прэзыдэнцкія выбары. У сваім лісьце на “Свабоду” яна піша:

“На маю думку, лідэры апазыцыі, якія выказваюцца супраць байкоту прэзыдэнцкіх выбараў 2011 году, проста баяцца ці ня хочуць займацца арганізацыйнай працай з насельніцтвам.

Баяцца, бо Лукашэнка трымае ў сваіх руках усе козыры. Зразумела ж: незалежна ад таго, будзе байкот ці не — ён, Лукашэнка, застанецца ў выйгрышы.

Так, пераконваць насельніцтва ў неабходнасьці байкоту — вялікая і цяжкая праца. Але ж гэта — адзіны шанец, каб абвясьціць Лукашэнку ў выпадку ягонай чарговай так званай “элегантнай” перамогі нелегітымным. Я ўпэўнена, заклік Зянона Пазьняка да байкоту падтрымлівае ня менш як палова насельніцтва. Астатнюю частку людзей можна пераканаць у неабходнасьці такога кроку ўпартай і настойлівай тлумачальнай працай.

Замест гэтага наша апазыцыя працягвае гуляць з уладай у так званую грамадзка-кансультатыўную раду. Я ўпэўнена: калі б у Польшчы Лех Валэнса гэтак жа гуляў з камуністычным рэжымам, то ніколі ня стаў бы прэзыдэнтам сваёй краіны. Але ён паказаў сябе моцным лідэрам і давёў палітычную сытуацыю да такой ступені напалу, што Ярузэльскі быў вымушаны асабіста запрасіць яго за круглы стол перамоваў. У выніку былі прызначаны прэзыдэнцкія выбары, і Валэнса быў абраны прэзыдэнтам дэмакратычнай Польшчы”
.

За круглы стол перамоваў улада пагаджаецца сядаць, як правіла, толькі з тымі сіламі, якія ўяўляюць для яе рэальную пагрозу і небясьпеку. У Польшчы ў 80-я гады пад сьцягамі “Салідарнасьці” зьбіраліся сотні тысяч людзей. Леха Валэнсу гатовыя былі падтрымаць мільёны. І падтрымлівалі — удзелам у масавых страйках і мітынгах, бескарысьлівай дапамогай падпольным арганізацыям супраціву камуністычнаму рэжыму.

Ці ёсьць у сёньняшнім беларускім грамадзтве такая гатовасьць да самаахвярнасьці, да змаганьня за дэмакратычную будучыню сваёй краіны? Найперш ад адказу на гэтыя пытаньні залежыць тое, якімі будуць дзеяньні апазыцыі падчас блізкіх выбарчых кампаній у Беларусі.

Наш слухач Анатоль Булавецкі з Гомелю распавёў тыповую для сёньняшняй Беларусі гісторыю. Меў неблагую працу, але паспрачаўся з начальнікам. У выніку, калі настаў час працягваць працоўны кантракт, яму паказалі на дзьверы. На працягу некалькіх гадоў праз суд ён спрабаваў аспрэчыць сваё звальненьне — але безвынікова. У лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Тры гады таму мяне звольнілі з прадпрыемства “Беларусьнафта-Гомельаблнафтапрадукт” у сувязі з заканчэньнем тэрміну кантракту. Намеру звальняцца я ня меў. На гэтым прадпрыемстве працаваў з 1995 году. Апошнім часам — вядучым інжынэрам па ахове навакольнага асяродзьдзя. За выкананьне службовых абавязкаў заўваг і спагнаньняў ня меў. Рэальнай прычынай звальненьня стала тое, што я не пагадзіўся з дырэктарам, які паспрабаваў ускласьці на мяне дадатковыя абавязкі. Я абскардзіў гэтае рашэньне ў судзе. Вось за такое непаслушэнства мяне і звольнілі.

Я зьвярнуўся ў суд, але там скаргу адхілілі. Пры разглядзе гэтай справы і пры абскарджваньні рашэньня першай судовай інстанцыі ў вышэйшых судах я зьвяртаў увагу на парушэньне наймальнікам канкрэтных палажэньняў заканадаўства. Але ж ніхто на гэта не зьвяртаў ніякай увагі, быццам раптам усе аглухлі і асьлеплі. Старшыня ж Вярхоўнага суду В.А. Сукала наагул адмаўляецца разглядаць маю скаргу, хаця я і зьвяртаўся да яго аж сямнаццаць разоў.

Вось якую акалічнасьць хачу адзначыць асабліва. Ніводзін суд, ніводзін чыноўнік ад суду не абвергнуў маіх доказаў парушэньня закону наймальнікам пры звальненьні. Ніводзін іхні адказ на мае скаргі ня ўтрымлівае ніводнага матыву. Але ж ва ўсіх адпісках на мае скаргі, у тым ліку і на імя старшыні Вярхоўнага суду, адзначаюць: “Скарга разгледжана і пакінута без задавальнення па матывах, прыведзеных у раней адасланых адказах”
.

У Беларусі тысячы грамадзка актыўных людзей, якія спрабуюць абараняць свае правы і адважваюцца спрачацца з адміністрацыяй, сутыкаюцца з такімі ж праблемамі, спадар Анатоль. Кабальныя ўмовы кантрактнай сыстэмы дзеля таго і створаны, каб чалавек адчуваў сябе цалкам залежным ад начальства, не адважваўся на пратэст і самастойную ініцыятыву. Ва ўмовах, калі задушаны незалежныя прафсаюзы, найманы работнік у выніку застаецца цалкам безабаронным. Іншы наш актыўны слухач — Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну — з гэтай нагоды піша:

“Колькі здароўя каштуе беларусам гэтая кантрактная сыстэма, уведзеная Лукашэнкам. Пры ёй чалавек пастаянна знаходзіцца ў стрэсе, баючыся, што кантракт чарговы раз могуць зь нейкай прычыны не працягнуць. А стрэс — гэта хваробы”, — такую выснову робіць у сваім лісьце Васіль Валошка з Радашкавічаў, даўні і пасьлядоўны праціўнік кантрактнай сыстэмы ў яе беларускім варыянце, калі найманы працаўнік адчувае сябе цалкам залежным ад адміністрацыі і з прычыны адсутнасьці незалежных судоў і прафсаюзаў ня мае магчымасьці бараніць свае правы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG