Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія маракі супраць «нафты пірацкай дзяржавы» для Беларусі


Лукашэнка ў парлямэнце Вэнэсуэлы
Лукашэнка ў парлямэнце Вэнэсуэлы

Украінскія маракі з Панамскага балкера "Бі Атлянтыка", арыштаваныя ў Вэнэсуэле, распаўсюдзілі зварот, у якім заклікаюць грамадзкасьць Украіны не дапусьціць дастаўку «нафту пірацкай дзяржавы» ў бок Беларусі праз гэтую краіну.


Маракі зьвяртаюцца з наступным заклікам: “Дапамажыце выйсьці і арганізаваць пікеты на тых участках, дзе будзе праходзіць «гандлёвы шлях» вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь. Падтрымайце нас, нявінных маракоў, якія без віны вінаватыя знаходзяцца ў Вэнэсуэле як палітычныя закладнікі ўжо 2 гады і 7 месяцаў у чаканьні пачатку судовага працэсу”.

Маракі ад жніўня 2007 году знаходзяцца ў Вэнэсуэле. Яны сьцьвярджаюць, што ў порце Маракайба на судна падкінулі 125 кг наркотыкаў. Яны лічаць, што вэнэсуэльскія ўлады трымаюць членаў экіпажу дзеля таго, каб атрымаць грошы з уладальніка судна, і таксама дамагаюцца канфіскацыі судна.

“Мы не можам дапусьціць таго, каб Вэнэсуэла займалася камэрцыяй на тэрыторыі радзімы арыштаваных, невінаватых ўкраінскіх маракоў, якіх гвалтоўна ўтрымліваюць улады Вэнэсуэлы ў горадзе Маракайба, – гаворыцца з звароце.

На думку рэдактара «Марскога бюлетэня» Міхаіла Вайцянкова, у Вэнэсуэле даўно ўжо існуе практыка затрыманьня судоў і самалётаў за выяўленыя на іх наркотыкі. Многія лічаць, што наркотыкі судам падкідаюць спэцыяльна, каб або выцягваць з судаўладальнікаў штрафы і хабар, або ў мэтах павелічэньня флёту краіны вельмі танным спосабам.

Зварот маракоў са спасылкай на выданьне «Марскі бюлетэнь» падае “Беларускі партызан”.

80 тысяч тон пробнай нафты паставіць Вэнэсуэла ў Беларусь сёлета ў траўні. Да канца году аб’ём паставак мяркуецца павялічыць да 4 мільёнаў тон. Пра гэта паведамілі беларускія дзяржаўныя мэдыі. Адпаведны кантракт на пастаўку нафты падпісалі ў Каракасе прэзыдэнты Беларусі й Вэнэсуэлы Аляксандр Лукашэнка й Уга Чавэс.

Вэнэсуэльскую нафту мяркуецца перавезьці танкерам у Адэскі порт Украіны, а пасьля даставіць на перапрацоўку на Мазырскі нафтаперагонны завод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG