Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне і Плошча


Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

Новая перадача сэрыі «Вольная студыя». Эфір 21 сакавіка

Любая падзея мае больш шанцаў застацца ў гісторыі, калі яна зафіксаваная ў мастацкім творы. Падзеі, якія адбыліся чатыры гады таму ў цэнтры беларускай сталіцы, леглі ў аснову аповесьці Барыса Пятровіча «Плошча: гісторыя аднаго каханьня». 19 сакавіка ў менскай сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя кнігі, пасьля якое аўтар завітаў у «Вольную студыю».


Міхась Скобла: «Барыс, прачытаўшы тваю новую кнігу, я задумаўся, што ў ёй галоўнае, што дамінуе — каханьне ці плошча? І прыйшоў да высновы, што ў кнізе ўсё ж галоўнае — каханьне. Ці я памыляюся?»


Барыс Пятровіч: «Я вельмі рады, што ты прыйшоў да такой высновы. Каханьне праходзіць чырвонай ніткай праз абедзьве часткі кнігі. Усё пачынаецца з каханьня і заканчваецца каханьнем, а сама Плошча, падзеі на ёй у сакавіку 2006 году праходзяць як тло, як фон да звычайнай жыцьцёвай сытуацыі: сустрэліся хлопец і дзяўчына і пакахалі адзін аднаго».


Скобла: «У аснове кнігі ляжаць дзёньнікі двух герояў — Марыйкі і Аляксандра. Цікава прасачыць жыцьцёвы шлях Аляксандра, які з патэнцыйнага самазабойцы, што ставіўся да ўсяго скептычна, раптам пачынае задаваць сабе пытаньні Дастаеўскага накшталт: „Тварь ли я дрожащая или право имею?“ І прыходзіць да высновы, што — мае права. Што спрыяе такой эвалюцыі твайго героя?»


Пятровіч: «Усё, што я хацеў закласьці ў яго характар, я заклаў, і цяпер мне хацелася б, каб гэтую эвалюцыю героя прасачылі чытачы і крытыкі. Ня ведаю, наколькі мне ўдалося пераканальна паказаць, што наогул магчымыя такія радыкальныя перамены ў характары аднаго чалавека на працягу невялікага часу. Гэты час — паміж зрыхтаванасьцю Аляксандра да суіцыду і жаданьнем жыць далей. У пачатку кнігі ён сядзіць на даху шматпавярховіка, і застаецца зрабіць толькі адзін крок, і выбару ў яго ўжо няма... Але ён гэты крок урэшце не зрабіў, ён шмат перадумаў, седзячы на краі свайго жыцьця. Сама прырода, можа быць, паспрыяла таму, каб ён не зрабіў гэты апошні крок, каб ён паспрабаваў усё ж выжыць і жыць далей. Але жыць па-іншаму, сыходзячы з таго, што ў жыцьці чалавек павінен тварыць дабро іншым людзям. Вось з такой жыцьцёвай філязофіяй ён і вяртаецца ў жыцьцё».

Міхась Скобла
Скобла: «Ты падрабязна апісваеш турэмную камэру на Акрэсьціна, прычым — жаночую камэру. Хто цябе кансультаваў?»

Пятровіч: «Вядома, былі ў мяне кансультанты, якія прайшлі праз гэтыя камэры. Рэдактарам кнігі быў вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі, які таксама прайшоў праз мужчынскую камэру на Акрэсьціна, прычым — дзясяткі разоў. Для мяне было вельмі важна перадаць максымальна дакладна атмасфэру, якая акружае маіх герояў, найперш маю гераіню. Ня ведаю, наколькі мне гэта ўдалося, бо спачатку я арыентаваўся толькі на дзёньнікавыя запісы былых вязьняў, якія публікаваліся ў інтэрнэце. Але паколькі вязьні сядзелі ў розных месцах, ня толькі на Акрэсьціна, але і ў Жодзіна, і ў Менскім раённым ізалятары, то ўзьнікла блытаніна, і было цяжка зьвесьці розныя зьвесткі з розных мясьцінаў у адно. Спадзяюся, што мне гэта ўдалося, але, па вялікім рахунку, гэта ня так важна для мастацкага твора».


Скобла: «Сустракаючы на старонках кнігі прозьвішчы Казуліна, Мілінкевіча, Навумава, чытач, натуральна, разьлічвае і на дакумэнтальную дакладнасьць у апісаньні падзеяў».


Пятровіч: «Пра гэтую дакумэнтальнасьць сьведчаць і дзёньнікавыя запісы маіх героеў, якія прэтэндуюць на дакумэнтальнасьць. У гэтым ёсьць трошкі кантраст унутры самой кнігі, найперш у тым, што ідзе падвойны тэкст. Першы тэкст — гэта думкі героя ў сёньняшнім часе, другі — гэта запісы герояў для сябе. Кантраст у кнізе ёсьць таксама паміж хлопцам і дзяўчынай, паміж першай часткай і другой.

Я думаю, чытачоў кнігі чакае расчараваньне: там плошчы і блізка няма, там падзеі адбываюцца да плошчы, больш таго, мой герой скептычна ставіцца да апазыцыі і ня ўтойвае гэтага…
Я думаю, чытачоў кнігі чакае расчараваньне: там плошчы і блізка няма, там падзеі адбываюцца да плошчы, больш таго, мой герой скептычна ставіцца да апазыцыі і ня ўтойвае гэтага... Такіх кантрастаў у маёй кнізе шмат. Але найцяжэй мне было пераадолець кантраст паміж мастацкасьцю твора і яго дакумэнтальнасьцю. Мне хацелася захаваць дакумэнтальнасьць у мастацкім творы».

Скобла: «А ці лёгка пісьменьніку працуецца з палітычным фактам? Ці лёгка з тоны палітычнай руды выплавіць грамы мастацкага слова?»


Пятровіч: «Вельмі і вельмі цяжка. Я за гэта раней ніколі ня браўся, і ня ведаю, ці вазьмуся калі ў будучыні. Вельмі лёгка пісаць пра падзеі, пра якія ведаеш ты адзін, яшчэ лягчэй, як мне падаецца, пісаць пра тыя падзеі, якія адбыліся даўно: 100-200 гадоў таму. Я заўсёды скептычна ставіўся да тых пісьменьнікаў, якія пісалі пра гісторыю, уводзячы рэальных герояў. Напрыклад, сядзяць Купала і Колас за сталом, выпіваюць і пра нешта гавораць. Як можна выдумваць за Купалу і Коласа іхнія застольныя размовы? Мне больш падабаецца пазыцыя Ўладзімера Караткевіча, які нават у рамане пра паўстаньне 1863 году не выводзіць Каліноўскага як галоўнага героя. Каліноўскі застаецца збоку, на тле падзеяў. Ёсьць падзеі 1863 году і ёсьць прыдуманыя Караткевічам героі, якія дзейнічаюць, якія вольныя ў сваіх думках, у сваіх учынках, у сваіх словах. Таму і я, беручыся за рэальны сюжэт, узяў герояў, у якіх няма прататыпаў, гэта героі выдуманыя, лёс якіх складзены зь лёсаў, можа быць, дзясяткаў людзей. Я стараўся пісаць і дзейнічаць паводле вычытанага ў Фолкнэра выслоўя — „выдумваць праўду“. Калі ўжо выдумваць, то праўду, і трымацца далей ад голай выдумкі».


Скобла: «Любая падзея, зафіксаваная ў мастацкім творы, мае больш шанцаў застацца ў гісторыі. Хто б сёньня памятаў пра грамадзянскую вайну ў Францыі ў канцы XVIII стагодзьдзя, калі б не раман Віктора Гюго „Дзевяноста трэці год“? Кніга „Плошча“ мае ўсе шанцы застацца ў гісторыі беларускай літаратуры. А калі застанецца і Плошча як палітычная зьява, то — як знак чаго?»


Пятровіч: «Я б не рабіў такіх прагнозаў, што застанецца ў гісторыі літаратуры, што — не. Плошча застанецца ўвогуле як факт, які адбыўся насуперак усяму, як стыхійны, адчайны крок моладзі, як пратэст супраць фальсыфікацыяў, якія адбываліся на вачах усяго грамадства — адкрыта і цынічна. Мне хочацца, каб Плошча засталася ў памяці людзей не як нешта пэсымістычнае і адчайнае, а як перамога маладых людзей над страхам у сабе, як перамога іх над дзяржаўнай машынай. Гэты астравок свабоды, які ўзьнік у цэнтры Менску 20 сакавіка і пратрымаўся амаль чацьвёра сутак, увесь час жыў у чаканьні, калі ўлады апамятаюцца, накінуцца і зьнішчаць яго. І ўсе, хто прыходзіў туды ад першых дзён, ад першых начэй, ведалі, што гэта ўсё скончыцца, вядома ж, не перамогай, а паразай. І тым ня менш, гэтыя хлопцы і дзяўчаты ішлі на плошчу, бо ім абрыдла мана, якая пануе навокал, ім абрыдлі гэтак званыя „элегантныя перамогі“.

Я лічу, — і ў канцы кнігі гэта гучыць, — хлопцаў і дзяўчатаў, якія былі на Плошчы, героямі.
Моладзь хацела паказаць сваю нязгоду, рызыкуючы сваёю будучыняй, сваім здароўем, сваёй кар’ерай, увогуле, сваёй пэрспэктывай у гэтай дзяржаве. Так яно ўрэшцэ і сталася: больш за 500 чалавек былі арыштаваныя, сотні чалавек пасьля Акрэсьціна вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі, працягваць вучобу за мяжой. Я лічу, — і ў канцы кнігі гэта гучыць, — хлопцаў і дзяўчатаў, якія былі на Плошчы, героямі. Думаю, што такая ацэнка з гадамі будзе дадзена ўсім тым, хто быў там у тыя дні і ночы».

Скобла: «Прэзэнтацыя кнігі „Плошча“ прайшла 19 сакавіка ва Ўправе БНФ у Менску. Там невялічкая заля чалавек на 60-70. Ты большай не шукаў, ці адмыслова прывязаў прэзэнтацыю кнігі з такой назвай да штаб-кватэры палітычнай партыі?»


Пятровіч: «Я добра ведаю сёньняшнюю сытуацыю ў нашай краіне, дзе нават звычайныя літаратурна-мастацкія вечарыны забараняюцца. Яскравы прыклад — вечарына ў сталічным Палацы мастацтва, прысьвечаная выхаду пяцідзесятага тому кніжнай сэрыі „Беларускі кнігазбор“. Вялікая праца шматлікіх людзей, праца на карысьць Беларусі, чыста культурная акцыя, і тая нядаўна была забароненая. Таму я і не шукаў іншых памяшканьняў, каб не падстаўляць іншых людзей. Згадаць пра падзею, якая адбылася чатыры гады таму, было варта, расказаць людзям, што зьявілася кніга пра Плошчу, было варта, нагадаць беларусам, што была ў іх жыцьці такая падзея, таксама было варта. І лепшага памяшканьня, чым сядзіба БНФ, проста і не магло быць. Там самі сьцены дыхаюць вольнасьцю, свабодай, якая павінна ўрэшце выйсьці з тых сьценаў і запоўніць вуліцы ня толькі Менску, але і ўсіх гарадоў і вёсак Беларусі».

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG