Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Глыбокім вада з крана небясьпечная для жыцьця


Пітную ваду падвозяць малакавозам
Пітную ваду падвозяць малакавозам

Цэлы мікрараён райцэнтру ня можа спажываць водаправодную ваду, бо ў яе трапілі каналізацыйныя сьцёкі. Дзясяткі глыбачан атруціліся, некалькі чалавек, у тым ліку і дзеці, трапілі ў шпіталь.

Пра небясьпеку жыхароў вуліц Чыгуначная, Паўночная, Энэргетыкаў ніхто не папярэдзіў. Людзей насьцярожыў смурод, які ішоў ад вады, і жаўтаваты колер. Аднак пакуль зьвярталіся на санстанцыю ды чакалі адказу, у шпіталі апынуліся дзясяткі людзей.

Вырак санлекараў быў несуцяшальны: водаправодную ваду спажываць можна толькі для тэхнічных патрэбаў. Таму для жыхароў мікрараёну арганізавалі падвоз пітной вады: з 9 да 11 раніцы і з 17 да 19 вечара пад’яжджае малакавоз, і людзі стаяць у чарзе зь вёдрамі. Чэргі бываюць вялікія, бо бяз чыстай вады засталіся і жыхары прыватнага сэктару, і два двухпавярховыя інтэрнаты — усяго больш за 200 чалавек.

Пакуль праблема якасьці вады застаецца нявырашанай: у ёй ужо цягам двух тыдняў падвышанае ўтрыманьне аміяку і кішэчнай палачкі, бо сьцёкі трапілі ў рэзэрвуар, адкуль вада падаецца ў дамы і вулічныя калёнкі. Яе двойчы хляравалі, але гэта не дапамагло. А сыстэма ачышчальных збудаваньняў, паводле тутэйшых жыхароў, не працуе ўжо каля дзесяці гадоў.

Як доўга будзе трываць забарона на ўжываньне водаправоднай вады, глыбачанам ня кажуць. Найверагодней, трэба ладзіць новую сьвідравіну. Пітную ваду падвозяць пакуль безь перабояў, але гэта нязручна: на дзень для сям’і трэба некалькі вёдзер вады, так што да малакавоза трэба хадзіць або некалькі разоў, або цягнуць на сабе вялікі бачок. Да таго ж застаецца небясьпека, што вадой з крану могуць атруціцца маленькія дзеці, калі за імі не ўпільнаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG