Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: замест беларускай мовы — расейская з мацюкамі


У Магілёве не засталося прыпынкаў гарадзкога транспарту з назвамі на беларускай мове. Беларускамоўе зьнікла, як на прыпынках усталявалі новыя павільёны.


У аддзеле транспарту й сувязі Магілёўскага гарвыканкаму адказаць на пытаньне, з чым зьвязаная моўная дыскрымінацыя, не змаглі й паабяцалі разабрацца.

“Да сёньняшняга дня такіх пытаньняў не было. Пытаньне тут — альбо па-руску паўсюдна павінна быць, альбо па-беларуску. Я так разумею. Як гэта павінна быць насамрэч, я вам зараз не магу сказаць, я пастараюся высьветліць, каб мець уяўленьне пра гэта самому”, — зазначыў супрацоўнік аддзелу.

У Магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы цьвердзяць, што адсутнасьць беларускамоўных шыльдаў на прыпынках — не адзіны факт моўнай дыскрымінацыі ў рэгіёне. Такія факты не стасуюцца з зацьверджаным старшынёй аблвыканкаму Пятром Руднікам комплексным плянам папулярызацыі беларускай мовы на Магілёўшчыне, лічыць кіраўнік арганізацыі Алег Дзьячкоў.

“Мы зьбіраем падобныя факты й рыхтуем лісты на імя Пятра Рудніка і старшыні гарвыканкаму Станіслава Барадаўкі. Спачатку мы ім падзякуем за гэтую праграму, а потым паведамім, што яна, на жаль, не выконваецца”.

Паводле гарадзкой арганізацыі ТБМ, у Дрыбінскім і Шклоўскім раёнах мяняюць беларускамоўныя шыльды назваў паселішчаў на расейскамоўныя. На чыгуначным вакзале Магілёву расклад руху цягнікоў таксама памянялі на расейскамоўны.

Замест беларускамоўя ў спальныя раёны Магілёва прыходзіць іншая мова. Напрыклад, учора ў мікрараёне “30 год перамогі” на сьцяне дома № 22 зьявіўся надпіс на расейскай мове з даважкам брыдкаслоўя. Яго адрасавалі канкрэтнай гістарычнай асобе зь імем Адольф. Каб не было сумненьня, хто такі Адольф, надпіс суправадзілі свастыкай. Адольфа просяць прачнуцца і разабрацца зь невядомымі “мусорами”.

У домакіраўніцтве № 15 паведамілі, што надпіс ужо замалёўваюць і зьбіраюцца скардзіцца ўчастковаму міліцыянту, бо такія надпісы зьяўляюцца ўсё часьцей. У камунальнікаў, аднак, мала спадзеву, што вінаватага знойдуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG