Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага


22 сакавіка 1864 году ў Вільні загінуў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі. У сталіцы Літвы ўшанавалі памяць змагара ўрачыстай акадэміяй і шэсьцем у цэнтры горада зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.


Шэсьце пачалося ад крыжа змагарам за свабоду Літвы, які стаіць над мэмарыяльнай плітой паўстанцам 1863-1864 гадоў каля касьцёла Сьвятога Якуба на Лукішскім пляцы. Удзельнікі сабраліся, нягледзячы на дождж, а з раніцы памятнае месца прыбралі і ўпрыгожылі кветкамі і сьвечкамі актывісты «Віленскага беларускага музэя імя І. Луцкевіча». Далей грамада са сьцягамі прайшла ад таго месца, дзе стаяла шыбеніца (каля будынку суда пры Лукішскай плошчы, там цяпер знаходзіцца сымбалічны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў) на праспэкце Гедыміна да Замкавай гары, дзе Каліноўскі быў пахаваны. У шэсьці ўзялі удзел каля 60–70 чалавек, віленчукі, актывісты зь Беларусі, студэнты ЭГУ і каля 20-ці беларускіх студэнтаў-каліноўцаў, якія адмыслова дзеля гэтага прыехалі з Польшчы.


Любоў Кучынская, студэнтка Гуманітарнай Акадэміі імя Аляксандра Гэйштара з горада Пултузка з-пад Варшавы, прадстаўляла «Эўрапейскую Беларусь»:

«У Вільні я ўпершыню, ехалі ўначы, сёньня ж уначы вяртаемся, бо заўтра працоўны дзень. Не шкадую, што прыехалі, таму што такія рэчы трэба памятаць, таму што ў нас нічога іншага такога ўзроўню няма. Трэба берагчы тое, што ў нас ёсьць, і прыехаць менавіта на гэтае месца. Гэта наш абавязак».

Перад шэсьцем у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце ў Вільні прайшла ўрачыстая акадэмія. З адкрытымі лекцыямі выступілі гісторыкі і краязнаўцы. Беларускі гісторык Уладзімер Хільмановіч з Гародні:

«Нягледзячы, што гэта адносна нядаўняя гісторыя, гісторыя другой паловы 19-га стагодзьдзя, паўстаньне вельмі слаба асьветленае, слаба вывучанае. Часьцяком я кажу, што нават пра нашае сярэднявечча мы ведаем болей, бо больш напісана грунтоўных працаў. Па-сутнасьці, няма яшчэ грунтоўных манаграфій пра гэтае паўстаньне ва ўсёй беларускай гістарыяграфіі. Трэба вывучаць, каб нашая мінуўшчына не абрастала новымі мітамі, каб сутнасьць гэтага паўстаньня была зразумелая кожнаму патрыёту Беларусі».

Дзень памяці Кастуся Каліноўскага ў Вільні арганізавалі актывісты «Беларускай нацыянальнай памяці» з Варшавы разам студэнтамі ЭГУ, актывістамі моладзевай ініцыятвы “СтудАльянс”, да якіх далучыліся віленскія беларускія арганізацыі.

Старшыня «Беларускай нацыянальнай памяці» Анатоль Міхнавец:

«Шмат гістарычных падзеяў, але ёсьць два дні — дзень нараджэньня Кастуся Каліноўскага і дзень сьмерці, якія мы павінны ўзгадваць. Таму мы ўзгадалі дзень яго нараджэньня маршам на лыжах у Мастаўляны, дзе ён нарадзіўся, а на дзень сьмерці мы прыехалі ў Вільню, дзе ён загінуў i спадзяемся, што гэта стане традыцыйным кожны год. Калі б тут нешта ладзілі мясцовыя беларусы, мы б не прыехалі, можа. А так, мы называем сябе «Беларускай нацыянальнай памяцьцю» і не прыехаць нічога не зрабіць проста было б сорамна. Таму мы тут, і мы рады і ўдзячныя, што мясцовыя беларусы далучыліся і падтрымалі».

Ніякага памятнага знаку на Замкавай гары ў Вільні, дзе пахаваны Кастусь Каліноўскі, цяпер няма, хаця месца пахаваньня дакладна вядомае. На гэтым месцы удзельнікі шэсьця запалілі сьвечкі, усклалі кветкі.

«Беларуская нацыянальная памяць» заклікала ўсіх беларусаў у тых гарадах, дзе ёсьць вуліцы імя Кастуся Каліноўскага ці памятныя знакі ў гонар героя, ушанаваць яго ў дзень сьмерці, 22 сакавіка, -- запаліць сьвечкі, пакласьці, дзе магчыма, кветкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG