Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штонядзелі чытаем вершы Ларысы Геніюш


Сёлета 9 жніўня Ларысе Геніюш спаўняецца сто гадоў. З гэтай нагоды недзяржаўная “кнігарняЎгалярэі” ад 21 сакавіка і да канца году штонядзелі ладзіць літаратурныя імпрэзы.


У нядзелю 21 сакавіка ў Менску ў “кнігарніЎгалярэі” распачынаецца літаратурная акцыя “Геніюш верш”. У яе праграме — чытаньне і абмеркаваньне любімых твораў легендарнай беларускай паэткі. Распавядае дырэктарка “кнігарніЎгалярэі” Аляксандра Дынько:

Аляксандра Дынько
“Мы хацелі б прадставіць ня проста творчасьць Ларысы Геніюш, а ейную постаць так, нібыта яна жывая, нібыта яна з намі, прадставіць такой блізкай да кожнага беларуса”.

Спадарыня Дынько прапануе ня проста прыйсьці на сустрэчу, а прынесьці з сабой нейкія рэчы, зьвязаныя з асобай паэткі. Лісты, кнігі, фотаздымкі можна будзе пакінуць на адмысловым стэндзе, каб іх пабачылі ўдзельнікі наступных імпрэзаў.

Кожны раз на імпрэзе будзе адмысловы госьць. Першым арганізатары запрасілі гісторыка Міхася Чарняўскага. У ягоным архіве захавалася шмат рукапісаў Ларысы Геніюш. У свой час ён вывез з Зэльвы, дзе пасьля вызваленьня з ГУЛАГу ў 1956 годзе жыла паэтка, ейныя ўспаміны, якія потым былі надрукаваныя пад назовам “Споведзь”. У нядзелю спадар Чарняўскі прачытае несапсаваны савецкай цэнзурай верш “Зубры”, на арыгінале якога Ларыса Геніюш напісала прысьвячэньне Зянону Пазьняку.

Жыцьцё Ларысы Геніюш, якая за любоў да Беларусі была асуджаная на дваццаць пяць гадоў сталінскіх лягераў, а пасьля вызваленьня не прыняла савецкага грамадзянства, для адраджэнскага пакаленьня шасьцідзясятых-сямідзясятых было духоўным узорам. Гаворыць Міхась Чарняўскі:

Міхась Чарняўскі
“Яе жыцьцё было ўзорам нязломнасьці, узорам веры, веры ў Бацькаўшчыну, у Беларусь, у яе нязломнасьць і несканчонасьць, ну і веры таксама ў Бога. Яна была надзвычай моцным вернікам”.

Арганізатары разьлічваюць, кажа Аляксандра Дынько, што імпрэзы ў “кнігарніЎгалярэі” прывабяць тых, якія ніколі не чыталі вершаў легендарнай паэткі, бо творчасьць яе не вывучаецца ў беларускіх школах”.

“Магчыма, гэта будуць людзі, якія да гэтага ня ведаюць пра яе існаваньне. І мне хацелася б, каб як найбольш было такіх людзей сярод слухачоў”.

2010 год нацыянальная грамадзкасьць краіны абвясьціла годам Ларысы Геніюш, і, пачынаючы ад 21 сакавіка, цягам году літаратурныя сустрэчы ў “кнігарніЎгалярэі”, якая месьціцца на праспэкце Незалежнасьці, 37а, будуць ладзіцца штонядзелі. Пачатак а 15 гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG