Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Міхайлаў: Альтэрнатыўная служба для мяне прынцыповае пытаньне


Учора на волю выйшаў асуджаны на тры месяцы адміністратыўнага арышту Іван Міхайлаў, якога пакаралі за адмову служыць у войску паводле рэлігійных перакананьняў. Тэрмін Іванавага арышту меўся скончыцца праз чатыры дні.За тыдзень да заканчэньня тэрміну зьняволеньня Менскі абласны суд прызнаў рашэньне раённага суду незаконным і пастанавіў да новага разбору выпусьціць Івана з-пад варты на падпіску аб нявыедзьдзе.


(Абламейка:) “Іван, як у вас прайшоў першы дзень на волі?”

(Міхайлаў:) “Мяне сустракалі і бацькі, і знаёмыя. Я нават ня ведаў, што мяне сёньня выпусьцяць, толькі ведаў, што 9 сакавіка павінен адбыцца разгляд маёй касацыйнай скаргі, а што там вырашылі, мне ніхто не паведаміў. І я спачатку не разумеў, што да чаго, і толькі калі выпусьцілі, перадалі лісты зь віншаваньнямі з нагоды дня народзінаў, зразумеў. Такім чынам, я прыехаў дадому, адсьвяткаваў і свой дзень нараджэньня, і дзень вызваленьня”.

(Абламейка:)
“Чаго вы чакаеце ад новага разгляду вашай справы?”

(Міхайлаў:)
“Канешне, спадзяюся, што мяне прызнаюць нявінна асуджаным”.

(Абламейка:) “Ці азначае прысуд раённага суду, які паслаў вас за краты на тры месяцы, што вы ўжо вольныя ад вайсковай службы, што вы сваё пакараньне за адмову служыць ужо адбылі?”

(Міхайлаў:) “Нават калі б я і цалкам адбыў я сваё пакараньне, і не было б перагляду справы, усё адно мяне ніхто не пазбаўляе ад службы ў войску. Усё роўна да 27 год я яшчэ сутыкнуся з гэтай праблемай і буду вырашаць яе, калі ня будзе вырашана само пытаньне альтэрнатыўнай службы”.

(Абламейка:)
“Ваш арышт набыў міжнародны розгалас. Учора Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі, там ваша імя ня згадваецца, але ў праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнт патрабаваў вашага вызваленьня. Ці адчувалі вы ў зьняволеньні міжнародную падтрымку?”

(Міхайлаў:) “Я адчуваў такую падтрымку праз сваіх сваякоў, праз тое, што яны мне распавядалі аб гэтым”.

(Абламейка:)
“Іван, не маглі б вы больш падрабязна расказаць пра свае рэлігійныя перакананьні? Да якой рэлігійнай суполкі вы належыце?”

(Міхайлаў:)
“Я належу да габрэйскай місіянскай суполкі, а яна ў сваю чаргу належыць да Саюза хрысьціян веры Эвангельскай Беларусі. Гэта пратэстанцкая царква і адрозьніваецца ад звычайнай тым, што больш надаецца ўвагі габрэйскім караням, сэнсу існаваньня габрэяў у Беларусі і сьвеце, таму, як габрэі могуць ставіцца да Ісуса Хрыста, да сучасных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў”.

(Абламейка:) “Значыць, туды ўваходзяць пераважна габрэі?”

(Міхайлаў:) “І габрэі, і негабрэі туды ходзяць”.

(Абламейка:) “Чаму, на вашу думку, такому як вы верніку нельга служыць у войску?”

(Міхайлаў:) “Таму што адна з запаведзяў гучыць "Не забі!", а трымаць зброю ў руках або нават не трымаючы зброю падтрымліваць гэты вайсковы апарат для мяне непрымальна”.

(Абламейка:)
“Нагадайце, калі ласка, пра склад вашай сям’і і дзе вы працавалі да арышту?”

(Міхайлаў:) “Я сам са шматдзетнай сям'і, у мяне два браты і чатыры сястрычкі, а працаваў да арышту я ў прыватнай фірме і займаўся мантажом розных мэталякатрукцыяў”.

(Абламейка:)
“Будзеце змагацца за альтэрнатыўную службу да канца? У некага можа ўзьнікнуць пытаньне, калі вам пагражае даўжэйшае зьняволеньне, ці ня лепш было б пайсьці ў войска?”

(Міхайлаў:)
“Для мяне гэта пытаньне прынцыповае, я не выбіраю тое, што для мяне лягчэй. Бо, магчыма, і сапраўды было б лягчэй пайсьці ў войска, але я буду змагацца і далей за альтэрнатыўную службу, бо гэта, па-першае, тычыцца мяне, а па-другое, таму што гэта стала для мяне прынцыповым пытаньнем”.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам праходжаньне вайсковай службы у тым ліку і шляхам альтэрнатыўнай. Аднак адпаведны закон так і не быў прыняты беларускім парлямэнтам з моманту прыняцьця Канстытуцыі ў 1994 годзе. Маецца таксама і рашэньне Канстытуцыйнага суду ад 2000 году, у якім было адзначана, што парлямэнт павінен прыняць адпаведны закон, а грамадзяне маюць права на альтэрнатыўную службу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG