Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя сустрэнецца зь Сікорскім


Радаслаў Сікорскі
Радаслаў Сікорскі

Дэлегацыя беларускай апазыцыі, якая знаходзіцца зь візытам у Варшаве, правядзе шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі польскіх уладаў і міжнародных структур. На сёньня заплянавана сустрэча зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.


У складзе дэлегацыі лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэры АГП Анатоль Лябедзька і “Справядлівага сьвету” Сяргей Калякін, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, палітык Алесь Міхалевіч. Падобныя візыты, на запрашэньне польскага міністэрства замежных спраў, практыкаваліся і раней. Аляксандар Мілінкевіч адзначыў:

Аляксандар Мілінкевіч
“Беларусь – адна з прыярытэтных краінаў у замежнай палітыцы Польшчы. Зразумела, што сытуацыя няпростая, даволі складаная. І дыялёг хоць і дае пэўныя пазытыўныя вынікі, але ёсьць і расчараваньні ў сэнсе лібэралізацыі. Я думаю, размова пойдзе аб тым, як зрабіць гэтую новую тактыку Эўразьвязу і Польшчы таксама больш эфэктыўнай”.

Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька сустрэнуцца таксама з дырэктарам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ.

“АДС увесь час знаходзіцца ў камунікацыях з БДІПЧ. І гэта ўжо будзе трэцяя сустрэча са спадаром Ленарчычам. Натуральна, што галоўная тэма для абмеркаваньня – гэта мясцовая выбарчая кампанія. Але ня толькі. Мы маем намер паразмаўляць наконт зьменаў, якія зроблены ў выбарчым заканадаўстве. У нас тут ёсьць свае ацэнкі і падыходы. Застаецца адкрытым пытаньне, што мусім мы рабіць унутры краіны, міжнародная супольнасьць і БДІПЧ, каб заканадаўства адпавядала міжнародным стандартам, а самае галоўнае – каб у краіне праводзіліся свабодныя і справядлівыя выбары”, – кажа Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька

Падобны візыт беларускай апазыцыі ў Варшаву быў прыкладна год таму. Паводле спадара Лябедзькі, тады агучваліся розныя прапановы па стратэгіі, і цяпер ёсьць магчымасьць аналізу таго, што адбылося. Анатоль Лябедзька выказаў спадзяваньне, што па бальшыні пытаньняў сябры дэлегацыі, якія прадстаўляюць розныя палітычныя сілы, будуць мець адзіную пазыцыю:

“Прайшоў год і мы можам ужо не прагназаваць што будзе, а аналізаваць тое, што было. І што тычыцца АДС, то тут у нас моцная пазыцыя. Усё, што мы прагназавалі спраўдзілася. А ўсе тыя прапановы, якія мы рабілі год таму, захавалі сваю актуальнасьць. Ёсьць спадзяваньне, што гэта ня будзе паездка дзеля галачкі, а насычаная канкрэтным зьместам, прапановамі, а самае галоўнае, што пасьля яе будуць нейкія канкрэтныя дзеяньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG