Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Оскара" атрымаў фільм пра вайну ў Іраку, а не на Пандоры


У тэатры Кодак у Лос-Анджэлесе сёньня прайшла 82-я цырымонія ўручэньня прэміяў амэрыканскай кінаакадэміі "Оскар". Абедзьве галоўныя ўзнагароды -- за найлепшы фільм і рэжысуру -- дасталіся рэжысэрцы Кэтрын Бігелоў за карціну пра будні амэрыканскіх сапёраў у Іраку "Hurt Locker", вядомага ў беларускім пракаце як "Уладар буры".


Адзін з фаварытаў у намінацыях на гэтыя прэміі, былы муж Бігелоў Джэймс Камэрун, атрымаў за сваю 3-D кінакарціну "Аватар" толькі прызы за найлепшыя спэцыяльныя эфэкты, мастацкую апрацоўку і апэратарскую працу.

Найлепшым акторам быў прызнаны Джэф Брыджэс у фільме "Шалёныя сэрцы". Оскара за актора другога пляну атрымаў Крыстоф Уолз за сваё выбітнае выкананьне палкоўніка СС у таранцінаўскіх "Ганебных вырадках". Сандра Булак атрымала за ролю моцнай маці Оскара ў намінацыі "галоўная жаночая роля" (па гэтай жа намінацыі ёй дастаўся і тытул найгоршага выкананьня ў намінацыі "Маліна", якая прайшла напярэдадні). Акторкай другога пляну стала Мо'Нік у фільме, перакладзеным у беларускім пракаце як "Тужся" ("Precious").

Намінаваная ў катэгорыі "найлепшы кароткамэтражны фільм" стужка ірляндзкай рэжысэркі Хуаніты Вільямс "Дзьверы" (The Doors), паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва", не атрымала ўзнагароды. Оскар у гэтай намінацыі дастаўся фільм "Кватаранты" Яхіма Бэка.

Сёлетняя цырымонія была адкладзеная на пазьнейшы, чым звычайна тэрмін з-за Алімпіяды, якая праходзіла адначасова са звыклымі датамі правядзеньня ўрачыстасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG