Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштоўкі «Гавары праўду» да адміністрацыі прэзыдэнта не даходзяць


Літаральна тыдзень таму стартавала новая грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» Першай акцыяй кампаніі стаў заклік да грамадзянаў накіроўваць у адміністрацыю кіраўніка краіны адмысловыя паштоўкі з паведамленьнямі пра мясцовыя праблемы. І адразу ж кампанія сутыкнулася з процідзеяньнем уладаў.

Грамадзкі актывіст Віктар Гарбачоў з Барысава распавёў, што ў рэгіёнах людзі зь вялікай цікавасьцю паставіліся да першай акцыі кампаніі «Гавары праўду!»:

«У людзей вельмі шмат накіпела праблем, скаргаў, заяваў да мясцовых органаў улады, рэспубліканскіх, таму што многае хаваецца. І калі першыя паштоўкі зьявіліся, людзі да мяне прыходзілі і казалі, што гэта такая добрая ідэя — маўляў, я буду пісаць, што завод наш стаіць, што зарплату ўрэзалі. Вайскоўцы, афіцэры пішуць пра тыя праблемы, якія існуюць у арміі».

Віктар Гарбачоў распавёў, што першыя паштоўкі пайшлі па адрасе, але мясцовыя ўлады вельмі хутка схамянуліся:

«Ёсьць інфармацыя, што на поштах яны зьбіраюцца, блякуюцца. Паступіла каманда іх не адпраўляць. Паступаюць яны ў ідэалягічныя аддзелы райвыканкамаў, аналізуюцца, якія можна адправіць, якія — не адпраўляць. Ёсьць процідзеяньне. Улада добра працуе, ідэалягічныя аддзелы пачалі аказваць пэўнае процідзеяньне. Як казала спадарыня Пяткевіч, „тоньше, умнее, хитрее“. Праяўляюць хітрасьць».

Грамадзкі актывіст з Магілёва Ігар Каваленка кажа, што з такімі ж праблемамі людзі сутыкаюцца і ў Бабруйску:

Паштоўкі, якія людзі адпраўляюць, зьбіраюць на пошце, пакуюць у мяхі і потым кудысьці дзяюць.
«Адзін чалавек мне патэлефанаваў з Бабруйску і сказаў, што паштоўкі, якія людзі адпраўляюць, зьбіраюць на пошце, пакуюць у мяхі і потым кудысьці дзяюць — можа, выкідаюць, можа, яшчэ куды. Мой чалавек спрабаваў высьветліць, хто даў такі загад, куды іх дзяюць. Але той чалавек, які працуе на пошце, пабаяўся за сваю працу і больш нічога не распавёў».

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў такім чынам пракамэнтаваў перашкоды з боку ўладаў:

«Кампанія „Гавары праўду!“ зь першых крокаў, на жаль, сутыкнулася з тымі ж самымі праблемамі, — хоць мы адразу зрабілі заяву, што мы — не палітычная акцыя, — зь якімі сутыкаецца ўся апазыцыя. Пачалі адразу тыя паштоўкі, якія мы выпусьцілі, зьнішчацца. Па-першае, пачалі адсочваць валянтэраў, якія гэтыя паштоўкі кідаюць. На поштах ёсьць такія загады — канечне, яны не пісьмовыя — зьнішчаць паштоўкі. А людзі, дарэчы, пачалі актыўна пісаць. Зь месцаў шмат інфармацыі цікавай. І якраз менавіта тое, што гэта інфармацыя зь месцаў і яна ідзе наверх, — прычына таго, што на месцах так паставіліся да ініцыятывы апэратыўна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG