Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якубоўка баіцца паводкі і спадзяецца на ласку Божую


 "Да паводкі заўсёды падрыхтаваны"
"Да паводкі заўсёды падрыхтаваны"

Вясной, калі ў Гомелі моцна разьліваецца рака Сож, асабліва пакутуе ад вады прыгарадная вёска Якубоўка. Яна месьціцца на левабярэжжы, акурат насупраць знакамітага гомельскага парку. Сюды далятае голас званоў Петрапаўлаўскага сабору. Адсюль відаць высотныя гмахі Гомелю, які даўно ўключыў Якубоўку ў свае абшары, але так і ня вырашыў, якім чынам абараніць яе ад паводкі.


Апошні раз Якубоўка “плавала” ў 2004 годзе. Ад абласнога цэнтру адрэзала дзясяткі дамоў.

Апавядае спадар Васіль. Ён жыве тут у Трэцім Палявым завулку:

Човен у Васіля яшчэ пад сьнегам


“Калі было вялікае навадненьне, усе хаты плавалі тут, усе вуліцы былі залітыя. Усё было ў вадзе”.

Гаспадар апавёў, што пасьля апошняй паводкі гарадзкія ўлады падсыпалі дарогу да пешаходнага моста праз Сож, але гэта людзей не ратуе:

“Вось тут зрабілі дарогу, падсыпалі - яна ідзе да пешаходнага моста. Паднялі дарогу, трубу паклалі. Але ўсё адно, калі вада ідзе, усё гэта перамывае, пералівае. Уся ўвага цяпер на Пана Бога. Човен маем. Калі ўжо вада наблізіцца, будзем з падвала бульбу падымаць, усю гародніну, слоікі - і ў хату. А спатрэбіцца, у човен - і на правы бераг Сажа, на гару”.

Завулак Палявы: зіма яшчэ трымае паводку ў калюгах.


Пэнсіянэр спадар Пётар жыве ў Якубоўцы амаль паўвека. Перажыў тут ужо не адну паводку, і самую вялікую - на пачатку 70-х гадоў. На цэнтральнай вуліцы, якая носіць назву Палявая, ён і апавёў свой прагноз на сёлетнюю вясну:

Пятро прадбачыць на галоўнай вуліцы лодкі

“Калі цяпло ўдарыць рэзка, то вада павінна быць. Паплывём! Вада й на вуліцу прыходзіць ад Сажа. Разьліў ідзе праз балотца - і па вуліцы вада бяжыць. Тут на лодках ужо езьдзяць”.

Мясцовыя жыхары апавядаюць, што міліцыя й выратавальнікі нядаўна перапісвалі ў Якубоўцы жыхароў, якія асабліва церпяць ад вады. Перапісаць перапісалі, а куды й як будуць адсяляць і ці наагул будуць, ніхто толкам ня ведае.

Асабліва гэтая сытуацыя трывожыць цыганоў. Яны тут жывуць вялікімі сем'ямі, трымаюць жывёлу - найперш коней.

Гаворыць спадар Гардзей - ён жыве ў сям'і зь дзевяці чалавек:

Гардзей з Машкай

“Нават ня ведаю, што рабіць сёлета. Кажуць, вялікая вада будзе. І куды дзявацца? Жывёла ж яшчэ ёсьць - кабыла, жарабя. Няма куды ісьці, куды высяляцца. Хадзілі, казалі, што дапамагаць будуць, што кудысьці ў вёску перасяляць будуць. А куды й як - ня ведаю”.

Вуліца Палявая - цэнтральная ў Якубоўцы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG