“Аўтазак” ля прахадной ільнокамбінату быў сфатаграфаваны ўчора ўвечары. Сёньня з гэтага месца ён зьнік — кажуць, што спэцмашына ўжо недзе на тэрыторыі прадпрыемства.
Зь якімі мэтамі яго падрыхтавалі, невядома. Работнікі камбінату выказваюць дзьве вэрсіі. Першая выглядае больш традыцыйнай: у Воршы баяцца акцыяў пратэсту незадаволеных рабочых, і “аўтазак” прызначаны для іх. Другая вэрсія наступная: паколькі ільнокамбінат даўно ў заняпадзе, на складзе назапасілася шмат нерэалізаванай прадукцыі, у тым ліку вырабленай яшчэ ў 2003 годзе, а заробкі рабочым выплочваюцца нерэгулярна, вынікам прыезду Лукашэнкі можа стаць звальненьне ці нават арышт кіраўніцтва.
Абедзьве вэрсіі агучваюцца выключна шэптам: праз кожныя 10 мэтраў па праспэкце Тэкстыльшчыкаў і ў цэнтры Воршы стаяць міліцыянты.
Афіцыйная мэта візыту Аляксандра Лукашэнкі — гэта знаёмства з сацыяльна-эканамічным жыцьцём Віцебшчыны і абмеркаваньне сытуацыі ў ільнаводчай галіне краіны.