Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За піва пакуль не караюць вялікімі штрафамі


Ахвотнікаў піць піва на вуліцы паменела.
Ахвотнікаў піць піва на вуліцы паменела.

Супрацоўнікі менскай міліцыі лічаць, што вялікія памеры штрафаў за ўжываньне піва ды іншых алькагольных напояў у грамадзкіх месцах ужо далі спадзяваны эфэкт. Колькасьць пратаколаў пасьля 23 лютага, калі пачалі дзейнічаць дадатковыя артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу, павялічылася ў паўтара-два разы.

Пакуль міліцэйскае кіраўніцтва не дае найвышэйшых штрафаў — ад 280 тысяч да 525 тысяч рублёў, абмяжоўваючыся мінімальным памерам — 35—50 тысяч.

Супрацоўнікі менскай міліцыі зазначаюць, што аматараў піва на вуліцах значна паменела. Каля алькагольных крамаў ужо не відаць натоўпаў грамадзян з бутэлькамі і плястыкавымі кубкамі.

Кіраўнік аддзелу прафіляктыкі правапарушэньняў міліцыі Заводзкага раёну Віталь Жукавец паведаміў «Свабодзе»:

«Розныя былі — і рабочыя, і студэнты. Такіх масавых зграмаджэньняў людзей каля крамы, як гэта было раней, цяпер няма. Мы ж адразу арганізавалі масавыя рэйды. Інфармацыя хутка дайшла да грамадзянаў. Дый у грамадзкім транспарце менш стала „алканаўтаў“ і моладзі з півам».

23 лютага пачалі дзейнічаць дадатковыя артыкулы Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якіх за ўжываньне піва можна атрымаць штраф 280 тысяч рублёў (амаль 100 даляраў), а за паўторнае парушэньне — 525 тысяч. Пасьля гэтага колькасьць пратаколаў павялічылася ў паўтара-два разы. Калі раней у адным раёне Менску за тыдзень складалі прыкладна 110 пратаколаў, то цяпер 250 і болей.

Заканадаўчая норма дазваляе кіраўніку міліцыі асабіста прызначаць памер штрафу, калі парушальнік прызнае сваю віну. Пакуль аматараў выпіць піва на вуліцы караюць мінімальным штрафам — ад 35 да 50 тысяч рублёў.

Віталь Жукавец: «Кіраўнік ці ягоны намесьнік разглядае. У асноўным гэта мінімальны штраф — адна базавая. 35-40 тысяч выпісваем. Ну навошта? Уявіце сабе: за расьпіцьцё гэтага піва — і адразу чалавека
Уявіце сабе: за расьпіцьцё гэтага піва — і адразу чалавека на 280 тысяч.
на 280 тысяч. Няправільна, напэўна, зразумеюць».

Былы старшыня Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў лічыць, што вялікія памеры штрафаў супярэчаць асноўным патрабаваньням Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, асноўная функцыя якога — прафіляктыка правапарушэньняў.

«Памеры адказнасьці ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях вельмі высокія. Больш за 90% адказнасьці — гэта штрафныя санкцыі. Яны вельмі вялікія і даволі часта не зьвязаныя ні зь віной парушальніка, ні зь ягоным заробкам, матэрыяльным станам. Мы павінны разумець, што калі ёсьць правапарушэньне, то адказнасьць за гэта павінна быць, і яна заўсёды цягне за сабой нейкія абмежаваньні. Але галоўнае — ня самі меры адказнасьці, а прафіляктыка».

Што да памераў штрафаў, то спадар Фадзееў спасылаецца на заканадаўчыя нормы замежных краінаў, дзе ўлічваюць матэрыяльнае становішча чалавека і ягоны статус.

У дадатковых артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу прадугледжаны вялікія штрафы за знаходжаньне ў цёмны час сутак на дарозе бязь флікера, а таксама за кіраваньне аўтамабілем нападпітку.

У менскім абласным ДАІ паведамілі, што ад 23 лютага па вобласьці затрымалі 123 кіроўцаў у нецьвярозым стане. Але за першы раз нікога не аштрафавалі на 10 з паловай мільёнаў рублёў. Супрацоўнікі ДАІ ў пратаколах пазначаюць суму да 35 базавых велічыняў.

«Колькасьць крыху зьнізілася, але аб’ектыўна цяпер маразы і крыху менш людзей стала езьдзіць. 123 чалавекі мы злавілі. Яшчэ ж ня ўсе пратаколы разгледзелі. Але адназначна будзе пазбаўленьне правоў на 3 гады і штраф, а калі правоў няма, дык толькі штраф ад 15 да 35 базавых».

Такім чынам, улады не сьпяшаюцца караць правапарушальнікаў вялізнымі штрафамі, якія прадугледжваюцца новымі нормамі закону. Назіральнікі тлумачаць гэта тым, што на тле падаражэньня цукру, бэнзіну, праезду, камунальных паслугаў, якое адбылося за адзін тыдзень, масавае пакараньне вялікімі штрафамі можа прывесьці да стыхійных пратэстаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG