Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Засыплеце лужыну перад пад’ездам — тады прагаласуем”


Жыхара райцэнтра Глыбокае, актывіста стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Зьмітра Лупача, які хоча вылучацца кандыдатам у дэпутаты, выклікалі ў ваенкамат і абвясьцілі, што ў красавіку, падчас выбарчай кампаніі, ён мусіць скіравацца на вайсковыя зборы — як сувязіст запасу.


ВІЦЕБШЧЫНА


Хочаш у дэпутаты? Трапіш у казарму


Зьміцер Лупач, які вырашыў балятавацца ў Глыбоцкі райсавет, кажа, што ідэя выклікаць яго “ў войска” зьявілася невыпадкова: у райвыканкаме і ўвогуле ў райцэнтры добра ведаюць пра ягоныя намеры:
мы выклікаем вас на зборы з 4-га па 30-га красавіка ...

“Выклікалі ў ваенкамат. Загадкава так сказалі: “Вось прыходзьце, і там даведаецеся, навошта”. Прыходжу — чытаюць: “На падставе таго і гэтага мы выклікаем вас на зборы з 4-га па 30-га красавіка”. Потым сталі зачытваць, хто вызваляецца ад збораў — супрацоўнікі міліцыі, КДБ, дэпутаты… разам са мной прыйшоў хлопец, я яго ня ведаю, і ён спытаўся: “А калі чалавек зарэгістраваўся кандыдатам у дэпутаты?” Адказваюць : “Не, толькі калі ўжо абяруць”.

Зьміцер Лупач высьветліў, што выкліку на зборы не падлягаюць і тыя, хто мае трох непаўналетніх дзяцей — а гэта якраз ягоная сытуацыя, ён мае дзьвюх дачок і сына. Калі ён заявіў пра гэта, то супрацоўнікі ваенкамату сказалі, што нешта зблыталі. Але прапанавалі пайсьці “добраахвотна”, нягледзячы на гэтую акалічнасьць — маўляў, на зборах дужа бракуе сувязістаў. Спадар Лупач адмовіўся. Зараз ён зьбірае подпісы за сваё вылучэньне.

Аршанскія прадстаўнікі АГП адмовіліся вылучаць кандыдатаў у дэпутаты


Тым часам актывісты Віцебшчыны чакаюць вынікаў разгляду прапаноў па ўключэньні сваіх сябраў у склад участковых выбарчых камісій. У прыватнасьці, калі прадстаўнікоў Партыі БНФ у камісіі ня ўключаць, партыйцы гатовыя адмовіцца і ад вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Зрэшты, у Воршы рада АДС яшчэ раней прапанавала ўсім мясцовым партыйным структурам адмовіцца ад гэтага — пасьля таго, як ніводзін з 6-ці вылучэнцаў ня трапіў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. І адна з гарадзкіх партыйных суполак ужо вырашыла не вылучаць кандыдатаў, распавёў Алесь Шутаў, адзін з каардынатараў у Аршанскай радзе АДС:

“Кіраўнікі аршанскіх партыйных структураў прынялі заяву, што яны не рэкамэндуюць партыйцам вылучацца ў гарадзкі і раённы саветы, бо няма падставаў лічыць будучыя выбары дэмакратычнымі, свабоднымі і адкрытымі. Адна з гарадзкіх партыйных суполак ужо прыняла такое рашэньне — ня будзе вылучаць кандыдатаў у Воршы Аб’яднаная грамадзянская партыя”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Мы вас падтрымліваем, але падпісвацца ня можам”


Амаль ва ўсіх раёнах на Гарадзеншчыне апазыцыйныя кандыдаты кажуць, што праблемы са зборам подпісаў няма, адмаўляюцца падпісвацца толькі дзяржаўныя службоўцы.

Зьміцер Кухлей
Зьміцер Кухлей
з Мастоў — дзейны дэпутат райсавету. За час свайго дэпутацтва неаднойчы дапамагаў сваім выбарцам у вырашэньні сацыяльных праблемаў.

Разам зь людзьмі, зь яго слоў, дамагаўся будоўлі аўтастаянкі, рамонту ў пад’ездах і іншага.

Кажа, што неабходную колькасьць подпісаў ужо сабраў, бо нават старэйшыя людзі яго добра ведаюць. Адмаўляюцца ставіць подпіс толькі тыя, хто працуе на дзяржслужбе.

Кухлей: “Двое чыноўнікаў сказалі, што мы вас падтрымліваем, але падпісвацца ня можам. Яшчэ адзін пачаў чапляцца, што аўтастаянка задарагая, а потым на мае аргумэнты адказаў проста: ты — БНФ, і я за цябе падпісвацца ня буду. А наагул я задаволены, бо людзі ставяцца прыхільна”.

“Прынцыповая пазыцыя: калі сябраў БНФ ня уключаць ва ўчастковыя камісіі, то адбудзецца байкот выбараў”


Кіраўнік Слонімскай раённай арганізацыі БНФ Іван Шэга таксама задаволены зборам подпісаў. Арганізацыя вылучыла 10 прэтэндэнтаў у кандыдаты.

Іван Шэга
Звычайныя людзі, зь яго слоў, яўна падпісваюцца ахвотней, чым раней. Праўда, Іван Шэга не выключае, што БНФ можа адклікаць сваіх прэтэндэнтаў, калі ўлады ня ўключаць яго вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі.

Шэга: “Гэта наша прынцыповая пазыцыя і, дарэчы, ад нас яна і зыходзіць. Калі ня будуць уключаныя нашы людзі ў выбарчыя камісіі, значыцца, паўторыцца тое, што было на папярэдніх выбарах. Навошта нам паўторна на гэта ісьці? Мы тады будзем праводзіць кампанію па байкоце выбараў”.

Алег Рамашкевіч зь Вялікай Бераставіцы, які балятуецца ад БСДГ, таксама адзначае, што ня ставяць за яго подпісы толькі тыя, хто працуе на дзяржаўнай службе.

Рамашкевіч: “Падпісвацца баяцца тыя, хто працуе на дзяржаўнай працы: мытнікі, супрацоўнікі райвыканкаму, міліцыя, МЧС. Яны проста кажуць: прабач, не магу. А адзін чыноўнік мне сказаў: пачакай два гады, выйду на пэнсію, тады пастаўлю за цябе подпіс…”

МАГІЛЁЎШЧЫНА


“Людзі за час існаваньня гэтай “дэмакратыі” ўжо ня вераць ні ўва што”


На Магілёўшчыне ніводзін вылучэнец ад апазыцыі не адмовіўся ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Паводле апазыцыянэраў, збор подпісаў праходзіць без канфліктаў.

Ініцыятыўная група актывіста партыі БНФ Валера Каранкевіча за два дні сабрала 56 подпісаў жыхароў Хоцімску. Актывіст вылучаецца ў абласны і ў раённы саветы.
Міхайлавіч, прагаласуем за цябе без пытаньняў, аднак подпісу не дамо, бо баімся ...

“У асноўным подпісы аддаюць пэнсіянэры. Людзі, якія не залежаць ні ад кога. Моладзь, якая не працуе. Людзі ж, якія працуюць, зусім адмаўляюцца. То бок яны мяне ведаюць і кажуць: “Міхайлавіч, прагаласуем за цябе без пытаньняў, аднак подпісу не дамо, бо баімся”. Людзі за час існаваньня гэтай “дэмакратыі” ўжо ня вераць ні ўва што”.

Хоцімская акруга — адна з самых аддаленых на Магілёўшчыне. Меркаванымі канкурэнтамі Валера Каранкевіча будуць: у райсавет — начальнік раённай прыродаахоўнай інспэкцыі, а ў аблсавет — начальнік управы сельскай гаспадаркі Магілёўшчыны. Сам актывіст каля дваццаці гадоў аддаў сельскай гаспадарцы. Цяпер ён беспрацоўны. Зь ім не падоўжылі кантракту ў раённай камунальнай службе.

“Засыплеце лужыну перад пад’ездам — тады прагаласуем”


У Бабруйску сабрала дзевяноста подпісаў васемнаццацігадовая актывістка незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацяна Міхалап. Яна студэнтка Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі:

“Пэнсіянэры кажуць, што так, моладзь трэба падтрымліваць, і падпісваюцца за мяне. А сярэдні век кажа, што дужа маладая і што я там магу зрабіць. Пэнсіянэры мо больш пражылі й лічаць, што маладым трэба даваць дарогу. А сярэдні век наагул ня верыць дэпутатам. Альбо кажуць: прыбераце лужыну перад пад’ездам — тады прагаласуем”.

У Крычаве зьбірае подпісы ў сваю падтрымку й сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Няроўны. Ён вылучаецца ў аблсавет і райсавет. Бальшыня людзей, цьвердзіць спадар Няроўны, падпісваюцца, аднак ёсьць і выключэньні:
Хлопцы, мы, канечне, паставім за вас, але ўсё гэта беспэрспэктыўна ...

“Некаторыя прызнаюцца, што з задавальненьнем паставілі б свой подпіс, але, на жаль, працуем у такой структуры… але на выбарах будзем за вас галасаваць. Катэгорыя найбольш інфармаваная кажа: “Хлопцы, мы, канечне, паставім за вас, але ўсё гэта беспэрспэктыўна. Мы ведаем, як лічаць галасы, і зноў вы прайграеце, хаця за вас і будзе галасаваць палова гораду”, — зазначае Сяргей Няроўны.

На Магілёўшчыне зарэгістраваныя 3996 ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Сярод іх ад партыі БНФ — 13, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады — 8, Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 4. Мяркуецца, што склад дэпутацкага корпусу мясцовых саветаў Магілёўшчыны будзе сфармаваны з 3099 чалавек.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Адны вылучаюцца ў кандыдаты, іншыя дамагаюцца справядлівасьці ў судзе


Гомельскі прадстаўнік руху “За свабоду” Зьміцер Сьцепанец ужо сабраў патрэбную колькасьць подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты гарадзкога савету.

Паводле вылучэнца, гэта ўдалося зрабіць хутка таму, што падчас збору подпісаў ягоная ініцыятыўная група абапіралася на актыўных выбарцаў, якія ёсьць, па сутнасьці, у кожным доме.

Тым часам рэгіянальны каардынатар руху “За свабоду” Пятро Кузьняцоў праз суд аспрэчвае адмову Мазураўскай акруговай выбарчай камісіі на рэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы з прычыны перавышэньня колькасьці сябраў — 21 замест 10:
Калі 10 чалавек маюць права, то чаму яго ня маюць астатнія адзінаццаць? ...

“Выбарчая камісія павінна была ўказаць на памылку, улічваючы тое, што быў час на яе выпраўленьне. Другі спрэчны пункт: абмежаваньне, якое ў выбарчым кодэксе прадугледжана — 10 чалавек на ініцыятыўную групу, яно дыскрымінацыйнае, бо абмяжоўвае правы грамадзянаў на ўдзел у выбарах. Калі 10 чалавек маюць права, то чаму яго ня маюць астатнія адзінаццаць? Абласны суд, натуральна, не ўпаўнаважаны разглядаць тыя ці іншыя заканадаўчыя акты на адпаведнасьць Канстытуцыі. Але абласны суд мае права накіроўваць такія запыты ў Канстытуцыйны суд”.

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты распачала й абласная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яе сябра Аляксандар Каротчанка вылучаны прэтэндэнтам на кандыдата абласнога савету ў Рошчынскай выбарчай акрузе № 5. Актывіст лічыць, што прадстаўнічую ўладу трэба мяняць — яна павінна быць бліжэй да людзей, займацца іхнімі надзённымі пытаньнямі:

“Неабходна штосьці мяняць: так жыць далей нельга! Мяняць уладу трэба. І будзем пачынаць зь мясцовых саветаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG