“Леанарда, вы курыце люльку?” – спытаў я, сам неабыякавы да гэтых цацак.
“Раней курыў,” – адказаў прафэсар. – “Ужо дваццаць гадоў як кінуў. Дактары забаранілі. Курыў, калі меў сваё сэрца. Цяпер у мяне штучнае”.
Так я ўпершыню ўбачыў чалавека са штучным сэрцам. Ягоны горад стаяў на вадзе, і Леанарда Джэнтыле таксама жыў, як горад на вадзе – абвяргаючы законы прыроды, бо чалавек, у якога спынілася сэрца, паводле задумы быў асуджаны прыродай на сьмерць. Леанарда ведаў пра Вэнэцыю ЎСЁ, і пра жыцьцё і сьмерць ён, я мяркую, таксама ведаў УСЁ. Ён еў спагеці, запіваў іх віном, жартаваў і роўна а восьмай паклаў сабе ў рот некалькі пігулак. Штучнае сэрца прыдзірлівае, штучнае сэрца пунктуальнае. Штучнае сэрца ўсяму ведае кошт.
“На трыццаць сёмым годзе жыцьця Артур Пепа адчуў, што ў яго бывае сэрца,” – гэты сказ з раману Андруховіча “Дванаццаць абручоў” падаецца мне ледзьве не геніяльным. Чалавек нараджаецца бяз сэрца,
Чалавек нараджаецца бяз сэрца.
Мне было гады тры-чатыры, я сядзеў на падлозе, адзін у вялікім пакоі і гуляў. Я гуляў з маленькім завадным мядзьведзем – трэба было пакруціць ключык, і драўляны мядзьведзь пачынаў разьмерана біць малатком па мэталічнай калодзе. Заводзіць мядзьведзя было складана, але я ўпарта прымушаў яго працаваць, раз за разам заводзячы цацку, і ён усё біў і біў па сваёй калодзе, тук-тук, тук-тук-тук, нягучна, але рытмічна. Ці то празь дзіўную мэдытатыўнасьць гэтага занятку, ці то празь вялікага сонечнага зайца, які паволі поўз па дыване перада мной і за якім зачаравана сачылі мае вочы, але я паступова ўвайшоў у нейкі сонны, летуценны стан, мае вочы амаль заплюшчыліся, а рукі, быццам бы незалежна ад майго жаданьня, працягвалі заводзіць цацку: тук-тук-тук. Потым я, здаецца, зусім заснуў, а калі прачнуўся, мядзьведзя побач ужо не было. Яго шукалі ўсёй сям’ёй, я плакаў і крычаў ад роспачы, патрабуючы яго вярнуць, але ён зьнік, мой мядзьведзь. І толькі ўначы, калі ў кватэры ўсё сьціхла, я зноў пачуў у сваіх грудзёх: тук-тук, тук-тук-тук… З таго часу я маю сэрца, і калі мне кепска, яно баліць, і тады я зачыняюся ў пустым пакоі бяз вокнаў і слухаю, як грукае па калодзе мой драўляны мядзьведзь.
Сэрца і розум прынята супрацьпастаўляць. Сэрца ў міталёгіі – той орган, які адказвае за пачуцьці, за эмоцыі, за некантраляванае, за міжвольнае. За ўсё, што мы робім почасту насуперак разважліваму, мэркантыльнаму і халоднаму розуму. Сэрца часта перамагае ў гэтым змаганьні. І ня толькі ў мэтафарычным сэнсе – бо нават калі мозг чалавека адключаецца, сэрца можа жыць яшчэ доўга, калі стварыць яму ўмовы, падсілкоўваць ягоную энэргію.
Калі мне кепска, яно баліць.
Прымхлівы, схільны да паэзіі чалавек надзяліў сэрца і функцыямі найсправядлівейшага судзьдзі. Судзьдзі зь неаспрэчным аўтарытэтам: “сэрцу не загадаеш”, “як на сэрца ляжа, так і будзе”, толькі гэты орган вырашае, “хто нам па сэрцы”. Старажытныя эгіпцяне клалі ў прэпараваную мумію сэрца, а на яго – жука-скарабэя, сэрца са скарабэем было істотным доказам на судзе мёртвых. У казцы Гаўфа “Халоднае сэрца” Тоўсты Эцэхіль кажа Пэтэру Мунку: “Я спытаў аднаго настаўніка, і ён патлумачыў, што пасьля сьмерці нашыя сэрцы будуць важыць адпаведна нашым грахам. Лёгкія падымуцца ўверх, цяжкія праваляцца празь зямлю…” Тоўсты Эцэхіль трапіў у пекла.
Нячысьцік заўжды хацеў пазбавіць чалавека або ценю, або душы- сэрца – бо ведаў, што толькі гэтая ўласнасьць дазваляе яму быць сваім сярод іншых людзей, а зусім ня розум. Асоба бяз душы, сэрца і ценю выганяецца за межы соцыюму, ацэньваецца паводле іншых крытэраў, як чужы, як зло, як здраднік. Расеец, які апынаецца за мяжой і сустракае там беларуса, прагне ад яго “задушэўнае” размовы на “вялікім і магучым”, і калі натыкаецца на адмову, то крыўдзіцца, нібыта беларус прадаў сэрца “заходняму” д’яблу.
І Гётэ, і Гаўф, і Шамісо, і Томас Ман узялі для стварэньня сваіх шэдэўраў адвечны канфлікт, які апісаны ў сотнях нацыянальных міталёгіяў сьвету, але бліжэй за ўсё для іх і для нас было распыленае па мностве легендаў сярэднявечнае нямецкае маралітэ пра зьдзелку чалавека і д’ябла, адкуль і пайшла эўрапейская традыцыя твораў кшталту “Фаўста”.
Усе сэрцы гэтага сьвету зьлітыя ў адзін сэрцанэт.
Сэрца можа выконваць і трохі іншую ролю ў праўнай сыстэме – ня толькі судзьдзі, але і сьледчага, які выводзіць грэшнага чалавека на чыстую ваду, прымушаючы зрабіць чыстасардэчнае прызнаньне. Такое сэрца – галоўны герой аднаго з найлепшых кароткіх апавяданьняў По: “The tell-tale heart”. Сэрца – увасобленае ў анатамічным выглядзе сумленьне, яно адразу ж прымушае чалавека пакутаваць, варта яму адступіць ад запаветаў, і няважна, чыё гэта сэрца – тваё ці чужое. Усе сэрцы гэтага сьвету зьлітыя ў адзін сэрцанэт, і боль у адным часта прымушае хварэць іншыя, у якім бы кутку зямлі ні знаходзілася тое, балеснае.
У “Халодным сэрцы” мяне больш за ўсё ўражвае камора-лябараторыя, дзе Міхель захоўваў сэрцы тых, хто пагадзіўся правярнуць зь ім “маленькі бізнэс”. Сэрцы булькочуць у колбах, і на кожнай цэтлік зь іменем і датай, гатычным шрыфтам. На поясе Міхеля, апранутага ў белы халат, пазвоньваюць ключы. Міхель быў першы, хто наважыўся на трансплянтацыю такога важнага органа. Толькі ён, зь ягонымі сувязямі на тым сьвеце, мог узяцца за тое, што не ўваходзіла ў божыя пляны. Ня дзіва, што ён ня меў павагі да звычайных мэдыкаў, якія і ў той час падумаць не маглі пра магчымасьць такое апэрацыі. Калі ты даверыш апэрацыю спадару хірургу, кажа ён са сьмехам Пэтэру Мунку, то, вядома ж, памрэш. Іншая справа – я, з маёй клінікай, з маім абсталяваньнем проста з Амстэрдаму.
Калісьці маё сэрца спыніцца, драўляны мядзьведзь зломіць урэшце свой малаток. Будзеце даставаць, спадар хірург, – не забудзьце ключык. Раптам прыдасца.
Чалавек нараджаецца бяз сэрца.

