Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ні Эўрапарлямэнт, ні Эўракамісія, ні Рада Эўропы ня маюць агульнай беларускай стратэгіі”


Гэтыя словы прагучалі ўчора ўвечары ў Брусэлі ў часе парлямэнцкіх дэбатаў па Беларусі.

Дэпутаты ад найбуйнейшых эўрапейскіх партыяў учора ўвечары ў часе парлямэнцкіх дэбатаў у Брусэлі асудзілі перасьлед польскай меншасьці ў Беларусі і запатрабавалі ад менскіх уладаў адпавядаць дэмакратычным стандартам, паведамляе Польскае радыё.

Як падкрэсьліў прадстаўнік фракцыі хрысьціянскіх дэмакратаў у Эўрапарлямэнце Гунар Гёкмарк, размова ідзе ня толькі пра польскую меншасьць: “Беларусь — сусед ЭЗ і адначасна праблема ЭЗ, калі казаць пра парушэньні правоў чалавека”.

Прадстаўнік лібэралаў Гербэн-Ян Гербранды ў часе дэбатаў з жалем адзначыў, што ні Эўрапарлямэнт, ні Эўракамісія, ні Рада Эўропы ня маюць агульнай скаардынаванай стратэгіі адносна Беларусі.

У сваю чаргу сацыяліст Крыстыян Вігенін, які прыбудзе ў Менск у якасьці кіраўніка эўрапарлямэнцкай дэлегацыі, у сваім выступе падкрэсьліў, што трэба дапамагчы Беларусі.

Ён пагадзіўся, што праблема палякаў у Беларусі ня ёсьць выключна этнічнай праблемай, аднак пры гэтым заклікаў да працягу палітычнага дыялёгу зь беларускімі ўладамі, бо гэта можа прынесьці пэўны плён. Пры гэтым баўгарскі сацыяліст адзначыў, што эўрапарлямэнтары павінны актыўней займацца лёсам Беларусі. Паводле ягоных слоў, аднаго “Ўсходняга партнэрства” замала, каб перацягнуць Беларусь на рэйкі дэмакратыі.

Эўракамісар Kрысталіна Георгіева, якая таксама ўзяла ўдзел у дэбатах, выказала думку, што “ключ да паляпшэньня сытуацыі палягае ў далучэньні беларускага грамадзтва да Эўропы праз розныя праграмы”.

“Нам неабходна падтрымліваць кантакты зь Беларусьсю”, — падкрэсьліла эўракамісар. — “Гэта можа быць зроблена праз “Усходняе партнэрства, але найбольшую важнасьць маюць студэнцкія і і культурныя абмены, дзелавыя кантакты. Магчыма, такі шлях дазволіць дабіцца прагрэсу, калі гаворка заходзіць пра дэмакратыю ў Беларусі”.

Выступ эўракамісара выклікаў крытыку з боку некаторых польскіх дэпутатаў, якія палічылі яго занадта агульным. Конрад Шыманскі, прадстаўнік партыі эўрапейскіх кансэрватараў, паставіў пад сумнеў ідэю культурнага і студэнцкага абменаў, якія, як паказала практыка, да паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі не прывялі.

Дэбаты па Беларусі ў Эўрапарлямэнце доўжыліся менш за гадзіну. На просьбу левых галасаваньне па рэзалюцыі перанесьлі на сакавік. Сацыялісты і камуністы чакаюць пэўных вынікаў ад працы парлямэнцкай місіі, якая прыбывае ў Менску сёньня а другой палове дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG