Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас гоняць галасаваць табунамі на працягу пяці дзён”


Юбілей Рыгора Барадуліна, перасьлед актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі, падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Народны паэт Беларусі, аўтар больш як сямідзесяці кніг паэзіі, прозы і перакладаў, беларускі намінант на Нобэлеўскую прэмію Рыгор Барадулін сёньня адзначае свой 75-гадовы юбілей. Юбіляра віншуюць слухачы “Свабоды”:

Спадарыня Лібэрман: “Сёньня незвычайны дзень для нас, беларусаў. Хочацца перадаць пажаданьні ў дзень народзінаў Рыгору Барадуліну. Дарагі, паважаны наш Рыгор Барадулін! У дзень вашых народзінаў дзякуем вам за вашую творчасьць і грамадзкую дзейнасьць, за вашую бацькоўскую навуку ўсім беларусам. Няхай сёньняшні сьвяточны дзень прынясе вам толькі радасьць, каб вы паправіліся і яшчэ доўга радавалі нас сваёй творчасьцю. З павагай і любоўю, сям’я Лібэрман з Лунінеччыны”.

Анастас Семяновіч: “Вельмішаноўны і любімы спадар Рыгор Іванавіч Барадулін! Віншую вас з 75-гадовым юбілеем, жадаем вам моцнага здароўя на доўгія гады. Шчасьця, дабрабыту, жыцьцёвага аптымізму на радасьць роднай Беларусі”.

Зіноўеў: “Я віншую Рыгора Барадуліна, жадаю здароўя. Я ўспамінаю “Дуліну ад Барадуліна” на “Свабодзе”, вось фраза “Грошы пайшлі да раскошы” — гэта словы паэта, які паказвае, што ад Віцебску да Брэста менавіта Беларусь”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Дарагі Рыгор Іванавіч! Сардэчна віншуем вас з днём нараджэньня, з вашым юбілеем. Моцнага вам здароўя, доўгіх гадоў жыцьця, творчай актыўнасьці і аптымізму”.

Працягваецца візыт у Брусэль лідэра неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс. Цягам візыту абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі і канфлікт вакол польскай меншасьці краіны. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Уладзімер, Мазыр: “Дайшло да таго, што прэзыдэнт Польшчы ўмешваецца ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў Беларусі. Польку Борыс, Кошэль проста адагналі ад кармушкі, і ніякай ідэалёгіі тут няма”.

Выказваньне камэнтуе юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйла:

Гары Паганяйла
“Па сутнасьці, усялякае парушэньне правоў чалавека і грамадзян зьяўляецца ня ўнутранай справай краіны, а справай міжнароднай супольнасьці. Гэтая практыка агульнапрызнаная і шырока практыкуецца ў сьвеце. Урад краіны, натуральна, занепакоены лёсам сваіх суродзічаў і мае права на крытыку ўраду Беларусі. І гэта ня ўмяшаньне ва ўнутраныя справы, а заклік да таго, каб дзяржава дзейнічала ў адпаведнасьці з нормамі Канстытуцыі і міжнароднымі дамовамі”.

Працягваем праграму выказваньнямі на тэму выбараў у мясцовыя саветы, якія адбудуцца ў Беларусі 25 сакавіка:

Спадарыня: “Хутка выбары ў мясцовыя саветы. У іх эфэктыўную дзейнасьць ня вераць ня толькі выбаршчыкі, але нават самі кандыдаты. Давераныя асобы будуць зьбіраць подпісы. І гэтых людзей ставяць у двухсэнсоўнае становішча: ці зьбірай подпісы, ці сыходзь з працы”.

Яцкевіч: “ Ці пойдзем мы галасаваць, ці ня пойдзем? Якая тут розьніца? Калі сталінскі прынцып: няважна, як прагаласавалі, важна, як падлічылі. Вось і ўсё”.

Спадар: “Вось цяпер сказалі, што выбарчы закон у нас самы дэмакратычны ў Эўропе. І Ярмошына хвалілася, што нават у Францыі ёсьць датэрміновае галасаваньне. Але ж праўда такая, што там толькі 1—2 працэнты галасуюць датэрмінова, трэба мець сапраўдны дакумэнт для гэтага. А ў нас табунамі гоняць, калектывамі галасаваць пяць дзён. Ноччу зь бюлетэнямі невядома што робіцца — вось дзе вялікая лафа для фальсыфікацыяў”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG