Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашліце віншаваньне Рыгору Барадуліну


Сёньня Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну спаўняецца 75 гадоў. Свой юбілей паэт сустракае ў шпіталі, дзе ён лечыцца ад двухбаковай віруснай пнэўманіі. Свае віншаваньні паэту даслалі Зянон Пазьняк, Івонка Сурвіла. ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!


Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк:

“Рады, што ты папраўляесься. Старайся паправіцца як найхутчэй, наш сьветлы паважаны дружа, бо будзе лепей і мы павінны яшчэ пасьпяваць і пагуляць у вольнай Беларусі. Гэта ж якія вызваньні выпалі на долю нашых людзей – перажылі ўжо выпрабаваньне крывёй, выпрабаваньне хлусьнёй, перажывем і выпрабаваньне цемрай.

У час цемры нацыянальная літаратура павінна сьвяціць і асьвятляць людзям Шлях. Твая паэзія, якраз ёсьць тым сьветачам, які сьвеціць ўсім і лунае высока, і сягае глыбока. І зразумела чаму яна такая добрая вынікае з-пад сэрца. Бо ў сэрцы Тваім Беларусь. І якраз яно – балеснае сэрца—прывяло двух сяброў -- Вялікага пісьменьніка і вялікага Паэта ў Народны Фронт вымошчваць дарогу свабоды. Памятаю гэтыя дні. Яны ўсіх нас яднаюць і абавязваюць жыць у сьвятле. У дзень юбілею зычу табе і жадаю, хай жыцьцё тваё доўжыцца сьветлым, як храм, як дарога да храма, што ва ўсіх нас адзін і завецца ён Бацькаўшчына любімая і сьветазарная. Слава Беларусі! Зычу Табе шчасьця ў нашай Айчыне і хай песьня Твая зьвініць”.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

“Высокапаважаны і дарагі спадар Рыгор! Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі маю вялікі гонар віншаваць Вас з Вашым юбілеем! Дазвольце выказаць Вам маё захапленьне Вашай творчасьцю і пажадаць Вам сто год добрага здароўя і натхненьня, каб Вы маглі яшчэ доўгія гады цешыць наш народ Вашымі творамі. Адначасна жадаю Вам і ўсім нам дачакацца волі для нашай цудоўнай Бацькаўшчыны і годнае людзкое долі для нашага народа”.


Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка, адзін з заснавальнікаў БНФ

Дарагі дзядзька Рыгор! Вы для мяне сынонім ня проста жыцьцяздатнасьці беларускай мовы, але і сынонім самой беларускай мовы. Вашы радкі — сьветлыя, пранізьлівыя, узьнёслыя, калі вы кажаце пра каханьне, любоў, пра Беларусь.

Вы можаце быць саркастычна зьедлівым. Вы адначасова народны і ўсясьветны, гарэзьлівы і глыбока хрысьціянскі. Вы — скарб сёньняшняй Беларусі і скарб Беларусі ў вяках.

Дзядзька Рыгор, вакол нас нямала пошасьці. Часам яна пранікае нават у лёгкія. Але не сумняваюся, што ваш беларускі вольны дух пераадолее гэтую часовую нягоду.

100 гадоў вам! Яшчэ сустрэнемся і адсьвяткуем. І яшчэ адсьвяткуем абавязкова вяртаньне сапраўднай свабоды ў Беларусь.


Юры Хадыка
Юры Хадыка, прафэсар

Чым больш праходзіць часу, тым больш я люблю паэзію Рыгора Барадуліна. Апошнія ягоныя зборнікі — гэта сапраўдныя скарбніцы мудрасьці і прыгожага пісьменства.

Таму я жадаю вам добрага здароўя, добрага самаадчуваньня. Каб вы пісалі і пісалі і надалей такія ж цудоўныя вершы, як зараз. Здароўя вам, дарагі Рыгор Іванавіч!


Мікалай Чаргінец
Мікалай Чаргінец, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі:

“Рыгора Іванавіча я ведаю даўно. Раней чамусьці ён на мяне ці то злаваў, ці то не ўспрымаў мяне толькі таму, што я размаўляю і пішу па-руску. Але гэта яго справа.

Я да яго таленту, да яго творчасьці стаўлюся зь вялікай павагай. Аднак не да тых вершаў, дзе ён зьдзекуецца з улады. А тое, што ён таленавіты чалавек, што яго творчасьць таленавітая, то я гэта прызнаю. І жадаю гэтаму таленту разьвівацца і надалей.

Рыгор Іванавіч добра сябраваў з Васілём Быкавым. А мне Васіль Уладзімеравіч часта пра яго распавядаў. І кожны раз гаварыў як пра нейкага добрага дзіцёнка, калі можна так сказаць, які можа з гарачкі, не прадумаўшы, нешта ляпнуць,

У дзень 75-годзьдзя я зь вялікім задавальненьнем яго віншую, жадаю шмат гадоў жыцьця і думаю, што ён яшчэ скажа сваё важкае слова ў праслаўленьні нашай паэзіі”.


Генадзь Бураўкін
Паэт, дыплямат і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін:


“Даражэнькі Рыгор! Я табе хачу пажадаць аднаго – здароўя. Здароўя тваёй душы, здароўя тваёй руцэ нястомнай, здароўя тваім зоркім, тваім ясным вачам, здароўя тваёй невычэрпнай фантазіі, здароўя тваёй вяліка-вялікай дабрыні. І яшчэ пры гэтым я хачу пажадаць здароўя нашаму роднаму народу, таму народу, якому ты аддаў свой рэдкі, унікальны, Богам дадзены талент. Мне вельмі хочацца гэтаму нашаму народу пажадаць здароўя духоўнага. Тады і табе можа быць лягчэй жылося б тыя гады, якія ты пражыў, і наперадзе было б намнога больш гадоў, чым тыя, якія ў цябе яшчэ ёсьць. Так што мілы, дарагі Рыгор – здароўя, здароўя, здароўя!”


Уладзімер Някляеў
Паэт Уладзімер Някляеў


“Калі дзеля юбілею ня браць пад увагу Коласа, Купалу, Багдановіча – гэта значыць, першых, якія назаўсёды застануцца такімі, бо яны першыя, дык Рыгор Барадулін – найвялікшы беларускі паэт дваццатага стагодзьдзя. Калі ж яшчэ мець на ўвазе сапраўды паэзію, а не сьцёб, не ўсялякія гульні ў вершаказы, тэксты, таямнічыя і ня вельмі, дык Рыгор Барадулін – першы паэт Эўропы. Не скажу за ўвесь сьвет (ён надта вялікі), але ведаючы эўрапейскую паэзію, я магу гэта сьцьвярджаць, не вагаючыся.

Барадулін – больш, чым паэт. Моўная сытуацыя ў нашай краіне такая, што ён адзін выконвае, робіць тую работу, якую павінен быў бы рабіць увесь народ. Гэта значыць – ствараць, разьвіваць і захоўваць мову. Калі сытуацыя зьменіцца, а яна абавязкова зьменіцца, дык народ менавіта ў Барадуліна знойдзе тое, што ён ужо забыўся і яшчэ забудзецца.

Сёньня Рыгор Іванавіч у шпіталі, на жаль, у свой дзень народзінаў, у сваё сямідзесяціпяцігодзьдзе. І ўсё, што я магу сказаць, гэта выдыхнуць малітоўна: дай Бог табе здароўя, дарагі мой пасівелы дружа! Я ганаруся табой, а разам са мной ганарыцца табою ўся Беларусь, усе тыя, якія разумеюць – хто такі ёсьць сын Беларусі Рыгор Барадулін!”


***

Свае віншаваньні Рыгору Барадуліну вы можаце паслаць, дадаўшы камэнтар да гэтага матэрыялу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG