Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвотных стаць дэпутатамі стала болей


Аўторак, 23 лютага, апошні дзень, калі выбарчыя камісіі могуць рэгістраваць ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на мандаты рэгіянальных дэпутатаў. Без афіцыйнай рэгістрацыі, атрыманьня спэцыяльных пасьведчаньняў і падпісных лістоў прыхільнікі патэнцыйных кандыдатаў, якія вылучаюцца праз збор подпісаў, ня могуць ісьці да выбарцаў.


Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік кажа: параўнальна зь мінулымі выбарамі ў мясцовыя саветы колькасьць ахвотных зарэгістраваць ініцыятыўныя групы павялічылася:

“Сёньня можна казаць, што пададзена больш за 16,5 тысяч заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Па рэгіёнах сытуацыя такая: у Берасьцейскай вобласьці – 2500, у Віцебскай -- прыкладна столькі ж. У Гомельскай – 2600, Гарадзенскай – 2400, Менскай – 2700, Магілёўскай амаль 4000. У Менску – 261 заява.

Трэба адзначыць, што параўнальна з папярэднімі мясцовымі выбарамі колькасьць акруг зьменшылася. Аднак колькасьць людзей, якія жадаюць вылучацца праз збор подпісаў, павялічылася. Нязначна, аднак рост актыўнасьці назіраецца”.

Што тычыцца вылучэнцаў ад палітычных партыяў, якія зьбіраюць подпісы, то тут лідэры наступныя:

Камуністычная партыя Беларусі, якая падтрымлівае афіцыйную палітыку ўлады, -- 111 заяў, партыя БНФ –71, АГП – 60.

Кіраўнік інфармацыйна-аналітычнай службы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Юры Пацёмкін кажа, што прэзыдыюм Палітрады АДС канстатуе: мясцовыя Саветы ня маюць у краіне рэальнай улады:

“Аднак кандыдаты ад АДС будуць удзельнічаць у мясцовых выбарах з наступнымі мэтамі. Гэта, па-першае, дэманстрацыя палітычнай і арганізацыйнай альтэрнатывы існуючай уладзе. Па-другое, данясеньне да грамадзтва прапаноў па выхадзе з крызісу. Трэцяе, гэта гуртаваньне і актывізацыя розных груп насельніцтва дзеля абароны сваіх інтарэсаў, патрабаваньня рэальнай выбарнасьці ўладаў. І чацьвёрты пункт – гэта абраньне сваіх прадстаўнікоў у выбарныя органы дзеля абароны інтарэсаў грамадзян”.

Тыя групы, якія ўжо атрымалі адпаведныя дакумэнты, адразу могуць праводзіць пікеты па збору подпісаў. Такім чынам, да 15 сакавіка ў краіне будзе ісьці вылучэньне прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты адразу трыма спосабамі: праз збор подпісаў, ад працоўных калектываў і ад палітычных партый.

Усяго плянуецца абраць 21300 дэпутатаў -- ад роўню сельскага Савета да абласнога.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG