Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэпартэры бязь межаў” занепакоеныя перасьледам Марыны Коктыш


Праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў" выказала занепакоенасьць у сувязі з тым, што ўлады працягваюць перасьлед журналісткі Марыны Коктыш. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 19 лютага заяве арганізацыі, піша БелаПАН.


У дакумэнце падкрэсьліваецца, што прадстаўнікі незалежнай прэсы толькі выконвалі сваю працу, праводзячы расьсьледаваньне скандалу з удзелам міліцэйскіх чыноўнікаў, і не павінны расцэньвацца як саўдзельнікі злачынства, аб якім пішуць.

Як раней паведамляў БелаПАН, у Марыны Коктыш, якая зьяўляецца намесьніцай галоўнага рэдактара газэты «Народная воля», 17 лютага супрацоўнікі міліцыі забралі сыстэмны блёк працоўнага кампутара. Раніцай журналістку выклікалі ў УУС Ленінскага раёна Менска на допыт у сувязі з публікацыяй у «Народнай волі» матэрыялаў па «паляўнічым справе», а затым супрацоўнікі міліцыі прыйшлі ў рэдакцыю з ператрусам.

Упершыню беларуская грамадзкасьць даведалася пра «паляўнічую справу» 29 красавіка 2009 года. На нарадзе, прысьвечанай рабоце праваахоўных органаў, прэзыдэнт паведаміў: «У поле зроку КДБ нядаўна трапіў начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС Леанід Мінянкоў, які арганізаваў ўмовы для паляваньня, рыбалкі і яшчэ чагосьці. Устаноўлена, што ў 2003 годзе ён набыў і аформіў на падстаўную асобу сядзібу плошчай больш за два гектары на тэрыторыі Жлобінскага раёну, захапіўшы пры гэтым яшчэ больш аднаго гектара лясных угодзьдзяў, самавольна ўзьвёў 14 пабудоў, абзавёўся 29 пародзістымі сабакамі і трыма дзікамі. Усё гэта гаспадарка абслугоўвалі мясцовыя жыхары. На ўласнай базе рэгулярна ажыцьцяўляліся паляваньне, рыбалка з удзелам кіраўнікоў, у тым ліку Беларускага мэталюргічнага завода, і высокапастаўленых службовых асобаў органаў унутраных справаў, напрыклад начальніка галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Ермакова ».

17 Лютага Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэньне аб асуджэньні траіх з абвінавачаных па «паляўнічым справе» на тэрміны ад трох да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. Адзін з абвінавачаных вызвалены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG