Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У сваёй краіне мы, беларусы, выглядаем як нацыянальная меншасьць”


Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, перасьлед актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на «Свабоду».

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, якія адбудуцца 25 красавіка. Слухачы «Свабоды» выказваюцца на гэтую тэму:

Ларыса, Менск: «Набліжаюцца выбары ў мясцовыя саветы, а неўзабаве і прэзыдэнцкія выбары. Што чакаць нам, пэнсіянэрам? Я маю на ўвазе ня тых пэнсіянэраў, якія атрымліваюць пэнсію за мільён і болей, а тых, якія атрымліваюць па 300-400 тысяч. Вось жыроўка за камунальныя паслугі: 190 тысяч — гэта палова пэнсіі. Так што няхай тыя, хто будзе балятавацца, зьвернуць увагу на гэтую акалічнасьць. Трэба вярнуць ільготы на праезд у гарадзкім транспарце, хаця б напалову. Зрабіце так, каб мы жылі дастойна».

Анастас Семяновіч: «У нас у Беларусі пасьля 1994 году выбараў практычна няма — ёсьць гульня. Усе ў дэпутаты прызначаюцца. Даўно пара спадарам дэмакратам абраць адзіны шлях, як кажа Зянон Пазьняк, толькі байкот».

Пра канфлікт вакол неафіцыйнага і афіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі — наступныя тэлефанаваньні:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: «Тое, што апошнім часам адбываецца з Саюзам палякаў на Беларусі, гэта зьдзекі ўладаў з нацыянальных меншасьцяў, зь іх мовы, культуры і нацыянальных традыцыяў. Гэта грубае парушэньне Дэклярацыі правоў чалавека. У сваёй краіне мы, беларусы, таксама выглядаем як нацыянальная меншасьць, бо ня маем магчымасьці карыстацца сваёй роднай мовай і атрымліваць на ёй адукацыю. Дык давайце трымацца разам. Ешчэ Польска не згінэла, покі мы жывемы».

Партыя БНФ распачала падрыхтоўку да правядзеньня рэфэрэндуму аб падвышэньні мыта на аўтамабілі.

Спадар: «Адкажыце, калі ласка, на такое пытаньне. Вось зараз некаторыя дзеячы прапануюць увесьці рэспубліканскі рэфэрэндум пра скасаваньне мыта на замежныя аўтамабілі. Гэта я разумею, але гэта ня вельмі важнае пытаньне, бо гэтага не падтрымае большасьць народу. Але чаму не паставіць пытаньня пра скасаваньне прыгонных дамоваў пра кантракты? Я думаю, што тут 90 адсоткаў насельніцтва падтрымала б гэтую адмену».
Уладзімер Лабковіч


Адказвае адзін зь лідэраў партыі БНФ Уладзімер Лабковіч:


«Насамрэч, праблему з кантрактнай сыстэмай большасьць грамадзтва не адчувае. Кантрактная сыстэма — гэта палітычны інструмэнт, скіраваны на палітычны ўціск незалежных прафсаюзаў і асобных палітычных актывістаў. На сёньня злабадзённай праблемай зьяўляецца мыта на аўтамабілі».

Нагадаю, што тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG