Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя мэдыі маюць права крытыкаваць апазыцыйных кандыдатаў


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Дзяржаўныя мэдыі маюць права на крытыку апазыцыйных кандыдатаў падчас выбараў. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, выступаючы на сэмінары “Роля СМІ ў забесьпячэньні канстытуцыйных правоў грамадзянаў пры правядзеньні выбарчых кампаній”.

Паводле Л.Ярмошынай, падчас выбараў паступаюць скаргі, што дзяржаўныя мэдыі падаюць дзейнасьць апазыцыйных кандыдатаў толькі ў нэгатыўным сьвятле.

“Дзяржаўныя СМІ маюць права на аўтарскі погляд, уласную пазыцыю, і яны не павінны мяняць яе нават падчас выбараў”, — адзначыла Л.Ярмошына, перадае БелаПАН.

“Свабода інфармацыі павінна ўраўнаважвацца адказнасьцю журналіста” — пра гэта заявіла першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч 16 лютага ў Менску на сэмінары "Роля сродкаў масавай інфармацыі ў забесьпячэньні канстытуцыйных правоў грамадзян пры правядзеньні выбарчых кампаній".

Паводле яе любая палітычная кампанія зьяўляецца праверкай СМІ на "прыстойнасьць, прафэсіяналізм, маральнасьць". "Толькі ад нас залежыць, ці будуць беларускія СМІ якасным мэдыйным полем або ператворацца ў блышыны рынак, дзе ўсё прадаецца гуртам і ўраздроб ", — заявіла Пяткевіч.

"Мы ўсе ўдарыліся ў "клубнічку", СМІ заняты пошукам смажаных фактаў", — зазначыла яна. Пры гэтым "СМІ часта забываюцца на тое, што правы даюцца не толькі журналістам, але і тым, пра каго яны пішуць".

Пяткевіч акцэнтавала сваю ўвагу на асьвятленьні ў СМІ сытуацыі з сьвіным грыпам у лістападзе летась. Яна зазначыла, што інфармацыя аб росьце хваробы дазавалася, каб не ствараць залішняга хваляваньня, калі для яго няма прычын. "Я разумею СМІ, якія жадаюць данесьці праўдзівую інфармацыю, але ў асабістым жыцьці мы інфармацыю дазуем: імкнёмся, напрыклад, бацькоў засьцерагчы ад залішняй нэгатыўнай інфармацыі. СМІ ж часам уносяць калясальную сумятню, нават калі гэта не трэба", — сказала першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

Генэральны дырэктар прадпрыемства tut.by Юры Зісер адказаў на гэта пытаньнем: чаму дзяржаўныя ўстановы адмаўляліся даваць якую-небудзь інфармацыю пра эпідэмію, а дзяржаўныя выданьні занялі пазыцыю маўчаньня. Можа ў адваротным выпадку і не здарылася б ніякай панікі.

«Я згодная. Я пра гэта доўга думала. Можа сапраўды варта было даваць больш інфармацыі», — сказала першая намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Адразу ж Пяткевіч расказала, што цягам двух дзён глядзела навіны на тэлеканале CNN. На яе погляд, навіны там падаюцца цікава, але абсурдна. Яна прывяла прыклад з Білам Клінтанам, калі першы дзень тэлеканал трубіў, што былы прэзыдэнт ЗША трапіў у шпіталь, а на наступны дзень — пра ягоную выпіску.

«Мне было сьмешна гэта глядзець. Я не выключаю, што дзесьці там людзі хвалююцца за лёс Клінтана.
Але ў нас няма такой традыцыі. Мы, канечне, можам таксама даваць інфармацыю, каму з міністраў стала кепска, хто адчуў недамаганьне, але ў гэтым няма ніякай патрэбы і сэнсу», — сказала Н.Пяткевіч.

Рэдактар БДГ Пятро Марцаў на гэта заўважыў, што пра якую аўтарскую пазыцыю можна гаварыць, калі ўсе электронныя СМІ цалкам манапалізаваныя дзяржавай. І пра роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў гаварыць проста немагчыма.

Яму адказала Натальля Пяткевіч: “Абсалютна кожны журналіст мае права на сваё прыватнае меркаваньне. У кожнага СМІ ёсьць нейкі заснавальнік. Хто плаціць, той і замаўляе музыку. Калі ты працуеш у дзяржаўным СМІ, то гэта ўжо твой выбар».


Л.Ярмошына: “У нас больш папулярная жоўтая прэса”


Падчас выбараў прэзыдэнта Беларусі можа зьявіцца палітычная рэкляма.

Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, выступаючы на сэмінары “Роля СМІ ў забесьпячэньні канстытуцыйных правоў грамадзянаў пры правядзеньні выбарчых кампаній”.

Яна мяркуе, што гэтаму будуць спрыяць зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Старшыня Цэнтравыбаркаму нагадала пра магчымасьці стварэньня асабістых выбарчых фондаў кандыдатаў у прэзыдэнты і дэпутаты, перадае Інтэрфакс.

Паводле Л.Ярмошынай, у грамадзкай сьвядомасьці працэс выглядае так, як ён прадстаўлены СМІ, а ня так, як працякае ў сапраўднасьці. Яна лічыць, што Беларусь у меншай ступені падлягае гэтаму з-за манаполіі дзяржавы на электронныя мэдыі і слабы попыт з боку насельніцтва на крыніцы, якія арыентуюцца на пастаўку выключна палітычнай інфармацыйнай прадукцыі.

“У нас больш папулярная жоўтая прэса”, — заявіла Л.Ярмошына.

Старшыня ЦВК сфарміравала для сябе тры правілы, як журналісты павінны асьвятляць выбары:
  1. Асьвятляць рэгулярна, але не празьмерна;
  2. Засяроджвацца на дэталях і падрабязнасьцях, а не на агульнай інфармацыі;
  3. Менш заклікаў, а больш канкрэтыкі.
Сярод парушэньняў, якія робяць СМІ падчас выбараў, Ярмошына назвала «купюры выступаў кандыдатаў на радыё і ТБ, а таксама апублікаваньне праграм, якія перавышаюць дазволены аб’ём». Змагацца ж з гэтым павінна Назіральная Рада пры ЦВК, але на мясцовыя выбары яна створаная не будзе.

У адказ на пытаньне, чаму ў дзяржаўных СМІ дзейнасьць апазыцыі паказваецца толькі з адмоўнага боку, а на тэлеканалах мільгаюць толькі адны твары, Л. Ярмошына сказала, што гэта не з’яўляецца парушэньнем заканадаўства, бо «журналіст мае права на сваю ўласную пазыцыю» і дзяржаўныя СМІ маюць права крытыкаваць апазыцыю.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG