Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – працяг суду над Алегам Сурганам


Алег Сурган
Алег Сурган

Жыхара Віцебску вінавацяць у нападзе на міліцыянта падчас затрыманьня за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу. Лейтэнант Сяргей Дудкевіч цьвердзіць, што затрыманы ўкусіў яго за палец і патрабуе мільён рублёў кампэнсацыі.

Судовы працэс працягваецца ўжо каля двух месяцаў, і ад 27-га студзеня Алег Сурган знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

Рашэньне пра тое, што ён небясьпечны для грамадзтва, прынялі ў Кастрычніцкім РАУС Віцебску. Там працуе міліцыянт Сяргей Дудкевіч, які 3-га верасьня затрымліваў спадара Сургана на праспэкце Фрунзэ, дзе быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Гэты супрацоўнік міліцыі цьвердзіць, што затрыманы ўкусіў яго за мезенец левай рукі, бо ён перашкаджаў Алегу Сургану “церціся шчокамі аб падлогу” і “біцца галявой аб дзьверы машыны”.

Спадар Сурган гаворыць адваротнае: што Сяргей Дудкевіч зьбіваў яго ў міліцэйскай машыне, і потым у Кастрычніцкім РАУС зьдзекі над ім працягвалі.

Тое, што Алег Сурган ад’язжаў ад месца затрыманьня ў нармальным стане, а прыехаў у пастарунак увесь у крыві, пацьвердзілі ягоная дачка Кацярына Сурган і малодшы брат Тарас Сурган, актывіст “Маладой Беларусі”.

Сурган-малодшы пэўны, што крымінальная справа супраць брата зьявілася пасьля таго, як той напісаў у пракуратуру скаргу пра перавышэньне міліцыянтамі службовых паўнамоцтваў. Таксама Тарас Сурган кажа, што відавочнае памкненьне міліцыянтаў самым жорсткім чынам пакараць тых, хто вывешвае ў Віцебску бел-чырвона-белыя сьцягі.

Калі суд вырашыць, што Алег Сурган вінаваты ў нападзе на міліцыянта, яму пагражае да 6 год турмы.

Падсудны кажа, што напачатку на яго склалі пратакол за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга, але потым дакумэнт кудысьці зьнік. Цяпер яго вінавацяць ужо паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу — за тое, што ён нібыта напаў на міліцыянта. Яму пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

Дагэтуль Алег Сурган ужо быў некалькі разоў асуджаны за крымінальныя злачынствы.

Ягоны родны брат, актывіст “Маладой Беларусі” Тарас Сурган лічыць, што гэтым разам крымінальны перасьлед Алега выкліканы жаданьнем міліцыянтаў любым коштам спыніць акцыі з вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў, якія пачасьціліся ў Віцебску ў апошнія паўгода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG