Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне да 2012 году папулярызуюць беларускую мову


Магілёўскі аблвыканкам прапаноўваў адміністрацыі прэзыдэнта абвясьціць 2010 год — годам роднай мовы. Гэтую ініцыятыву ў адміністрацыі не падтрымалі, але дазволілі распрацаваць комплексную праграму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010-2012 гады.

Старшыня абласной вэртыкалі Пётар Руднік зацьвердзіў яе 31 сьнежня. За прамінулыя паўтара месяца ў афіцыйнай прэсе й выказваньнях чыноўнікаў паведамленьняў пра праграму не было.

Праграму распрацоўвала ад леташняга жніўня адмысловая камісія створаная ўправай ідэалягічнай працы аблвыканкаму. Пра тое, што яна зацьверджаная паведаміў супрацоўнік гэтай управы:

«Цяпер у нас бальшыня ўсяго, што ў нас робіцца, гаворыцца, пішацца — гэта расейская мова. Закон прадугледжвае роўнасьць выкарыстаньня дзьвюх моў, таму, каб папулярызаваць крыху беларускую мову й пашырыць сфэру яе ўжываньня, і прадугледжаны цэлы шэраг мераў. Якія? Яго трэба проста паглядзець і ўсё».
Закон прадугледжвае роўнасьць выкарыстаньня дзьвюх моў, таму, каб папулярызаваць крыху беларускую мову й пашырыць сфэру яе ўжываньня, і прадугледжаны цэлы шэраг мераў.


Каб паглядзець праграму, суразмоўца параіў зьвярнуцца да намесьніцы начальніка ўправы Людмілы Панізовіч.

«Канечне паглядзець можна. Яна ёсьць, мы даўно гэта зрабілі. Называецца яна так: „Комплекс першачарговых мер аблвыканкаму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010-12 гады“. Гэта можна ў Ленінскім райвыканкаме паглядзець, мы туды дасылалі».

Каля магілёўскага гарвыканкаму й аблвыканкаму вывешаныя плякаты з надпісам «2010 — год роднай мовы». Што яны азначаюць?

Панізовіч: «Рэч у тым, што мы прапаноўвалі адміністрацыі прэзыдэнта, аднак, вы бачыце, што тут усё па-іншаму. Ну гэта ж ня важна. Мы ж усё роўна свой плян мераў прынялі».

У Ленінскім райвыканкаме дазволілі толькі пагартаць праграму. На дэталёвае азнаямленьне зь ёй пяці хвілінаў было замала. Сфатаграфаваць яе не далі.

У праграме некалькі дзясяткаў пунктаў. За іх ажыцьцяўленьне адказваюць акрамя аддзелаў ідэалягічнай працы аддзелы культуры й адукацыі. У першым жа пункце зазначана — дзяржаўныя службоўцы, грамадзкія арганізацыі павінны садзейнічаць й заахвочваць ужываньне беларускай мовы. Сярод пунктаў значыцца й павышэньне ўзроўню веданьня чыноўнікамі мовы.

Пра тое, што праграма распрацоўваецца, чуў намесьнік старшыні партыі БНФ і Руху «БНФ «Адраджэньне» Рыгор Кастусёў. Пра тое, што яна ўжо зацьверджаная, ён яшчэ ня чуў:

«На практыцы выкананьне гэтых мерапрыемстваў пакуль не ажыцьцяўляецца. Выкарыстаньне беларускай мовы пастаянна звужаецца. На чыгуначным вакзале расклад руху цягнікоў у мінулым годзе быў яшчэ па-беларуску, але сёлета гэты расклад памянялі й ён ужо на рускай мове. Выкладаньне беларускай мовы ў некаторых школах Магілёва вядзецца на рускай мове ў стылі выкладаньня замежнай мовы. У дзевяностых гадах быў распрацаваны закон аб беларускай мове й выкананьне вось гэтага закона паспрыяла б больш шырокаму ўжываньню беларускай мовы ў адрозьненьні ад мерапрыемстваў аблвыканкаму».

Магілёўскі цэнтар культуры й адпачынку: Ні слова па беларуску
Расьцяжка, каля аблвыканкаму: Усё па руску.


У Магілёве за паўтара месяца існаваньня праграмы не зьмянілася нічога ў афармленьні інфармацыйных стэндаў каля дзяржаўных устаноў. Яны на расейскай мове. Аб’явы на расьцяжцы каля аблвыканкаму таксама па-руску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG