Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Прадпрымальнікі абараніліся ад падаткавікоў


Тры дзясяткі прадпрымальнікаў магілёўскага рынку «Грабянёўскі» вымушаныя былі прыпыніць гандаль, каб абараніць ад супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі трох сваіх калегаў. Падаткавікі неспадзявана наведаліся на рынак з пазаплянавай праверкай. Пра сваё спыненьне працы гандляры паведамілі ў менскае бюро «Свабоды».

Паводле прадпрымальнікаў, пяцёра супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі зьявіліся на рынку аб адзінаццатай гадзіне. Калі гандляры пачалі пратэставаць, падаткавікі выклікалі міліцыю. Чацьвёра міліцыянтаў з падпалкоўнікам на чале зьявіліся тут жа. Гвалтоўных дзеяньняў зь іх боку не было. Яны назіралі здалёк і здымалі акцыю пратэсту на відэакамэру.

— Ідзе проста звычайны шантаж. Немагчыма працаваць на «Грабянёўскім» рынку. Раней мы плацілі дзьвесьце эўра, а цяпер патрабуюць плаціць 260 эўра. Калі мы гэтага ня робім, то да нас штодзённа правяраюць. Мы ня супраць праверак, але патрабуем, каб нас правяралі згодна з законам. А ня тое, што хаатычна захацелі — прыйшлі. Сёньня правяраюць тры павільёны. Яны проста хочуць нас выжыць, —зазначае гандлярка Тацяна.

— У чым жа шантаж?

— Калі складаюць акт, то прапануюць яго прыбраць, калі мы даплацім падатак, — тлумачыць яшчэ адна гандлярка

— Гэтыя шэсьцьдзесят эўра?

— Так!

— А штрафы вялікія?

— Ад трыццаці мінімалак пачынаючы.

Пратэставаць прадпрымальнікі сабраліся ля будынку адміністрацыі рынку.

Выслухаць меркаваньне падаткавікоў не атрымалася. Яны сышлі з рынку пасьля таго, як прадпрымальнікі патэлефанавалі на «Свабоду». Іх сыход гандляры назвалі ўцёкамі. Зь іх слоў, у падатковай інспэкцыі сёньня абвешчаная працоўная субота, таму яны й прыйшлі на рынак з пазачарговай праверкай.

— Я двойчы зьвяртаўся ў дзяржкантроль. Там мяне пераконвалі ў тым, што гэта ня іхная прэрагатыва займацца такімі пытаньнямі. Я зьвярнуўся да Лебедзева, у адміністрацыю Кастрычніцкага раёна. Ён сказаў прыпыніць дзеяньне падаткавікоў, бо няясная схема, якую ён сам падпісаў. Аднак дзеяньні тыя працягваюцца, — зазначае гандляр Генадзь.

Сёньняшні працоўны дзень прадпрымальнікі з-за наведваньня рынку супрацоўнікамі падатковай інспэкцыі змарнавалі. Вялікіх прыбыткаў і за два апошнія месяцы яны не атрымлівалі, бо значна зьнізілася пакупніцкая актыўнасьць насельніцтва.

Усьлед за падаткавікамі сышлі й трое міліцыянтаў. Назіраць за гандлярамі міліцэйскае начальства пакінула аднаго лейтэнанта.

За прадпрымальнікамі здалёк назіраў лейтэнант міліцыі.

Міліцыянт: «Я тут для аховы правапарадку».

Карэспандэнт: «Прадпрымальнікі парушалі правапарадак?»

Міліцыянт: «Вось, каб і не парушалі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG