Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для ААН падрыхтавалі справаздачу аб правах чалавека ў Беларусі


Беларускія праваабаронцы прэзэнтавалі справаздачу пра становішча з правамі чалавека ў краіне. Справаздачу мае разгледзець Рада па правах чалавека ААН. Удзел у падрыхтоўцы дакумэнту бралі праваабарончая арганізацыя «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Асамблея няўрадавых арганізацый і іншыя структуры. Справаздача будзе выкарыстаная для працэдуры ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду ААН па Беларусі, які прызначаны на 12 траўня 2010 году.

Унівэрсальны пэрыядычны агляд, які праводзіцца ў межах дзейнасьці Рады ААН па правах чалавека, — гэта штогадовая справаздача 192 краін-удзельніц ААН аб выкананьні міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека. Беларусь гэтую працэдуру будзе праходзіць упершыню, у тым ліку ў зьвязку з адмовай афіцыйных уладаў супрацоўнічаць з праваабарончымі структурамі ААН цягам апошніх дзесяці гадоў, паведаміў старшыня БХК Алег Гулак:

Алег Гулак
«Мне цяжка сказаць чаму краіна не выконвала свае абавязкі і не падавала свае матэрыялы. Відаць, была не зацікаўленая ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі структурамі па правах чалавека. І мы бачым, у якой міжнароднай ізаляцыі доўгі час знаходзілася наша краіна таму, што ігнаравала сытуацыю з правамі чалавека ў краіне. Гэта і ёсьць форма ўплыву за невыкананьне сваіх абавязкаў перад міжнароднай супольнасьцю».

У падрыхтаванай справаздачы беларускія праваабаронцы засьведчылі парушэньні правоў чалавека ў 15 кірунках жыцьця грамадзтва, у тым ліку — у пытаньнях свабоды слова, суду, асацыяцый і шмат якіх іншых, кажа прадстаўнік Асамблеі няўрадавых арганізацый Юры Чавусаў:

Юры Чавусаў
«Найперш мы закранулі праблему рэгістрацыі няўрадавых асацыяцый, а дакладней — перашкоды, якія стварае заканадаўства. І прыводзім дакладную статыстыку, што колькасьць няўрадавых арганізацый апошняе дзесяцігодзьдзе ў Беларусі застаецца сталаю — каля 2250 арганізацый. Гэта азначае, што грамадзкі сэктар у Беларусі не разьвіваецца. Пра палітычныя партыі таксама ўсім вядома, што за апошняе дзесяцігодзьдзе ніводнай палітычнай партыі зарэгістравана не было, хоць спробы такія былі».

Як паведамілі праваабаронцы, у Раду па правах чалавека ААН яны таксама накіравалі альтэрнатыўную справаздачу пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

Валянцін Стэфановіч
Распаўсюд дакумэнту сярод краін Эўропы і міжнародных праваабарончых арганізацыяў — наступная задача праваабарончага сэктару Беларусі, кажа юрыст цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

«Нашыя наступныя крокі — гэта азнаямленьне з самім пэрыядычным дакладам. Мы плянуем працоўныя сустрэчы ў Жэнэве з прадстаўнікамі нацыянальных дэлегацый, якія ўваходзяць у склад Рады па правах чалавека ААН, брыфінг для амбасадаў замежных краін у Беларусі, а таксама для амбасадаў у Варшаве і Вільні».

Рэкамэндацыі па выпраўленьні становішча з правамі чалавека ў Беларусі для ўладаў і міжнародных праваабарончых структураў беларускія праваабаронцы занатавалі ў дакумэнце, складзеным з 52 пунктаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG