Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі аштрафавалі прызыўніка Яўгена Якавенку


Яўген Якавенка
Яўген Якавенка

Сёньня судзьдзя Савецкага раёну Гомелю Алена Дзічкоўская пакарала прызыўніка Яўгена Якавенку штрафам у памеры 175 тысяч рублёў. На падставе пратаколу гарадзкога ваенкама яго абвінавацілі ў тым, што ён не зьявіўся 29 сьнежня без паважных прычын на “мерапрыемствы прызыву”.


25-гадовы Яўген Якавенка адмаўляецца праходзіць тэрміновую службу зь меркаваньняў сумленьня. 2 лютага 2010 году ён накіраваў ужо трэцюю па ліку заяву з просьбай накіраваць яго на альтэрнатыўную службу. Атрымліваць позвы з ваенкамату юнак адмаўляецца, спасылаючыся на тое, што яны выпісаныя на расейскай мове.

У зале паседжаньняў суду Савецкага раёну Гомелю прысутнічалі каля двух дзясяткаў карэспандэнтаў СМІ, праваабаронцаў, а таксама прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “За альтэрнатыўную грамадзянскую службу”.

На патрабаваньне Яўгена Якавенкі ў суд быў запрошаны таксама перакладчык з расейскай мовы на беларускую.

Нагадаем, што 1-га лютага суд Менскага раёну абвінаваціў прызыўніка Івана Міхайлава ва ўхіленьні ад службы і прысудзіў да трох месяцаў арышту.

Іван Міхайлаў з рэлігійных перакананьняў адмовіўся праходзіць тэрміновую вайсковую службу і дамагаўся, каб яму прызначылі грамадзянскую службу. 15 сьнежня 2009 году Іван Міхайлаў быў арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар у Жодзіне. У суд Менскага раёну дастаўляўся пад канвоем, у кайданках.

У лістападзе 2009 году ў Гомелі за ўхіленьне ад вайсковай службы быў асуджаны гамяльчук Зьміцер Смык, які падаў заяву на праходжаньне альтэрнатыўнай службы.

Права на альтэрнатыўную службу замацавана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь з 1994 году. 26 траўня 2000 году Канстытуцыйны суд РБ прыняў рашэньне № Р-98/2000 “Аб некаторых пытаньнях рэалізацыі артыкулу 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, зь якога вынікала, што парлямэнт краіны абавязаны распрацаваць і зацьвердзіць адпаведны закон. Аднак да цяперашняга часу такі закон не прыняты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG