Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі “Таёты” не адклікаюць


Пакуль у Беларусі не зафіксавана ніводнага выпадку аварыі аўтамабіля “Таёта” з прычыны западаньня пэдалі газу. Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведамілі ў сэрвісным цэнтры гэтай японскай фірмы ў Менску. Аднак, як кажуць там жа, сьцьвярджаць, што беларускія ўладальнікі “Таётаў” не хвалююцца, нельга.


Японскі аўтагігант публічна прызнаў, што ў некаторых “Таётах” выявілі дэфэкт пэдалі газу. Час ад часу яна западае. Таму ў яе мэханізм дадаткова ўмантоўваюць стальныя пласьціны. Яны і гарантуюць нармальную працу пэдалі.

Замежныя мэдыі перадаюць, што японскія вытворцы ўжо адклікалі з рынку пяць мільёнаў аўто. А па ўсёй тэрыторыі ЗША “Таёта” працягнула час працы сваіх сэрвісных цэнтраў да паўночы, каб хутчэй зрабіць неабходны рамонт.

У Беларусі такой неабходнасьці пакуль няма, кажуць у менскім сэрвісным цэнтры. Інжынэр па гарантыях Сяргей распавядае:

“Ніводнага такога выпадку ў Беларусі мы не назіралі. Цяпер вывучаецца, ці ёсьць такія аўтамабілі на расейскім рынку. А таксама вывучаецца, з чыёй віны там нешта здараецца. Будзе атрыманая інфармацыя. І калі ў нас існуюць уладальнікі такіх аўто, мы ўсім ім абавязкова пра гэта паведамім”.

У менскім сэрвісным цэнтры ўдакладнілі, што дыстрыб’ютар “Таётаў”, якія трапляюць у Беларусь, знаходзіцца ў Расеі. А на пытаньне, ці хвалююцца беларускія ўладальнікі японскіх машын, спадар Сяргей адказвае:
Людзі хвалююцца, аднак, больш з-за гэтай шуміхі, я думаю ...

“Наконт “усё спакойна” — не хачу сказаць. Людзі хвалююцца. Але мы адказваем на ўсе пытаньні. Людзі хвалююцца, аднак, больш з-за гэтай шуміхі, я думаю. Насамрэч спраўляцца з гэтай праблемай — западаньнем пэдалі аксэлератара, — нават калі яна і ўзьнікае, складанасьці няма. Калі вы пад’яжджаеце, выціснулі счапленьне, спыніліся, націснулі на тормаз. Гэтаксама як на сьвятлафоры. Тут пытаньня няма”.

Мянчук Алег толькі тры месяцы таму стаў уладальнікам навюткай “Таёты-Авэнсіс”. Набываў ён яе ў Менску. Алег лічыць, што вялікіх падстаў для трывогі няма:

“Гэта на амэрыканскі рынак ішлі праблемныя машыны. Наколькі я ведаю, здымалі і вярталі пераважна вялікія машыны-ўнівэрсалы. А ў нас звычайны, стандартны “Авэнсіс”. Збой даюць машыны, у якіх вельмі шмат электронікі. А ў маёй машыне яе ня так ужо каб і шмат”.

Тым часам Reuters піша, што яшчэ адна японская кампанія — “Хонда”—адклікае з глябальнага рынку 438 тысяч машын для ліквідацыі дэфэкту падушкі бясьпекі. Гэта некаторыя мадэлі выпуску 2001—2002 гадоў. Прычына — мэханізм раскрыцьця падушкі бясьпекі кіроўцы мае празьмерны ціск. І калі спрацоўвае айрбэг, кіроўца можа атрымаць траўму і нават загінуць.

У менскім аўтасалёне “Хонды” гэту навіну пакуль ніяк не камэнтуюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG