Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны: Катастрофа “Су-27” у Польшчы яшчэ вывучаецца


Дагэтуль не названыя прычыны катастрофы беларускага зьнішчальніка «СУ-27», які разьбіўся летась 30 жніўня ў польскім горадзе Радам падчас авіяшоў. Тая катастрофа зьнесла жыцьці лётчыкаў — палкоўнікаў Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча.

9 лютага кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык сказаў «Свабодзе», што расьсьледаваньне авіяцыйнага здарэньня працягваецца:

«Праца працягваецца. Скажу вам як вайсковец, які праслужыў у ваеннай авіяцыі 15 гадоў, што такія рэчы расьсьледуюцца вельмі падрабязна і сур’ёзна. Нават тэрміны не вызначаюцца ў такіх справах, бо галоўнае — знайсьці праўду. І паводле сусьветнага досьведу большасьць краінаў, дзе былі такія катастрофы, дагэтуль не заявілі пра прычыны, бо расьсьледаваньні таксама працягваюцца. Гэтак і ў нас. Працуе аналітычная група, тыя матэрыялы, якія ў нас ёсьць, аналізуюцца адмыслоўцамі».

Яшчэ 20 кастрычніка была завершаная праца сумеснай беларуска-польскай камісіі, якая працавала ў Польшчы. Усе матэрыялы, напрацаваныя камісіяй, перададзеныя ў Менск. Тады кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Польшчы Робэрт Раховіч заявіў, што публікаваць высновы камісіі польскі бок ня мае права, бо самалёт належаў Беларусі. Беларускае ж Міністэрства абароны паабяцала, што матэрыялы расьсьледаваньня авіякатастрофы стануць вядомыя грамадзкасьці «пасьля іх вывучэньня і аналізу».

У канцы 2009 году стала вядома, што сем’і загіблых беларускіх лётчыкаў атрымалі за іх страхоўку. У Польшчы атрымалі грашовую кампэнсацыю ўладальнікі зямлі, на якую ўпаў беларускі «СУ-27».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG