Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі варта мяняць калена


На працягу многіх гадоў людзям са зношанымі каленямі раілі пачакаць як мага даўжэй, перш чым ісьці на апэрацыю па іх замене. Словам, пачакайце, пакуль будзеце старэйшыя, і сустаў перажыве вас. Пра найноўшыя дасьледаваньні піша The New York Times.


Экспэрты прыходзяць да высновы, што дактары і пацыенты занадта перавышаюць ліміты жыцьцяздольнасьці зношаных суставаў. Сучасныя ўдасканаленыя тэхналёгіі штучных суставаў і хірургічных мэтадаў між тым азначаюць, што ўжыўленьне штучных суставаў будзе працягвацца даўжэй, чым некалі раней – 20 гадоў і болей. Прытым дактары па-ранейшаму раяць кандыдатам на замену пачакаць аж “пакуль вы ня зможаце цярпець”. У выніку многія пацыенты чакаюць, пакуль храсток у іх каленях зносіцца цалкам і іх хада будзе выклікаць балючае скрыгатаньне косьці аб косьць.

Пацыенты, якія чакаюць занадта доўга, бываюць настолькі аслабленымі, што аднаўленьне функцыяў суставаў бывае цяжэйшым і не заўсёды поўным. Ёсьць пэўны пункт, перачакаўшы які, вы зьмяншаеце магчымасьць аднаўленьня, кажа доктар Лін Снайдэр- Маклер, прафэсар катэдры фізіятэрапіі ва ўнівэрсытэце Дэлавэр у ЗША.

Прыкладна кожны пяты з дарослых мае артрыт або хранічныя болі ў суставах. Істотным фактарам тут зьяўляецца спадчыннасьць або павышаная вага. Але ня кожны сустаў з артрытам непазьбежна чакае замена. Лячэньне болю і запаленьня на раньняй стадыі можа людзям дапамагчы захаваць функцыю даўжэй. Дапамагаюць таксама ўмераныя фізычныя нагрузкі і падтрыманьне здаровай вагі.

Паводле публікацыі у часопісе Канадзкай мэдычнай асацыяцыі, дактары часьцей рэкамэндуюць хірургію калена мужчынам, чым жанчынам. Верагодна, адна з прычынаў ў тым, што статыстычна жанчыны жывуць даўжэй за мужчын. Так, дасьледчыкі унівэрсытэту ў Таронта выбралі мужчыну і жанчыну аднаго веку – 67 гадоў і з аднолькавым узроўнем каленнага артрыту. Яны прайшлі кансультацыі у 29 артапэдаў і 38 сямейных урачоў. Дзьве траціны зь іх рэкамэндавалі замяніць калена мужчыну, і толькі траціна палічыла неабходнай гэтую апэрацыю для жанчыны.

Крэйг Мэйсан са штату Каліфорнія ў ЗША, якой 65 гадоў, таксама доўга настойвала на апэрацыі. Калі яна магла хадзіць толькі з дапамогай мыліцаў, доктар усё яшчэ яе адгаворваў. Апэрацыю ўрэшце прыйшлося зрабіць. Жанчына згадвае, што працэс рэабілітацыі быў балючы. Але, адрозна ад хранічных боляў, якія яна цярпела ў калене, боль пасьля хірургічнага ўмяшаньня паступова зьнік. Гэта як боль родаў – на яго хутка забываесься, кажа жанчына.




XS
SM
MD
LG