Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байнэт і выбары: чужаніцам уваход забаронены


Указ пра кантроль над беларускім Інтэрнэтам: намеры уладаў і адказ інтэрнэт супольнасьць. Мясцовыя выбары па формуле Лідзіі Ярмошынай: апзыцыі ізноў паказалі на яе месц. Гэтыя тэмы – ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы радыё Аляксандар Лукашук. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк, інтэрнэт-журналісты Аляксандар Класкоўскі і Кірыл Пазьняк, а таксама юрысты і палітыкі Юры Чавусаў і Сяргей Альфэр.


Лукашук: На гэтым тыдні прэзыдэнт Лукашэнка падпісаў указ аб рэгуляваньні Інтэрнэту. Калі некалькі месяцаў таму ў прэсу пратачыўся праект указу, грамадзкасьць і Інтэрнэт-супольнасьць пачала біць у званы, расцаніўшы яго палажэньні як пятлю на Байнэт, на беларускае Сеціва.

І вось нарэшце з’явіўся ўказ. Юры, якія яго асноўныя палажэньні?

Дракахруст: Указ патрабуе ад дзяржаўных органаў і установаў заводзіць сайты ў інтэрнэце і выкладаць на іх інфармацыю пра сваю дзейнасьць.

Ён патрабуе пераводу інтэрнэт-гандлю ў Беларусі ў дамэнную зону by. Ён дае магчымасьць карыстальнікам патрабаваць ад сваіх правайдэраў ставіць фільтры на тую інфармацыю, якую карыстальнік не жадае атрымліваць.

Але ёсьць і некалькі пунктаў, якія выклікалі асаблівую трывогу грамадзкасьці.

Гэта тое, што правайдэры павінны на працягу году захоўваць дадзеныя інфармацыйных абменаў сваіх карыстальнікаў. І другое – што дзяржаўнае агенцтва, адказнае за Інтэрнэт – апэратыўна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта, можа патрабаваць ад правайдэраў абмяжоўваць доступ к сайтам зь інфармацыяй, “забароненай да распаўсюду ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі”.

У татальным кантролі і магчымасьці адвольнай інтэрпрэтацыі таго, што забаронена, а што не, многія бачаць вялікую небясьпеку, магчымасьць палітычнай цэнзуры ў інтэрнэце.

Можа ў іншай дзяржаве ў іншых палітычных умовах такія пункты і ня выклікалі б насьцярогу.

Але тут як а анэкдоце, як зьвяры бягуць з лесу. Чаму – іх пытаюць? Ды там леў усім пятую нагу адрывае. А чаго вы баіцеся? Ды ён спачатку адрывае, а потым лічыць.

Лукашук: Ян, на Ваш погляд чаму гэты ўказ быў выдадзены менавіта зараз? Пра інтэрнэт як “памыйку” Лукашэнка казаў некалькі год таму. Але, так выглядае, буры ў інтэрнэце не ўяўлялі для ўлады вялікай пагрозы. А што – зараз пачалі ўяўляць?

Максімюк: Мне не падаецца пераканаўчым аргумэнт, што ўладзе раптам закарцела засьцерагчы беларускае грамадзтва ад разбэшчанасьці і ўсёдазволенасьці ў Інтэрнэце, то бок, ад доступу да парнаграфічных сайтаў або да сайтаў, якія прапануюць вам нешта з парушэньнем аўтарскіх правоў — ліцэнзаваныя кампутэрныя праграмы або музычныя дыскі, напрыклад. Гэта нікому на сьвеце не ўдалося. Ну і практыка паказвае, што Інтэрнэт дагэтуль не ўяўляў вялікай пагрозы для палітычнай стабільнасьці рэжыму. Так што я таксама наўпрост ня зьвязваў бы гэтага ўказу з набліжэньнем выбараў у Беларусі – мясцовых сёлета і прэзыдэнцкіх у наступным годзе. Прычыны зьяўленьня гэтага ўказу для мяне дваістыя. З аднаго боку фактычна насьпела патрэба адрэгуляваць некаторыя юрыдычныя аспэкты таго, што адбываецца ў Інтэрнэце, бо бок, згаданага распаўсюду парнаграфіі ці грубага парушэньня аўтарскіх правоў. Такое рэгуляваньне існуе і ў іншых краінах. Ну а з другога боку такая ўжо натура ў аўтарытарнага рэжыму — калі можна нешта забараніць ці абмежаваць, ды да таго пад покрыўкай змаганьня з заганнымі грамадзкімі зьявамі, дык гэты рэжым хутчэй ці пазьней гэта забараняе і абмяжоўвае. Каб не падацца занадта лібэральным ці слабым.

Лукашук: Сваю ацэнку ўказа і яго магчымых наступстваў для Байнэту прапануе рэдактар інтэрнэт-выданьня “БелМы” Кірыл Пазьняк

Пазьняк: Мне падаецца, што гэты ўказ ані адыёзны, ані тэхнічна пазытыўны, як падаюць улады. Ён мае некалькі мэтаў: інтэрнэтызаваць грамадзтва, упарадкаваць інтэрнэт-бізнэс, зрабіць інтэрнэт-прастору больш цывілізаванай. І натуральна ўлады спрабуюць усталяваць пэўны кантроль, каб у працэсе інтэрнэтызацыі зьменшыць сацыяльна-палітычныя нейкія рызыкі. Зразумела, што дзяржпрапаганда акцэнтуецца на выгоду для інтэрнэт-карыстальніка, а па правілах жанру апазыцыя натуральна кажа пра прытоеную нэгатыўную пэрспэктыву. Зразумела, што ўлады непакояцца, што адбываецца ў інтэрнэце, бо там камунікуюць людзі з альтэрнатыўнымі поглядамі, і напярэдадні выбараў могуць утварацца нейкія супольнасьці і ладзіць нейкія антыўрадавыя палітычныя кампаніі.

Я лічу, што татальнага кантролю зладзіць ня ўдасца з тэхнічных прычынаў, бо гэта задарагая справа, працаёмістая праца. А ўрэшце ў сеціве можна знайсьці кансьпіратыўныя парады. Вядома, нязначная колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў зможа гэта рабіць, здатныя на гэта. Мне падаецца, што разьлік робіцца на прэвэнтыўнасьць, каб усталяваць самацэнзуру, каб, груба кажучы, чалавек сядзеў каля кампутара і ўвесь час трымаў у галаве, што, калі згадваць Оруэла, Вялікі брат адсочыць цябе. Але ня выключана, што нейкія кропкавыя карныя захады могуць быць, у прыватнасьці, супраць радыкальных апазыцыйных сайтаў.

Лукашук: А вось меркаваньне вядомага блогера, інтэрнэт-журналіста Аляксандра Класкоўскага.

Класкоўскі: Увогуле бадай няма такога інструмэнту, які б беларускія ўлады не маглі б прыстасаваць дзеля мэтаў забесьпячэньня непалітычнай ляяльнасьці. Калі казаць сур’ёзна, то канчатковы дакумэнт значна адрозьніваецца ад праекту, які быў укінуты ў сьнежні і паставіў на вушы ўсю інтэрнэт-супольнасць. Усё-ткі беларускія ўлады ўлічваюць рэзананс, у тым ліку і міжнародны. У выніку зьявіўся дакумэнт, напісаны такой даволі цьмянай, тэхнічнай мовай. І чалавек недасьведчаны можа падумаць, што гэта тычыцца правайдэраў, тэхнароў і г.д. Але чалавек дасьведчаны бачыць, што тырчаць вушы палітычнай цэнзуры. Па-першае, усім гэтым беларускім сэгмэнтам будзе загадваць спэцслужба, адпаведны цэнтар пры прэзыдэнце.

Па-другое, увесь гэты інструмэнтарый – гэта татальнае ліцэнзаваньне, адсочваньне, ідэнтыфікацыя аж да ўзроўню прыладаў, то бок кампутараў і канкрэтных карыстальнікаў. І таму пры неабходнасьці ўвесь гэты інструмэнтарый можа быць задзейнічаны, каб фільтраваць базар у палітычным сэнсе.

Байнэт выжыве, дый улады ўвогуле разумеюць, што, як гэта за савецкім часам сьпявалі, песьню ня здушыш, не заб’еш. Інтэрнэт – гэта ўжо і эканамічны вялікі чыньнік. Нельга інвэстараў адпуджваць, таму такой задачы ня ставілася, а ўлюбёная мэтода беларускіх уладаў мякка сабраць пад каўпак, выбарачна зрабіць акупунктуру, то бок узорна пакараць нейкага юзэра, які надта ўжо гоніць крамолу ў сеціве, ці нейкі неўпадабаны інтэрнэт-рэсурс. Увогуле ж улады будуць паводзіць сябе адпаведна сытуацыі. Калі выбарчая кампанія будзе ісьці вяла, без нейкіх асаблівых узрушэньняў, то надта глушыць і ня трэба гэтыя рэсурсы. Калі ж усё-ткі будзе нейкі момант напружанасьці, і ўлада адчуе небясьпеку (інтэрнэт сёньня – гэта і арганізатарская вялікая сіла. Нездарма з’явіўся тэрмін твітэр-рэвалюцыя), вось тады пачнецца мачылава, будуць адсякаць неўпадабаныя сайты, бо адпаведны інструмэнтарый ёсьць і адпаведная база падведзена.

Лукашук: Ян, а ці ёсьць ужо нейкая міжнародная рэакцыя на указ аб інтэрнэце?

Максімюк: Першая міжнародная рэакцыя зьявілася на другі дзень пасьля падпісаньня ўказу прэзыдэнтам. Гэта была рэакцыя праваабарончай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў”, якая адсочвае сытуацыя са свабодай выказваньня ва ўсім сьвеце. Люсі Марыён (Lucie Morillon), якая ў гэтай арганізацыі "Рэпартэры бязь межаў" кіруе аддзелам па пытаньнях свабоды ў Інтэрнэце, сказала Свабодзе наступнае:

“Ва ўказе ёсьць пункты, якія гаворыць аб тым, што пастаўнікі інтэрнэт-паслугаў павінны блякаваць доступ да сайтаў, якія ўрад лічыць экстрэмісцкімі, і што гэтыя пастаўнікі павінны захоўваць інфармацыю пра карыстаньне іхнімі паслугамі на працягу году. Гэта насамрэч захады, каб запэўніць лепшае сачэньне за грамадзянамі і за тым, што яны робяць і што чытаюць у сеціве. Гэта ня толькі спосаб, каб адсочваць дысыдэнтаў і людзей, якія крытыкуюць урад, але таксама спосаб застрашыць людзей, якія ў Інтэрнэце шукаюць інфармацыі, якой ім не хапае ў традыцыйных СМІ. Гэты ўказ мае ў выніку прымусіць людзей да самацэнзуры, што можа вельмі сур’ёзна паўплываць на свабоду выказваньня ў краіне ў будучыні”.

Я думаю, што ў гэтай рэакцыі заключаюцца ўсе патэнцыйныя пагрозы для свабоды слова, якія гэты ўказ можа, хоць ня мусіць, прынесьці. Усё будзе залежаць, як улады зразумеюць некаторыя фармулёўкі у гэтым указе – Напрыклад, што такое экстрэмізм? Прыгадайма, як у 2006 годзе экстрэмізмам назвалі спробу наладзіць незалежнае назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі, і пасадзілі ў турму трое чалавек за гэтую спробу. Існуе пагроза, што ў Беларусі могуць адключаць сайты на аснове вось такіх інтэрпрэтацый экстрэмізму. Калі б Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай, дык нікому акрамя правапарушальнікаў ня трэба было б гэтага ўказу баяцца.

Зь міжнародных рэакцый на ўказ варта яшчэ адзначыць выказваньне Луца Гуэлнэра, прэсавага сакратара вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешніх сувязях і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, які сказаў Радыё Свабода наступнае: “Гэты новы прэзыдэнцкі ўказ наконт інтэрнэту, калі ён уступіць у дзеяньне, зразумела, яшчэ больш абмяжуе свабоду слова і інфармацыі ў Беларусі. Мы разглядае гэтае пытаньне як значны крок у няправільным напрамку."

Лукашук: Юры, існуе досьвед, калі аўтарытарная беларуская ўлада ўсё ж адступала пад ціскам грамадзкіх пратэстаў. Летась так адбылося з пастановай ўраду №991 наконт пасярэдніцтва. Урэшце Лукашэнка адмяніў гэтую пастанову. Ці можа нешта падобнае адбыцца і гэтым разам?

Дракахруст: Гэтага нельга выключаць. Пакуль цяжка сказаць, ці абрынецца гэты дамоклаў меч на галаву байнэту. Указ уступіць у дзеяньне з 1 ліпеня, шэраг яго палажэньняў адсылаюць да нарматыўных дакумэнтаў, якія яшчэ мяркуецца распрацаваць. Ня выключана, што гэта такі своеасаблівы пробны шар – запусьцім, а там паглядзім на рэакцыю. Будзе яна занадта моцнай, дык і прыбярэм сёе-тое. Старшыня БАЖ Жанна Літвіна ўжо заявіла пра пажаданасьць міжнароднай экспэртызы ўказу. Ян распавёў пра даволі рэзкую міжнародную рэакцыю. Якія там крытэры лібэралізацыі ўжывае Эўропа для таго, каб працягваць дыялёг з Менскам – гэта складанае пытаньне, але нефармальнай умовай па змаўчаньні з’яўляецца непагаршэньне сытуацыі з правамі і свабодамі чалавека. І дэманстратыўнае маштабнае пагаршэньне гэтых умоваў можа нарэшце выклікаць і рэакцыю ў адказ.

Ведаеце, я б адзначыў такі горкі сымбаль. Пасьля выхаду ўказу ў сьвет «Советская Белоруссия» выступіла з артыкулам з тлумачэньнем яго неабходнасьці. І ілюстравала гэта прыкладам: а вось у Англіі ў турме не кантралявалі, што там нейкі злодзей-вязень пісаў у інтэрнэце, а ён такога нарабіў. Дарэчны аргумэнт. Трапны. За беларусамі трэба глядзець, як за вязьнямі. Яны і ёсьць вязьні. Ці яшчэ не?



Лукашук: Указ аб рэгуляваньні інтэрнэту стаў фонам для завяршэньня першага этапу кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы – фармаваньня тэрытарыяльных камісіяў. Такіх камісіяў – каля паўтары тысячы, ад абласных і Менскай гарадзкой да пасялковых. Сярод тысяч сябраў гэтых камісій прадстаўнікі апазыцыі налічваюць мізэрную лічбу.

На прэсавай канфэрэнцыі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына падвяла вынікі гэтага этапу кампаніі наступным чынам

Ярмошына: Са 149 прадстаўнікоў палітычных партый у тэрытарыяльныя камісіі ўключана 105. Найбольшае прадстаўніцтва мае Камуністычная партыя Беларусі (75). У камісіях будуць таксама працаваць дзевяць членаў Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" (былая ПКБ), сем — Лібэральна-дэмакратычнай партыі, пяць — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, чатыры — Аб'яднанай грамадзянскай партыі, па два — Беларускай аграрнай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і адзін член Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі.


Усяго ў 1.495 тэрытарыяльных камісій уключана 11.697 грамадзян. 51,9% з іх вылучаліся шляхам збору подпісаў, 35,3% — грамадзкімі аб'яднаньнямі і партыямі, 12,8% — працоўнымі калектывамі.

Што тычыцца фармаваньня акруговых і абласных камісій, то ад палітычных партый у акруговыя камісіі быў вылучаны 371 прадстаўнік, 82 чалавекі — гэта члены КПБ, на другім месцы партыя "Справядлівы сьвет" — 21 чалавек. Ад АГП заяўлена 14 прадстаўнікоў, восем чалавек ад БСДП (Грамада), шэсьць — ад Партыі БНФ, дзевяць — ад ЛДП. Усяго ў вылучэньні ўдзельнічала дзевяць партый з 15 зарэгістраваных.

Лукашук: Ніводзін з вылучэнцаў ад партыі БНФ у тэрытарыяльныя камісіі не патрапіў наагул. Адзін зь іх – вядомы палітоляг і юрыст Юры Чавусаў, якога вылучалі ў Менскую гарадзкую камісію. Варта адзначыць, што партыі вылучылі наагул няшмат сваіх кандыдатаў у выбарчыя камісіі, усяго 149 чалавек, пры гэтым палова – ад праўладнай камуністычнай партыі. Чаму ж партыі вылучылі так мала кандыдатаў – пытаньне да Юрыя Чавусава.

Чавусаў: Я б не сказаў, што рэзка зьнізілася колькасьць партыйных вылучэнцаў у параўнаньні з мінулымі і пазамінулымі выбарамі. Сытуацыя з тэрытарыяльнымі камісіямі па-ранейшаму ускладняецца пытаньнем нерэгістрацыі арганізацыйных структур палітычных партый, якія такое права маюць, згодна з заканадаўствам. І гэтых структур у партый няма не таму, што ў іх няма людзей, а таму што, па-першае, улады адмаўляюць у рэгістрацыі арганізацыйных структур як абласнога, так і ніжэйшага ўзроўню. Прыгадаю, што ўвесну мінулага года партыі БНФ адмовілі ў рэгістрацыі партыйнай структуры на падставе таго, што дакумэнты былі аформлены не належным шрыфтам. Дый зрэшты падрыхтаваць гэтыя дакумэнты даволі складана, таму што пытаньне юрыдычнага адраса застаецца балючым для шмат якіх партыйных структураў. Трэба знайсьці офіснае нежылое памяшканьне і аплочваць яго. Для праўладных партыяў праблемы ў гэтым няма, бо ўлады спрыяюць прадастаўленьню такіх памяшканьняў, не бяруць за іх грошы, а для апазыцыйных партыяў даводзіцца шукаць камэрцыйныя варыянты, і гэта даволі балюча б’е па бюджэце партыяў. Гэта прычына, чаму партыі ня толькі не вылучылі, але рэальна ня мелі магчымасьці вылучыць шмат прадстаўнікоў тэрытарыяльнай камісіі.

Лукашук: Сяргей Альфэр, сябра АГП, вядомы юрыст, які ўдзельнічаў у распрацоўцы зьменаў у выбарчае заканадаўства, стаў адным з нешматлікіх апазыцыянэраў, які ўсё ж быў уключаны ў склад выбарчай камісіі.

Якія магчымасьці будзе мець ён, як сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі, каб забясьпечыць справядлівыя выбары?

Альфэр: Магчымасьці, напэўна, як і ў іншых сябраў выбарчай камісіі. Мы павінны удзельнічаць у справе выбарчай камісіі і выконваць тыя патрабаваньні заканадаўства, якія прадугледжаны. Менская абласная камісія адказвае за правядзеньне выбараў на тэрыторыі горада Менска, яна заслухоўвае справаздачы ніжэйшых выбарчых камісіяў і выконвае іншыя паўнамоцтвы. Сярод гэтых паўнамоцтваў найбольш важным будзе паўнамоцтва камісіі як арбітра, які вырашае спрэчкі паміж кандыдатамі і ніжэйшымі камісіямі, і тут усё будзе вырашацца шляхам галасаваньня. Зразумела, аргумэнтацыя людзей, што ўдзельнічаюць у спрэчках, вельмі істотна, але пры галасаваньні заўжды вырашае большасьць. Як большасьць вырашыць, так і будзе. І будзе гэта адпавядаць майму меркаваньню або не, вельмі цяжка на сёньняшні дзень прадказаць.

Але тым ня менш я, карыстаючыся сваімі ведамі, як спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства, буду адстойваць тыя нормы права, якія закладзены ў выбарчым кодэксе. Сярод іншых паўнамоцтваў сябраў выбарчай камісіі гэта магчымасьць кантраляваць дзеяньні ніжэйшых камісіяў, знаёміцца з дакумэнтамі ніжэйшых выбарчых камісіяў, каб у іх дзейнасьці не было парушэньняў выбарчага заканадаўства РБ. Тое, што закладзена законам, калі яно выконваецца і не парушаецца, дае магчымасьць камісіям правесьці гэтыя выбары дастаткова свабодна і справядліва. Наколькі яны будуць карыстацца тымі правамі, якія закладзены законам, на сёньня сказаць цяжка. Убачым на практыцы.

Лукашук: А чаму так мала апазыцыянэраў было наагул вылучана ў камісіі?

Альфэр: Трэба разглядаць гэтае пытаньне з двух бакоў. Трэба глядзець на колькасьць арганізацыйных структур палітычных партый, якія існуюць на сёньняшні дзень у Беларусі. Закон аб палітычных партыях патрабуе таго, каб яны мелі свае абласныя структуры ў большасьці абласьцей і горадзе Менску. Амаль усе палітычныя партыі за невялічкім выключэньнем маюць арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласьцях РБ. Што тычыцца ніжэйшых арганізацыйных структур у раёнах і гарадах, то тут ёсьць вялікія цяжкасьці. Першая цяжкасьць – гэта нерэгістрацыя гэтых структур упраўленьнямі юстыцыі аблвыканкамаў. І другая цяжкасьць – гэта вельмі вялікая арэндная плата. На сёньняшні дзень нашыя палітычныя партыі знаходзяцца ня ў лепшым фінансавым стане, і таму ім вельмі цяжка ўтрымліваць вялікую колькасьць арганізацыйных структур.

Таму яны вылучылі тое, што маглі вылучыць. Амаль па ўсіх арганізацыйных структурах, якія былі арганізаваныя, ад апазыцыйных структураў былі вылучаныя прадстаўнікі. У пэўных рэгіёнах была дамова, і вылучаўся кандыдат ад кааліцыі. Так што можна сказаць, што вылучана амаль столькі кандыдатаў, колькі можна. З іншага боку трэба глядзець і на стаўленьне да гэтых выбараў. На вялікі жаль і перад фарміраваньнем камісіяў прадстаўнікі дэмакратычных сілаў гаварылі пра тое, што ня бачна ніякіх рухаў па магчымасьці ўключэньня. Гэта таксама ўплывала на невялікую колькасьць тых людзей, якія далі згоду ісьці ў камісію. Сэнсу няма, бо ўсё адно ня ўключаць. Як жыцьцё паказала, сэнсу амаль не было, амаль нікога не ўключылі. Толькі адзінкі з прадстаўнікоў, вылучаных апазыцыйнымі партыямі, змаглі стаць сябрамі камісіі.

Лукашук: Юры, а на Ваш погляд, чаму ўлады адкінулі большасьць кандыдатаў у сябры тэрытарыяльных выбарчых камісій ад апазыцыйных партый? Вось на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у 2008 годзе ў 110 выбарчых камісіяў уключылі 42 апазыцыянэры. Сёлета – ў 1450 тэрытарыяльных камісій – менш за 100 чалавек. Чаму?

Дракахруст: У мяне няма адназначнага тлумачэньня. Прапанаваць можна розныя варыянты. Ня выключана, што дэманстрацыя “пацёмкінскіх вёсак” лібэралізацыі намечаная на больш позьнія пэрыяды кампаніі: скажам, будуць лёгка рэгістраваць кандыдатаў, ня надта перашкаджаць з агітацыяй, кагосьці прапусьцяць у Саветы, напісаўшы ім лічбы гэтак жа, як напішуць і сваім. Таму і вырашылі кантраляваць працэс падліку жорстка, на ўсіх узроўнях. Іншы варыянт, што вырашылі наагул не стамляць сябе гэтымі рухамі целамі, якія павінны хаця б імітаваць лібэралізацыю.

Апошняе ўпісваецца ў агульны кантэкст падзеяў – тое ж зьяўленьне драконаўскага ўказу пра інтэрнэт. Але зь іншага боку, гэта выглядае неяк нелягічным з пункту гледжаньня ня нейкіх высокіх матэрыяў каштоўнасьцяў і свабодаў, а з пункту гледжаньня банальнага захаваньня ўлады. На ўсходнім фронце, як ні круці, а параза, і які сэнс адкрываць другі?

Бо на выклікі раней ці пазьней знаходзяцца адказы. Першая ластаўка – гэта канфлікт вакол Парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства. Ад усіх партнэраў дэлегацыі парлямэнцкія, Беларусі прапаноўваюць ці дэлегацыю, сфармаваную пароўну з Нацыянальнага сходу і апазыцыі ці толькі з апазыцыі.

Ну а больш сур’ёзны званочак : гэта паведамленьне МВФ, што Беларусь пакуль ня можа атрымаць ад Эўразьвязу фінансавую дапамогу ў памеры 290 млн. даляраў. Тлумачэньні даюцца чыста тэхнічныя. Можа, ў іх і справа. А можа і званочак: калі Менску ніхто не указ, то гордым лепш быць за ўласныя грошы.

Максімюк: Магчыма, улада вырашыла, што гэтая сымбалічная прысутнасьць апазыцыі ў выбарчых камісіях і будзе дастатковай, каб прадэманстраваць для Эўропы сваю “лібэральнасьць”, кажучы ў двукосьсі. Мясцовыя выбары не выклікаюць такой міжнароднай цікаўнасьці да Беларусі, як парлямэнцкія ці прэзыдэнцкія. А таму ўлады могуць разьлічваць, што ім удасца тут упаляваць двух зайцаў адным стрэлам: захаваць нейкую бачнасьць дэмакратычнага выбарчага працэсу ды яшчэ мацней маргіналізаваць апазыцыю. У Беларусі, па-мойму, не дапусканьне апазыцыі ў сыстэмную палітыку сталася нечым ірацыянальным, якое не паддаецца ні палітычнаму апраўданьню, ні палітычнаму аналізу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG