Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястры вязьня пагражаюць адлічэньнем з каледжу


Юлія Міхайлава
Юлія Міхайлава

Юліі Міхайлавай — сястры вязьня сумленьня Івана Міхайлава — пагражае адлічэньне з каледжу. Падставай для гэтага сталася яе адсутнасьць на занятках у дзень суду над братам. Пытаньне аб адлічэньні маладафронтаўкі будзе разглядацца ў сераду на адмысловай пэдагагічнай нарадзе.

Пра сваё магчымае адлічэньне першакурсьніца Юлія Міхайлава даведалася, калі прыйшла на заняткі ў каледж на наступны дзень пасьля суду над братам.

Юлія Міхайлава: «Мне было вельмі важным падтрымаць брата, бо лічу, што яго судзілі паводле нейкіх няправільных і незразумелых законаў. Я напісала тлумачальную пра прычыну сваёй адсутнасьці і адпаведную заяву дырэктару. Але куратар групы сказала, што гэта не падстава для адсутнасьці на занятках. Пасьля мяне выклікала дырэктар і сказала, што ў наступную сераду будзе разглядацца пытаньне майго адлічэньня з каледжу».

У Каледжы швейнай прамысловасьці пацьвердзілі, што Юліі Міхайлавай пагражае адлічэньне. Прычым ужо зараз студэнтцы вынесеная вымова, паведаміла намесьніца дырэктара Любоў Салаўёва:

«Яна вельмі груба паводзілася, кінула дырэктару заяву на стол — вельмі непрыгожа паводзілася. Пакуль што ёй вынесеная вымова. Але ў сераду зьбіраем малую пэдагагічную нараду і будзем абмяркоўваць яе пытаньне. Канечне, дзяўчынка нядрэнная — я ўжо наводзіла даведкі — і вучыцца няблага. Галоўнае, каб яна паводзілася адэкватна — вось і ўсё».

Юлінага брата Івана Міхайлава суд пакараў трыма месяцамі зьняволеньня, зьвінаваціўшы ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня. Юлія Міхайлава не выключае, што менавіта гэты факт, а таксама яе сяброўства ў Маладым фронце сталіся сапраўднымі прычынамі яе перасьледу. Вось як сытуацыю зь Юліяй Міхайлавай пракамэнтаваў намесьнік старшыні Маладога фронту Мікола Дземідзенка:

«Гэта ня першая студэнтка, якую спрабуюць выключыць ці выключаюць з навучальных устаноў. Відавочна, што ўлада ізноў закручвае гайкі. Да прыкладу, дагэтуль невядома, чаму за кратамі знаходзіцца Іван Стасюк. Гэта вельмі кепска, і мы канстатуем, што нічога ў палітыцы ўладаў не зьмянілася».

Напрыканцы мінулага году за ўдзел у міжнародным форуме была выключаная з унівэрсытэту Тацьцяна Шапуцька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG