Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 31 студзеня – 6 лютага


Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі на паседжаньні ўраду, прысьвечаным вынікам 2009 году, прызнаў моцнае падзеньне беларускага экспарту. Паводле Сідорскага, адмоўнае сальда зьнешняга гандлю за 11 месяцаў 2009 году склала 4,8 мільярда даляраў – гэта больш чым у 3 разы за прагнозны паказчык. ЭКАНАМІЧНЫ АГЛЯД ТЫДНЯ.

Сяргей Сідорскі зазначыў, што летась экспарт прадукцыі беларускай прамысловасьці склаў 49% да папярэдняга 2008 года. Страты рэальнага сэктару эканомікі склалі 1,3 трыльёна рублёў. Каля трэці прадпрыемстваў – таксама стратныя. Сяргей Сідорскі заклікаў урад зрабіць бягучы 2010 год “годам росту экспартнага патэнцыялу”.

Нагадаем, што ў 2009 годзе рост валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі плянаваўся на 10-12%, аднак рэальны паказчык склаў 0,2%. На 2010 год урад падрыхтаваў два варыянты прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця -- базавы і мэтавы. Першы прадугледжвае рост ВУП на 2-3%, другі — на 11-12%. Аднак Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены прагнознымі дакумэнтамі. У выніку 7 сьнежня зацьверджаны прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця з ростам ВУП на 11-13%.

Андрэй Харкавец
4 лютага міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец заявіў пра яшчэ адно несупадзеньне з плянамі: недабор падатковых прыбыткаў бюджэту ў студзені 2010 году склаў 200 мільярдаў рублёў: “Праваленыя паступленьні па ПДВ, акцызах, прыбытках ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці”, -- канстатаваў Харкавец. Па яго словах, зьмяншэньне прыбыткаў ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці мае аб’ектыўныя прычыны — перадусім, гэта зьмены ўмоваў пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь. Але ў цэлым недабор паступленьняў ад падаткаў і акцызаў сьведчыць пра недастатковыя тэмпы росту эканомікі.

Паводле міністра, звышплянавыя прыбыткі павінны акумулявацца ў рэзэрвовым фондзе прэзыдэнта, і задача фінансістаў — абмежаваць выдаткі бюджэту дзеля напаўняльнасьці фонду, каб рэалізаваць рашэньні Аляксандра Лукашэнкі аб падвышэньні сярэдняга заробку.

Страйк у Баранавічах


Згортваньне эканамічнай актыўнасьці вядзе да падзеньня прыбыткаў супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Людзі ўсё больш незадаволеныя ўмовамі працы і вымушаныя ісьці на скрайнія крокі. Так, 3 лютага стыхійны страйк адбыўся на Баранавіцкім аўтаагрэгатным заводзе. Каля сотні працоўных выказалі незадаволенасьць нізкімі заробкам. Завод працуе няпоўны тыдзень і бальшыня атрымліваюць усяго 150-200 тысяч рублёў. У адказ кіраўніцтва заявіла, што альтэрнатыва цяперашняму становішчу – звальненьне 300 чалавек, што таксама ня лепшае выйсьце для занятых на вытворчасьці.

Адміністрацыя тлумачыць, што завод стратны і дзеля падвышэньня прыбыткаў без радыкальных захадаў не абысьціся. Паводле аднаго з удзельнікаў страйку, рабочыя былі непрыемна зьдзіўленыя рэальнай сытуацыяй на заводзе і ніякіх патрабаваньняў вылучаць ня сталі.
Аўтаагрэгатны завод -- горадаўтваральнае прадпрыемства Баранавічаў. Тут вырабляюцца агрэгаты, вузлы і запасныя часткі да аўтамабіляў і аўтобусаў МАЗ, ГАЗ, ЗіЛ, КрАЗ, МАЗ-МАН, КамАз, Урал, ЛіАЗ, ЛАЗ, “Ікарус”, а таксама для патрэбаў чыгункі. Аднак на тле згортваньня вытворчасьці на згаданых прадпрыемствах як у Беларусі, так і ў Расеі, Украіне, Вугоршчыне патрэба ў баранавіцкіх камплектуючых істотна зьнізілася.

Рэалізацыя прадукцыі – па-ранейшаму асноўная праблема беларускіх прадпрыемстваў. Вядучы тэхнічны спэцыяліст Менскага падшыпнікавага заводу Андрэй Гардзейка кажа, што прадпрыемства зацікаўленае ў падключэньні да супрацоўніцтва гандляроў ўсіх формаў уласнасьці:

“Што тычыцца пытаньня падключэньня – няхай накіроўваюць свае прапановы, упраўленьне маркетынгу ўсе гэтыя пытаньні можа разгледзець. І калі гэта будзе ўзаемавыгадна, то мы заўсёды гатовыя. Іншае пытаньне, калі прадукцыя набываецца ў Беларусі з намерам продажу за межы краіны, то тады трэба ставіць нас у вядомасьць. Таму што ў нас, прыкладам, у Расеі досыць нядрэнна працуе тавараправодная сетка -- у адной Маскве працуюць мінімум тры дыстрыбутары. Уральскі рэгіён ахоплены, дальняе замежжа. Ва Ўкраіне зараз маем чатырох дыстрыбутараў. То бок, гандлёвая сетка працуе, яны пэрыядычна (дзесьці раз на месяц) трымаюць перад намі справаздачу – па выніках працы, па астачы, па адгрузцы прадукцыі, па спажыўцах і г.д. Таму ў нас гэта ўсё празрыста і мы гэта ўсё бачым”.

Ткачыхі напісалі Лукашэнку


Апынуўшыся ў складаным матэрыяльным становішчы, аршанскія ткачыхі напісалі ліст Аляксандру Лукашэнку. У калектыўным звароце працаўніцы мясцовага льнокамбінату патрабуюць удвая падвысіць заробак. Зараз яны атрымліваюць па 500-600 тысяч рублёў, хоць працуюць у шкодных умовах і вельмі часта — у выходныя.

Ліст з патрабаваньнем падвысіць заробак падпісалі 234 работніцы 2-й фабрыкі льнокамбінату. Яны накіравалі яго ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, бо ў горадзе ходзяць чуткі пра магчымы візыт Лукашэнкі на прадпрыемства.

Адказу зь Менску пакуль няма, затое жанчыны атрымалі папрок ад сваёй адміністрацыі. Кіраўніцтва зладзіла для незадаволеных ткачых сход, дзе ім распавялі, што шмат у каго ў Беларусі яшчэ горшыя ўмовы працы і ніжэйшыя заробкі. І сказалі, што яны паводзяць сябе непрыстойна, паколькі ў Аляксандра Лукашэнкі багата клопату і апрача іхных скаргаў.

Цяпер склады льнокамбінату запоўненыя нерэалізаванай прадукцыяй, хоць аблвыканкам спрабуе вырашыць праблему. На Віцебшчыне пашырана сетка фірмовага гандлю, ува ўсіх віцебскіх газэтах зьявілася абавязковая рубрыка, прысьвечаная ільнаводзтву, перапрацоўцы ільняной сыравіны ды новым калекцыям адзеньня зь лёну, прапанаваным мясцовымі мадэльерамі.

Крызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак перакананы, што гаротнае становішча прадпрыемстваў – у палітыцы цяперашняга кіраўніцтва, якое спрабуе ўратаваць прамысловыя гіганты, кідаючы ў іх, як у багну, вялізныя сродкі:
няма МАЗу, няма трактарнага, няма “Атланта”. Ёсьць толькі фантомы...

“Дый Лукашэнка сам пра гэта прагаварыўся. Калі вы, магчыма, чыталі мае артыкулы, то яшчэ ў 1994 годзе я ў “Звяздзе” напісаў, што няма МАЗу, няма трактарнага, няма “Атланта”. Ёсьць толькі фантомы. І тады ніхто гэтаму ня верыў. А сёньня Лукашэнка сам пра гэта кажа, даючы зразумець, што каб не гэта баляст, то было б усё інакш. Літаральнае наступнае заявіў: калі б ня гэтыя 5-6 прадпрыемстваў, то мы жылі б і квітнелі. Дарэчы, некалі ён паабяцаў народу, што прадасьць палову стратных прадпрыемстваў, а ўрэшце нічога нікому не прадаў, а толькі сабе ўсё пазабіраў. І пра гэта таксама трэба адкрыта казаць”.

Тым часам новыя нарматывы ўсталяваныя для 18 сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва, якія будуць дзейнічаць да 30 красавіка. Згодна з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям’і з чатырох чалавек складае 395 тысяч рублёў на месяц. У параўнаньні з папярэднім паказьнікам, цяперашні вырас амаль на 2%, ці на 7330 рублёў.

Лічыцца, што ў сям’і з чатырох чалавек 50% сродкаў ідзе на харчаваньне; 20% -- на адзеньне, бялізну і абутак; 11,8% -- на аплату жытла і камунальных паслугаў; 7% -- на бытавыя паслугі; 6,6% -- на транспарт, сувязь, прадметы культурна-побытавага і гаспадарчага прызначэньня, 2% -- на культурна-асьветніцкія мерапрыемствы і адпачынак.




3 лютага ў Менску пачала працу чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду. Місія падвядзе вынікі выкананьня беларускімі ўладамі праграмы stand-by, і адкарэктуе прагноз для Беларусі, у тым ліку з улікам зьмяненьня цэнаў на імпарт нафты. Ці можна прагназаваць, што гэтым разам у перамовах паміж афіцыйным Менскам і МВФ можа зьявіцца больш напружаных момантаў? Як МВФ можа ацаніць жаданьне падвысіць заробак да 500 даляраў? Адказвае эканаміст, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук
“МВФ стаў чымсьці накшталт Міністэрства эканомікі Беларусі — так глыбока ён ўлез у беларускія праблемы. МВФ, напрыклад, першым заявіў яшчэ напрыканцы восені, што Беларусь выйшла з рэцэсіі. Урад, аднак, па сутнасьці не адмовіўся ад плянавай эканомікі. І толькі праз замежныя крэдыты і ўнутранае крэдытаваньне былі намаляваныя гэтыя 0,2% росту. Безумоўна, дыялёг будзе больш жорсткім. Бо беларускі ўрад ня выканаў шэраг вельмі важных рэчаў: ня створанае агенцтва па прыватызацыі, не прыняты закон аб прыватызацыі, Нацбанк ня стаў больш незалежным. Больш за тое, тэмпы росту крэдытаваньня беларускай эканомікі павялічыліся ў канцы 2009 году. А тое, што ў сьнежні была сур’ёзна павялічаная рублёвая маса — гэта сьведчыць, што Нацбанк не праводзіць дастаткова жорсткай палітыкі, каб забясьпечыць макраэканамічную стабілізацыю”.

Эўразьвяз грошы пакуль не дае


Аднак Беларусь пакуль не атрымае ад Эўразьвязу фінансавую дапамогу ў памеры амаль 300 мільёнаў даляраў. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе МВФ, надрукаваным па выніках трэцяга агляду выкананьня беларускім урадам праграмы stand-by. Першапачаткова чакалася, што сродкі паступяць яшчэ ў чацьвёртым квартале 2009-га.

У дакладзе адзначаецца, што затрымка выкліканая рашэньнем, паводле якога ўсе просьбы аб макрафінансаваньні павінны разглядацца новай Эўракамісіяй, склад якой будзе зацьверджаны 9 лютага. Гэта, у сваю чаргу, затрымае разгляд пытаньня аб выдзяленьні дапамогі, паколькі крэдыт павінен быць абмеркаваны і зацьверджаны Эўрапарлямэнтам.

У дакладзе гаворыцца: існуе рызыка, што прадстаўленьне сродкаў не адбудзецца ў акрэсьлены праграмай пэрыяд -- да канца сакавіка 2010 году. На гэтым тле ўлады Беларусі заявілі аб гатоўнасьці прыняць захады, якія зьнізяць патрэбу ў зьнешнім фінансаваньні прыблізна на 300 мільёнаў даляраў. Крокі могуць уключаць, у прыватнасьці, некаторае зьніжэньне бюджэтных выдаткаў. Акрамя таго, працягваецца пошук альтэрнатыўных крыніцаў фінансаваньня для кампэнсацыі недастатковага паступленьня ў бюджэт.

27 студзеня кіраўнік Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч заявіў, што новыя ўмовы паставак расейскай нафты ў Беларусь пацягнуць дадатковыя валютныя выдаткі. А гэта ставіць задачу прыцягненьня зьнешніх рэсурсаў, у тым ліку ад МВФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG